Якасць ці кошт?

Источник материала:  

Каб тавар вытрымаў канкурэнцыю, ён павінен быць якасным — гэта найважнейшая аксіёма рынку. Пэўную ролю адыгрывае і кошт прадукцыі. То чаму ж не вырабляць рэчы якасныя і танныя?

На пасяджэнні Баранавіцкага райвыканкама начальнік райсельгасхарча Міхаіл Палуян прывёў лічбу, якая ўражвае. Сёлета за сезон у раёне было зафіксавана 239 выпадкаў паломкі тэхнікі, якая знаходзілася на гарантыі. Сэрвісная служба не паспявала рамантаваць тэхніку. А калі падчас жніва са строю выходзіць камбайн, то гэты факт неабходна разглядаць як надзвычайную сітуацыю. Былі выпадкі, калі новая тэхніка паламанай стаяла месяц ці больш. Прэтэнзіі да якасці нашай тэхнікі ёсць, але даводзілася чуць і наступнае:

Якасць ці кошт?— З кожнай мадэрнізацыяй нашы камбайны становяцца лепшымі. Напрыклад, камбайн "Палессе" ў нас працуе тры гады без паломак, — заявіў пераможца ў рэспубліканскім спаборніцтве Уладзімір Ганчароў з СВК "Крошын".

Значыць, не ўсё адназначна. І тут цікава заглянуць у нашу гісторыю.

Чаму ў былым Саюзе ракеты маглі запускаць, а вось прыстойны легкавы аўтамабіль не здолелі выпусціць? Завод па вырабе легкавушак былі вымушаны закупіць у Італіі.

На вытворчасць ракет дзяржава кінула ўвесь перадавы навукова-тэхнічны патэнцыял і ўзяла працэс пад жорсткі кантроль. Кожны рабочы і інжынер ведаў: за памылку яму могуць "прышыць" крымінал. Атрымлівалася, што савецкі чалавек мог працаваць, калі быў пастаўлены ў рамкі "крок налева, крок направа..."

А якая якасць будзе ў "Жыгулёў", то мала каго турбавала. Хацелася толькі, каб іх выпускалі як мага больш.

І сёння Расія знайшла выйсце — перадала свой аўтапрам замежным фірмам. Але і тут атрымалася накладка. Пакупнік насцярожана ставіцца да іншамарак, сабраных у Расіі, бо вялікі працэнт камплектуючых на "Фордах", "Таётах", "Фальксвагенах" выраблены на расійскіх заводах, ды і зборка вядзецца рукамі мясцовага люду.

А калі пачуў, што мадэрнізацыю старэйшага ў Расіі ваеннага палігона пад Муліна (давялося там пабываць) будзе рабіць Германія, то далей няма куды.

У вытворчасці танных тавараў можна ісці і кітайскім шляхам. А гэта значыць, што нярэдка перавага будзе аддавацца нізкай цане, а не высокай якасці. Галоўнае — больш выпусціць таннай прадукцыі і хутчэй збыць яе.

Калі купляеце сыну дзіцячы пісталет кітайскай вытворчасці, то з яго ваш унук не будзе страляць. А сыну хопіць, каб разоў сто пстрыкнуць, затым адляціць непрыкметная штучка, і пісталет рамонту не падлягае — трэба купляць новы. Паломка запраграмавана канструктарам.

Калі немцы робяць стаўку на якасць, то ў некаторых краінах — на невысокі кошт сваіх тавараў, якія разлічаны на бедныя слаі насельніцтва.

Нягледзячы на розныя недапрацоўкі, тавары беларускай вытворчасці па якасці даволі высокія. Напрыклад, абутак нашых прадпрыемстваў значна лепшы, чым расійскі, якім завалены беларускія рынкі. Прывазны тавар таннейшы за свой, але не доўга пакупнік будзе тыя чаравікі насіць.

А хіба з беларускімі баваўнянымі тканінамі могуць канкурыраваць па якасці расійскія? Не, бо на тым жа Баранавіцкім аб'яднанні прадукцыя больш моцная. Тут яшчэ не адмовіліся ад савецкіх стандартаў. А паркаль расійскай вытворчасці ўжо мае падабенства з марляй. Бяда ў тым, што нашы тканіны, як правіла, падводзіць мастацкае афармленне, ды і цана больш высокая. За якасць трэба плаціць.

Дык якім шляхам павінны ісці беларускія вытворцы? Будуць вырабляць прадукцыю якасную ці аддадуць перавагу таннай? Пераважная колькасць спажыўцоў вызначылася і жадае купляць якасны тавар. Іншая справа, што не кожны мае на яго грошы.

Кіраўнікі нашых прадпрыемстваў не супраць беларускай тэхнікі, хоць бы таму, што ў абслугоўванні яна значна таннейшая, але ў пераважнай большасці хацелі б мець і замежную.

— Дайце мне яшчэ два "Джон Дзіры" і калектыў можна скараціць удвая, — сказаў аднойчы пры сустрэчы старшыня СВК "Аграфірма Малеч" (Бярозаўскі раён) Іван Данілевіч.

Заходняя тэхніка дарагая, але і мае істотную перавагу — эфектыўнасць. Нават плугі да трактара імкнуцца набыць імпартныя — з імі менш праблем. Прамысловасць павінна працаваць на спажыўца, а ён патрабуе якасць. У Адзінай эканамічнай прасторы беларускай прадукцыі давядзецца вытрымліваць сур'ёзную канкурэнцыю не толькі з боку расійскіх кампаній, але і сумесных прадпрыемстваў. У Расіі даўно гаспадараць заходнія фірмы.

У нас фактычна і няма прасторы для манеўру. Рынак таннай прадукцыі ўжо заняты, і з краінамі, якія яе выпускаюць, мы канкурыраваць не зможам. Застаецца падцягваць вытворчасць да сусветных стандартаў — рабіць стаўку на якасць.

Сымон Свістуновіч.

←Анонс «Экономической газеты» N 88 за 15 ноября 2011 г.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика