Пачынаецца паляванне на сталічныя кватэры

Источник материала:  
04.08.2010 09:55 — Новости Экономики
Пачынаецца паляванне на сталічныя кватэрыУжо сёння самае ліквіднае аднапакаёвае жыллё ў Мінску падаражэла прыкладна на 10-30 долараў. Не ўсе кліенты цяпер згодныя з такімі цэннікамі, аднак... За апошні тыдзень прапанова істотна паменшылася, бо ўладальнікі "зручных" кватэр, што побач з навучальнымі ўстановамі і ўздоўж ліній метро, "прытрымліваюць" іх да лепшых часоў, каб ужо ў другой палове жніўня здаць значна даражэй.

Як і за колькі шукаць жыллё?

Днямі да мяне звярнуўся мой даўні сябар Аляксей з райцэнтра Брэстчыны і папрасіў знайсці для яго дачкі-першакурсніцы невялікую, чыстую з мэбляй, але танную кватэру. Я адразу заўважыў, што цяпер у Мінску танных і адначасова прыстойных кватэр ужо не існуе, але... Сябар зрабіў заказ, які трэба было выконваць.

У свой час я сам з сям'ёй на працягу больш як 10 гадоў здымаў кватэры. Праўда, адшукаць іх тады мне было крыху прасцей. Мы актыўна клеілі аб'яўкі на слупах і стэндах у пад'ездах, знаёміліся з бабулямі, якія адпачывалі на лаўках вакол старых пяціпавярховых дамоў, беспардонна "напружвалі" ўсіх знаёмых і сяброў сваёй жыллёвай праблемай. І праблема вырашалася на гэтым дылетанцкім узроўні. Сёння такі ідэальны для кішэні механізм ужо амаль не дзейнічае. Свежыя прыватныя аб'яўкі на стэндах "жывуць" не больш за 1-2 гадзіны, бо потым іх заклейваюць іншыя канкурэнты або здзіраюць дворнікі і іншыя работнікі ЖЭСаў. У знаёмых адшукаць свабоднае жыллё таксама складана, бо людзі цяпер разлічваюць атрымліваць ад нерухомасці максімальны прыбытак, а знаёмым прапаноўваць жыллё па максімальным кошце неяк непрыгожа.

Калі па гэтых напрамках вы спрацавалі на "нуль", тады застаецца пошук праз агенцтвы нерухомасці. Тут існуе два варыянты. Танны варыянт каштуе 175 тысяч, калі вам прапануюць заключыць дагавор аб аказанні інфармацыйных паслуг. Дагавор трэба аплачваць адразу і ў поўным аб'ёме. Пасля спецыяліст фірмы дасць кліенту некалькі варыянтаў быццам бы цудоўных і танных кватэр, з гаспадарамі якіх неабходна ўжо самастойна дамаўляцца пра сустрэчу, наведаць жыллё, дзе канчаткова вырашаць пытанні пра кошт і ўмовы арэнды. Чалавеку, які такім чынам упершыню шукае сабе часовае жыллё, знайсці сапраўды свой зручны варыянт вельмі складана. Кватэра, якую вам "увапхнулі" як эксклюзіўны варыянт, можа быць ужо здадзена або кошт на яе за апошнія суткі істотна павялічыўся. Калі вам пашанцавала і вы сустрэліся з гаспадаром, то існуе верагоднасць таго, што якасць кватэры не адпавядае заяўленым параметрам, існуюць праблемы з суседзямі, сам уласнік жылля або напалову "спалоханы" і ўжывае гарэлку, ці, наадварот, ужо яму не спадабаецца ваш узрост, выгляд, прафесія, адсутнасць мінскай прапіскі ці чаго-небудзь яшчэ. Фірма, якая прапануе кліентам за 175 тысяч толькі адрас жылля, гэтымі пытаннямі скрупулёзна займацца не будзе. Будучы кватарант-навічок пры такім раскладзе сапсуе нервы і згубіць шмат часу, часта безвынікова.

Другі варыянт прадугледжвае аплату паслугі па факце яе выканання. Такім механізмам карыстаюцца салідныя агенцтвы з вялікім тэрмінам працы. Праўда, паслуга "пад ключ" каштуе ўжо 350 тысяч рублёў. Па такой схеме кліент толькі тэлефануе ў агенцтва і пакідае свой заказ з нумарам уласнага мабільніка ці стацыянара. Падчас прымання заказу спецыяліст знаёміцца з кліентам вельмі добра, каб ведаць пра яго амаль усё. Агент па аперацыях з жыллёвай нерухомасцю агенцтва нерухомасці "Дзінас" Іна Кульша размаўляла з маім сябрам Аляксеем каля 20 хвілін. Спецыяліст агенцтва не толькі дасканала даведалася пра ўсе нюансы будучых кватарантаў, але і ўдакладняла ўмовы заказчыка. Кваліфікаваны спецыяліст агенцтва павінен растлумачыць заказчыку тое, што за мінімальны кошт кватэра будзе адпаведнай якасці. Заказ на таннае і якаснае жыллё можа завіснуць на працяглы час.

Ліквідная кватэра побач з метро - мінімум 270 USD

У апошні тыдзень на сталічным рынку арэнды жылля кошт на кватэры павялічваецца за кошт актыўнасці бацькоў маладых студэнтаў, якія трапілі ў вялікі горад упершыню. Цяпер назіраецца першая хваля, калі пра свой лёс даведаліся першакурснікі-бюджэтнікі. Вялікай колькасці гэтых першакурснікаў прапаноўваюцца месцы ў інтэрнатах, аднак у багатых бацькоў на гэты конт ёсць свой погляд. Разам з попытам павялічваецца і кошт на жыллё.

Самыя хадавыя (звычайныя стандартныя) кватэры ў спальных раёнах, якія раней каштавалі 220-230 долараў, цяпер прапануюцца за 230-250 долараў. Так, у Мінску існуюць кватэры самай рознай якасці, аднак... Спецыялісты ўпэўнены, што праз тыдзень-два, нават самыя дрэнныя па якасці кватэры будуць каштаваць не менш як 200-220 долараў. Ужо сёння сярэднія па якасці аднапакаёвыя кватэры недалёка ад лініі метро каштуюць 250-280 долараў. Крыху лепшыя па якасці аднапакаёвыя кватэры побач з метро, з не вельмі старой мэбляй і сучаснай бытавой тэхнікай, каштуюць ужо 300—350 долараў у месяц.

У цэнтры якасныя аднапакаёвыя кватэры таксама сезонна падаражэлі. Насамрэч студэнтам дарагія кватэры здаваць ніхто не збіраецца, аднак на хвалі ажыятажу яны ўжо сёння каштуюць ад 350 да 500 долараў. Праўда, пакуль што кватэры па такім кошце на рынку працягваюць "вісець".

Крыху павялічыўся кошт і на двухпакаёвыя кватэры, якія сёння прапануюцца ўжо за 280—300 долараў. У спальных раёнах "двушкі" каштуюць каля 300-350 долараў, а ў цэнтры — каля 400—450.

Самымі таннымі сёння застаюцца вялікія па агульнай плошчы трохпакаёвыя кватэры ў новабудоўлях. Без мэблі такія кватэры каштуюць каля 300—320 долараў плюс квартплата. Для студэнтаў з грашыма такія варыянты не зусім падыходзяць, бо ім трэба ўжо ўпарадкаванае жыллё, таму такое здаецца адразу групе з 3-4 чалавек.

Аднак на таннае і шматпакаёвае жыллё існуе сёння не толькі попыт з боку грамадзян краіны. Апошнім часам кітайскія студэнты чацвёртага курса ўжо не жадаюць жыць у інтэрнатах. Яны заказваюць у агенцтвах двух- ці трохпакаёвыя кватэры ў Малінаўцы, дзе пакуль дрэнныя транспартныя зносіны ў сувязі з будаўніцтвам метро, па кошце да 300 долараў. Такія заказы выконваюцца не адразу, бо большасць уладальнікаў здаюць кватэры выключна славянам.

Арэнду кватэры лепш фіксаваць у ЖЭСе

Пасля таго, як спецыяліст агенцтва нерухомасці паказвае кліенту кватэру і дамаўляецца пра ўмовы арэнды і кошт паслуг, будучы кватарант пакідае гаспадару залог пад распіску (звычайна гэта каля 100 долараў). Поўную таксу за месяц кватарант плаціць пасля таго, як ён гэты месяц пражыве. Бываюць выпадкі, калі гаспадар патрабуе аванс за месяц, або нават за 3 ці 6 месяцаў. Такія нюансы вырашаюцца непасрэдна паміж гаспадаром і кватарантам, аднак спецыяліст агенцтва павінен запытаць у арэндадаўцы дакументы на кватэру, каб выключыць магчымасць махлярства свайго кліента.

Махлярства і не будзе, калі пасля вуснай дамоўленасці паміж кліентам і ўласнікам кватэры гэтую арэнду афіцыйна зарэгіструюць у ЖЭСе. І толькі пасля ўсяго гэтага кватарант разам са спецыялістам афармляе ў агенцтве нерухомасці здзелку і аплачвае за паслугі 350 тысяч рублёў.

Рэгістрацыя здзелкі арэнды ў ЖЭСе абараняе інтарэсы і ўласніка, і кватаранта. Без такой рэгістрацыі кватаранта могуць папрасіць пакінуць жылое памяшканне на працягу 24 гадзін нават зімой. Зарэгістраваны дагавор дазваляе ціхім кватарантам шукаць новае жыллё на працягу трох месяцаў, а ў гэты час кошт арэнды павялічвацца не можа. З іншага боку, гаспадару будзе зусім не даспадобы пазачарговае знаёмства з падатковым інспектарам. А гэта можа здарыцца ў любы момант, калі паміж кватарантамі і суседзямі прабяжыць чорны кот. Суседзі лёгка могуць паведаміць куды трэба, што кватэра здаецца незаконна. Бываюць выпадкі, калі кватаранты пашкоджваюць бытавое абсталяванне ў кватэры, але адмаўляюцца плаціць за яго, бо могуць прыстрашыць гаспадароў падатковай інспекцыяй.



←Налоговый рай откладывается

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика