Дажджы не паставiлi сеялкам шлагбаум
- Як не шанцуе, дык не шанцуе! — гэта былі першыя словы пры нашай сустрэчы галоўнага агранома СВК «Маяк-Браслаўскі» Валянціны Таўкінь. — Летась азімыя сапрэлі пад снегам, а сёлета з-за яго адсутнасці палова вымерзла. А рапс — поўнасцю.
Гэта значыць, што да 2,5 тысячы гектараў яравой сяўбы дабавілася яшчэ тысяча гектараў перасеву. Праўда, ёсць тэхніка, людзі, насенне, гаручае. Здолелі забяспечыць сябе самі, у адрозненне ад некаторых гаспадарак, і мінеральнымі ўдабрэннямі. Здолеюць, упэўнены ў гаспадарцы, і адсеяцца ў тэрміны.
На пасяўной працуюць ажно пяць атрадаў. Адзін з іх — на полі ля вёскі Дамашы. Галоўная ўдарная сіла тут — «МТЗ-3022», якім кіруе Васіль Кажоха. Трактару ўжо шосты год, а выглядае ён дабра і не падводзіць пакуль што свайго гаспадара.
Зернем сеялку Васілю запраўляў вадзіцель Опсаўскай пагранзаставы Алег Мацук.
— На дапамогу «маякоўцам» прыходжу ўжо пяты год, — паведаў ён. — І на пасяўную, і на ўборачную. На баяздольнасць заставы гэта не ўплывае.
Трэба зазначыць, што ў гаспадаркі з пагранічнікамі наладжана цесная сувязь. Яна забяспечвае байцоў гароднінай, мясам, а тыя ў сваю чаргу падсабляюць па магчымасці. Вось і сёлета адправілі на вясенне-палявыя работы трох чалавек.
Што тычыцца пасяўной, то яе адметнасцю ў гаспадарцы з’яўляецца тое, што пасля працяглых дажджоў глеба раскісла, і не на кожнае поле ўз’едзеш цяжкім пасяўным агрэгатам. Але і тут знайшлі выйсце: у работу ўключаны 4 поўнасцю адноўленыя лёгкія сеялкі СЗТ-3,6. Выгада ад гэтага двайная: засяваецца поле зернем і адначасова ідзе падсеў траў. Да 60 гектараў у дзень.
Як сказаў начальнік Браслаўскага райсельгасхарчу Максім Чагарын, яравы клін зойме ў раёне 18700 гектараў. Давядзецца перасеяць 35 працэнтаў азімых. Акрамя СВК «Браслаўскі», у лідарах на вясенніх палявых работах ААТ «Агра-Відзы» і «Друйскі». У цэлым за дзень засяваецца па паўтысячы гектараў. З паляпшэннем надвор’я раён выйдзе на 800 гектараў.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара