Пуціну з Сідорскім не ўдалося вырашыць спрэчныя пытанні

Источник материала:  
08.12.2010 15:10 — Новости Экономики

Пуціну з Сідорскім не ўдалося вырашыць спрэчныя пытанні
photolenta.ru

Перамовы прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі Сяргея Сідорскага і Уладзіміра Пуціна ў падмаскоўным Нова-Агарове завяршыліся. Кансультацыі будуць працягвацца на ўзроўні экспертаў,

паведаміў журналістам 8 снежня прэс-сакратар кіраўніка расійскага ўрада Дзмітрый Пяскоў па выніках сустрэчы прэм’ераў.

***

Як паведамляе РІА Новости, планавалася, што пасля перамоў Пуцін і Сідорскі выйдуць да прэсы, аднак, як заявіў Пяскоў, ніякіх заяваў не будзе.

Паводле слоў прэс-сакратара, бакам пакуль не ўдалося дамовіцца па ўсіх спрэчных пытаннях. «Раз перамовы будуць працягвацца, адпаведна не па ўсіх параметрах удалося дамовіцца.

Пакуль застаюцца пытанні, якія патрабуюць працягу перамоў», — сказаў Пяскоў, не канкрэтызуючы.

Як паведамлялася раней, у пачатку сустрэчы Уладзімір Пуцін заявіў, што падчас сённяшніх перамоў разлічвае вырашыць усе астатнія пытанні па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

«Сустракаемся, як і дамаўляліся, у сувязі з фактычным заканчэннем сумеснай працы над вялікім пакетам дакументаў, які павінен быць пакладзены ў аснову Адзінай эканамічнай прасторы трох краін — Расіі, Беларусі і Казахстана», — сказаў Пуцін.

«Але, як мы і дамаўляліся, — працягнуў ён, — ёсць пэўныя пытанні, вельмі адчувальныя для эканомікі Расіі і для эканомікі Беларусі, якія мы павінны ўрэгуляваць у двухбаковым фармаце для таго, каб увесь пакет па Адзінай эканамічнай прасторы быў запушчаны ў рэальнае жыццё».

У сваю чаргу Сяргей Сідорскі зазначыў: беларускі бок разлічвае да канца гэтага года вырашыць усе пытанні, звязаныя з пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны.

«Ёсць шэраг пытанняў, што тычацца паставак вуглевадароднай сыравіны, я хацеў бы, каб мы іх абгаварылі і з пачатку года нашы эканомікі працавалі эфектыўна», — заявіў Сідорскі.

Беларускі прэм’ер паведаміў, што дакументы па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы з боку Беларусі «знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці». «Але ёсць шэраг пытанняў, якія неабходна абмеркаваць», — падкрэсліў ён.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка дадаў, што беларуская дэлегацыя вядзе перамовы ў Маскве з 30 лістапада. «Мы па многіх пытаннях прасунуліся», — паведаміў Сямашка.

Асноўная супярэчнасць у расійска-беларускіх перамовах па АЭП — пытанне экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Расія ў межах фарміравання АЭП гатова адмовіцца ад экспартных пошлін на нафту, калі Беларусь пагодзіцца пералічваць у расійскі бюджэт вывазныя пошліны на нафтапрадукты ў поўным аб’ёме. Мінск такі варыянт не задавальняе.

У Маскве таксама заяўляюць, што ў выпадку ратыфікацыі да канца 2010 года пакета дакументаў па АЭП усімі трыма краінамі Мытнага саюза — Расіяй, Беларуссю і Казахстанам — пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь могуць стаць бяспошліннымі ў поўным аб’ёме ўжо з 1 студзеня.

Падзяліцца навіной: 
БелаПАН

←В Минске пройдет заседание Межправительственного совета по вопросам агропромышленного комплекса СНГ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика