«Галоўнае – не падвёў аграсэрвіс!»
Генадзя Бабіцкага давялося добра пашукаць. Забраўся ён на сваім трактары МТЗ-2822 з сямікорпуснымі плугамі ажно на самую мяжу з Мінскай вобласцю, дзе ля вёскі Куты рыхтаваў сярод лесу поле пад сяўбу рапсу.
— Сапраўдны кут, нездарма вёска носіць падобную назву, — цісну пры сустрэчы руку падцягнутаму каржакаватаму хлопцу. — І як вы самі толькі знаходзіце гэтыя ўчасткі?
— А нам не прывыкаць! — кідае ён. — Зямлі ў падсобнай гаспадарцы сапраўды шмат. Адсюль да Беразіно, дзе заканчваецца, паўсотні кіламетраў. Як піць даць. І такіх загагулін шмат. Але я тут трынаццаць год ужо, і ўсе іх ведаю. Ніякіх суправаджальнікаў не трэба.
— Абед як? У сухамятку даводзіцца? Дзеля аднаго чалавека не павязуць? — выказваю сумненне.
— Не, якраз нядаўна перакусіў. Не забыліся. У нас з гэтым строга. І падвячорак яшчэ будзе.
— Так позна працуеце?
— Самая гарачая пара цяпер, — змахвае кропелькі поту з ілба. — Трэба паспець падрыхтаваць глебу пад сяўбу азімых. Пачынаем работу ў 6 гадзін раніцы і заканчваем у 9 вечара.
— Цяжкавата вытрымаць?
— Мы то якраз вытрымліваем, хоць і сапраўды не надта салодка, а вось жалеза ломіцца, зношваецца. Лемешы на плугах мяняю праз кожныя трыста гектараў, а далоты — праз трыццаць, або раз у два дні. Адных гаек даводзіцца перакруціць колькі!...
— Норму даяце?
— Норму? — перапытвае. — Паўтары-дзве даю! Гэта 20—25 гектараў, калі не трэба асабліва круціцца.
Спакваля спрабую перавесці гаворку пра конкурс «Белагра».
— Я ўжо і забыўся пра яго, — глядзіць некалькі разгублена. — Зрабіў, што там прасілі... Спачатку была тэорыя. Адказвалі на пытанні па камп’ютару. З дзесяці пытанняў правільна адказаў на восем. Дапамагла практыка. Потым выдзелілі ўчастак узараць. Пасадзілі на трактар, не такі, як тут у мяне, да якога прывык, на меншы, МТЗ-1523. І плуг пяцікорпусны. Яму і чатырох занадта. Ледзь цягнуў. Неяк управіўся. Пасля глыбіню ворыва замералі. Ну і вызначылі мне трэцяе месца. Каб трактар быў, як мой, ды каб не хваляваўся трохі, то можа б і вышэйшае ўзяў. Але і гэта добра. Не дзеля славы выступаў. Галоўнае — не падвёў аграсервіс.
— А чаму менавіта вас паслалі?
— Дык я ж чатыры гады назад быў на такім жа конкурсе. Другое месца тады ўзяў.
...Нарадзіўся Генадзь Бабіцкі ў Віцебску. Не споўнілася малому і года, як сям’я пераехала ў Докшыцкі раён, вёску Пруднікі, на радзіму маці. Бацька Мікалай працаваў механізатрам, быў знакамітым камбайнерам. Часта браў з сабою і Генадзя. Тады сын і «захварэў» тэхнікай. Пасля арміі прапаноўвалі яму “цёплае” месца ў фірме, немалыя грошы. Не клюнуў на «лёгкі хлеб».
— Генадзь Бабіцкі — вельмі адказны работнік. Ён усюды ўпраўляецца: і на ворыве глебы, і на сяўбе, і на ўборцы траў, і на вывазцы арганікі. Вельмі станоўчы чалавек — такую характарыстыку свайму падначаленаму дае дырэктар ААТ «Докшыцкі райаграсервіс» Мікалай Шульгат.
....Механізатар зноў залез у кабіну трактара. Рытмічна зататакаў матор. Свежая ралля за плугамі клалася раўнюткай паласой: не было бачна ні груд, ні загрыўкаў. Майстар ёсць майстар!