Сідорскі: Беларусь разлічвае да канца года вырашыць пытанні паставак нафты і газу з Расіі
«Ёсць шэраг пытанняў, якія тычацца паставак вуглевадароднай сыравіны, я хацеў бы, каб мы іх абгаварылі і з пачатку года нашы эканомікі працавалі эфектыўна», — цытуе Сідорскага РІА Новости.
Беларускі прэм’ер паведаміў, што дакументы па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы з боку Беларусі «знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці». «Але ёсць шэраг пытанняў, якія неабходна агаварыць», — дадаў ён.
Першы
Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, разлічвае на сённяшніх перамовах з беларускай дэлегацыяй вырашыць усе пытанні, што засталіся, па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).
«Сустракаемся, як і дамаўляліся, у сувязі з фактычным заканчэннем сумеснай працы над вялікім пакетам дакументаў, які павінен быць пакладзены ў аснову Адзінай эканамічнай прасторы трох краін — Расіі, Беларусі і Казахстана», — сказаў Пуцін.
«Але, — прадоўжыў ён, — як мы і дамаўляліся, ёсць некаторыя пытанні, вельмі адчувальныя для эканомік Расіі і для эканомікі Беларусі, якія мы павінны ўрэгуляваць у двухбаковым фармаце для таго, каб ўвесь пакет па Адзінай эканамічнай прасторы быў запушчаны ў рэальнае жыццё».
Як паведамлялася раней, рашэнне аб сённяшняй сустрэчы было прынята Пуціным і Сідорскім напярэдадні вечарам падчас тэлефоннай размовы. Прэм’еры, у прыватнасці, дамовіліся ўзгадніць усе пытанні, што тычацца стварэння АЭП, да сустрэчы прэзідэнтаў.
На 9 снежня ў Маскве запланавана пасяджэнне вышэйшых органаў Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана і ЕўрАзЭС.
У лістападзе на пасяджэнні ўрада РФ Уладзімір Пуцін заяўляў: «Калі ратыфікацыя ўсяго пакета па Адзінай эканамічнай прасторы адбудзецца раней за 1 студзеня 2012 года, то мы адпаведным чынам адрэагуем у нашых узаемаадносінах у сферы эканамічнага супрацоўніцтва, у прыватнасці ў сферы энергетыкі, па пытанні прымянення або непрымянення мытных пошлін на некаторыя віды тавараў».
Мяркуецца, што АЭП стане наступнай ступенню інтэграцыі краін Мытнага саюза. Яна будзе прадугледжваць свабодны рух тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы, узгодненую макраэканамічную палітыку.
БелаПАН