У Беларусі апошнім часам расце колькасць замежных грамадзян, якія прыязджаюць на працу па заключаных працоўных дагаворах і кантрактах, і змяншаецца колькасць беларусаў, якія афіцыйна едуць на працу за мяжу.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 8 снежня паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення знешняй працоўнай міграцыі, бежанцаў і прыстанішча дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксандр Татура.
Паводле яго слоў, калі год-два таму на працу за мяжу выязджала прыкладна 4,5 тысячы грамадзян Беларусі, прыязджала — каля 4 тысяч замежных грамадзян, то ў 2010 годзе сітуацыя памянялася. Цяпер гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна каля 4 і больш за 5 тысяч чалавек. Такое становішча Татура растлумачыў у тым ліку сітуацыяй на міжнародным рынку працы, рынку працы ў краінах-суседзях і ў самой Беларусі.
Пры гэтым ён прывёў даныя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны за 2008 год, паводле якіх каля 300 тысяч грамадзян Беларусі зацікаўленыя ў выездзе на працу за мяжу.