Якія парушэнні знайшлі ў вілейскім “Еўраопце”?
Санітарна-эпідэміялагічная служба Вілейскага раёна 22 кастрычніка правяла праверку магазіна, які належыць найбуйнейшай гандлёвай сетцы Беларусі – таварыству з абмежаванай адказнасцю “Еўрагандаль”.
Сумесны са спецыялістамі аддзела эканомікі райвыканкама рэйд выявіў масу праблем у вядучага прадстаўніка харчовага рынку раёна. Службовыя асобы прадпрыемства не заўсёды з поўнай адказнасцю ставяцца да ажыццяўлення вытворчага кантролю пры вытворчасці, рэалізацыі, захоўванні, транспарціроўцы харчовай сыравіны і (або) харчовых прадуктаў – парушэнне дзеючага заканадаўства носяць масавы характар.
Пакупнікам прапануюць пратэрмінаваны тавар, а таксама тавар, які страціў свае першапачатковыя паказчыкі якасці ў працэсе захоўвання ў краме. Кулінарная прадукцыя не рыхтуецца партыямі па меры яе попыту і рэалізацыі, дапушчана змешванне толькі прыгатаваных харчовых прадуктаў з рэшткамі прадуктаў ад папярэдняга дня. Не забяспечана пастаянная наяўнасць сродкаў для дэзынфекцыі рук работнікаў каля ўмывальніка ў цэху па вытворчасці мясных паўфабрыкатаў. Якасць чысціні абсталявання, інвентару і тары перад іх выкарыстаннем візуальна не падвяргаецца кантролю.
Органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду прыпыненая эксплуатацыя цэха вытворчасці мясных паўфабрыкатаў у магазіне да прывядзення яго ў адпаведнасці з патрабаваннямі гігіенічных нарматываў. Выключаныя з рэалізацыі харчовыя прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці агульнай вагой амаль сем з паловай кілаграмаў. Пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да вінаватых службовых асоб і юрыдычнай асобы ТАА “Еўрагандаль”.
Санітарна-эпідэміялагічная служба рэкамендуе пакупнікам: у мэтах захавання здароўя неабходна звяртаць увагу на знешні выгляд прадукту, наяўнасць на спажывецкай ўпакоўцы маркіроўкі даты выпрацоўкі і тэрміну прыдатнасці прадукту.
Кантроль за станам спажывецкага рынку працягваецца.
Наталля Жаўняровіч,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Вілейскага раёна.
Фота govorim.by