Як стаць старшынёй?
Тэорыя і практыка "прызямлення"
У Мінскай вобласці лічаць, што ўчарашні студэнт здольны заняць кіруючую пасаду ў арганізацыі аграпрамысловага комплексу — пры ўмове правільнага падыходу да падрыхтоўкі такіх кіраўнікоў.
Першы вучэбна-практычны цэнтр, створаны з гэтай мэтай, пачаў сваю працу на базе агракамбіната "Ждановічы". 24 лепшыя студэнты-пяцікурснікі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта два тыдні праходзяць практыку ў перадавой гаспадарцы вобласці, каб увачавідкі пазнаёміцца з тым, што дагэтуль яны вывучалі на лекцыях. Прычым, як паабяцаў генеральны дырэктар агракамбіната Рыгор Чуйко, студэнты ўбачаць не толькі самае лепшае, але і тое, што яшчэ патрабуе дапрацоўкі на камбінаце. "Мы любыя заўвагі прымаем", — сказаў ён практыкантам. У сваю чаргу, спецыялісты "Ждановічаў" прыглядаюцца да студэнтаў — не выключана, што кагосьці з іх запросяць сюды на працу.
Як замацаваць таленавітыя кіруючыя кадры ў сельскагаспадарчых арганізацыях, на Міншчыне (а яна вырабляе чвэрць сельскагаспадарчай прадукцыі ў Беларусі) задумаліся даўно. Зразумела, многіх прываблівае тое, што маладым спецыялістам тут выдзяляюць жыллё. Напрыклад, летась выдзелілі больш за 90 дамоў, 71 кватэру, больш за 200 месцаў у інтэрнатах, а некаторыя выпускнікі паехалі працаваць дадому. Зразумела, што два гады па размеркаванні працуюць усе (ці амаль усе), а вось потым на сваіх месцах застаецца толькі крыху больш за палову маладых спецыялістаў. Астатніх не затрымлівае ні наяўнасць жылля ці перспектыва яго набыцця, ні даплаты, якія складаюць адну тарыфную стаўку 1-га разраду да зарплаты ў першыя два гады працы, і тры — на працягу наступных трох гадоў. Сёння ў Мінскай вобласці не хапае 18% спецыялістаў у сельскай гаспадарцы, і гэта прыкметна менш, чым было яшчэ летась, так што справа пакрысе рухаецца. Дарэчы, у вобласці ўжо ёсць паспяховы вопыт працы нядаўняга студэнта на пасадзе старшыні СВК. Дзяніс Захарчук, якому яшчэ не споўнілася і трыццаці, ужо некалькі гадоў кіруе сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам "Каганец" Стаўбцоўскага раёна.
Праўда, пакуль большасць кіраўнікоў у гаспадарках Міншчыны — людзі пяцідзесяцігадовага ўзросту і старэй. Таму як ніколі тут адчуваюць патрэбу ў маладых таленавітых кадрах. Вядома, не ўсе цяперашнія практыканты агракамбіната "Ждановічы" трапяць у гаспадаркі такога ўзроўню, але кожны з іх павінен ведаць, да чаго неабходна імкнуцца. Так, у першы дзень заняткаў хлопцаў і адзіную ў групе дзяўчыну Алу Грыбоўскую пачалі знаёміць з працай адной з цяпліц камбіната ў вёсцы Багатырова, дзе вырошчваюцца таматы. Таксама — з работай малочнатаварнай фермы закончанага цыклу ў вёсцы Табары і цэха захоўвання гародніны ў ёй жа. А яшчэ расказалі пра тое, як у "Ждановічах" разво- дзяць чмяліныя сем'і для апылення тых самых таматаў: сёлета ў спецыяльнай лабараторыі агракамбіната збіраюцца вывесці больш за дзве тысячы такіх сем'яў — для сябе і на продаж.
У першай групе студэнтаў, якіх накіравалі ў "Ждановічы", — будучыя інжынеры. Аляксандр Зуеўскі з Мядзельшчыны і яго цёзка са Стаўбцоўшчыны Аляксандр Гарохавік хутка атрымаюць дыпломы інжынераў-энергетыкаў. Дзе будуць працаваць, ужо ведаюць: абодва вернуцца на радзіму — у Мядзел і ў вёску Дзераўная. А тое, што ім выпаў шанц прайсці пераддыпломную практыку на агракамбінаце "Ждановічы", лічаць сваёй удачай. Дарэчы, гэтая гаспадарка не адзіная, дзе ў Мінскай вобласці будуць праходзіць практычнае навучанне студэнты аграрна-тэхнічных ВНУ. Напрыканцы лютага група пяцікурснікаў накіруецца ў вучэбна-практычны цэнтр агракамбіната "Дзяржынскі". У жніўні пачнуць працаваць падобныя ўстановы на 1-ай Мінскай птушкафабрыцы і на агракамбінаце "Сноў". Гэтыя арганізацыі абраны для навучання студэнтаў невыпадкова: яны не толькі адны з лепшых у вобласці, але яшчэ і дазваляюць убачыць на свае вочы розныя галіны аграрнапрамысловай вытворчасці: і жывёлагадоўлю, і раслінаводства, і птушкагадоўлю, і г.д. І, можа, галоўнае, чаму моладзь атрымае магчымасць павучыцца, — гэта ўменне працаваць з людзьмі, уменне кіраваць. Іншае пытанне, як, стаўшы кіраўніком, быць ім не толькі па пасадзе, а і па сваёй сутнасці. Як быць такім кіраўніком, які і вытворчы працэс дасканала наладзіць, і сапраўдную каманду здолее стварыць? Задача, як мне здаецца, куды больш складаная, чым заканчэнне ВНУ ці каледжа. Магчыма, вырашаць яе многім прыйдзецца доўгія гады, калі не ўсё жыццё.
Марына Хідджаз.