Бюджэту Беларусі не хапае $750 мільёнаў. Мінфін: Грошы браць няма адкуль
Дэфіцыт бюджэту Беларусі па выніках 2013 года, імаверна, дасягне 7 трыльёнаў рублёў. Гэта каля $750 мільёнаў у эквіваленце.
"Нават прыцягненне дадатковых даходаў і маштабнае абмежаванне выдаткаў не дазваляюць ліквідаваць разрыў", – заявіў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.
Гэтая ацэнка была зроблена па выніках работы эканомікі за студзень-верасень 2013 года.
"Для звядзення балансу спатрэбіцца выкарыстоўваць раней назапашаныя рэшткі сродкаў бюджэту, якія пераважна сфарміраваны за кошт сродкаў фонду нацыянальнага развіцця. Іншыя рэзервы ў дадзены момант практычна вычарпалі сябе", – цытуе Ермаловіча «Інтэрфакс».
У Фонд нацыянальнага развіцця пералічваюць частку прыбытку высокарэнтабельныя прадпрыемства – нафтаперапрацоўчыя заводы, "Беларуськалій" ды іншыя.
Намеснік міністра фінансаў адзначае, што магчымасці па скарачэнні дэфіцыту за кошт далейшага змяншэння выдаткаў вельмі абмежаваныя:
"Далейшае зніжэнне фінансавання немінуча пацягне за сабой пагаршэнне ўмоваў працы для бюджэтнага сектара".
"Наша ніва".
Фота ukr-advokat.org.ua