Што ў Беларусі расійскае?
Усе высокапрыбытковыя сегменты рынку аказаліся альбо часткова акупаваныя ўсходнім капіталам, альбо знаходзяцца ў сферы пільнага інтарэсу суседзяў. Іх кампаніі не толькі зарабляюць у Беларусі. Яны з’яўляюцца тут своеасаблівымі праваднікамі расійскіх каштоўнасцяў. Агляд найярчэйшых прадстаўнікоў бізнэсу Расіі на тэрыторыі нашай краіны.
Трубаправоды і запраўкі
Расійскую кампанію «Газпром», самую прыбытковую ў свеце па выніках 2009, варта разглядаць асобна ад іншых прадстаўнікоў нафтагазавага бізнэсу, бо столькі дыверсіфікаванай маёмасці няма ні ў кога іншага. Па-першае, гэта, вядома ж, 50% акцый «Белтрансгаза» разам з трубаправодамі. Па-другое — сетка аўтазаправак «Газпрамнафты-Белнафтапрадукта». Урэшце, кампанія з’яўляецца суўладальнікам акцый Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, «Белгазпрамбанка» і «Брэстгазаапарата». Урэшце, газаправод «Ямал-Еўропа», які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, таксама газпромаўскі.
Апроч профільных актываў, варта ўзгадаць і пра ідэалагічныя рычагі «Газпрома». Тэлекампанія НТВ, а значыць, у прыватнасці, і «Хросны Бацька» — справа газпромаўскіх рук.
Нафта, газ, паліва
Больш за 80 заправак па ўсёй краіне мае «Лукойл» алігархаў Вагіта Алякперава і Леаніда Федуна. Гэта рэкорд для прыватных кампаній. Абагнаць іх па колькасці АЗС хоча «Татнафта», інтарэсы якой лабіруе пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. У татараў у мэтах адкрыццё 150 заправак, але пакуль не выкананая і траціна плану.
«Юнівест-М», які ажыццяўляе пастаўкі нафты з Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі ў Мазыр, а адтуль у Еўропу, у папярэднія гады ўваходзіў у тройку найбуйнейшых падаткаплатнікаў краіны. Цяпер часы іншыя, і ўнёскі «Юнівеста» паменелі.
Банкі
З 32 банкаў, зарэгістраваных у Беларусі, восем заснаваныя на расійскіх грошах.
Банк «Масква-Мінск» узнік на базе «Масбізнэсбанка», які быў прызнаны банкрутам. 66% акцый належыць ураду Масквы і яго даччыным кампаніям. Нездарма каля галоўнага офіса банка нядаўна адкрыўся велічны Дом Масквы, будаўніцтва якога было цалкам аплачана расійскім бокам. Яшчэ каля 20% акцый банка мае мільянер Андрэй Барадзін.
«Белгазпрамбанк», як вынікае з назвы, з’яўляецца даччынай структурай расійскага «Газпрамбанка». Усходнім суседзям належыць больш за 98% акцый. Рэшта дзеліцца на долю Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі і «Белтрансгаза».
Расійскі «Внешэкономбанк» купіў беларускі «Белзнешэканомбанк»(98% акцый у расійцаў). І «Банк ВТБ» таксама на 71% належыць расійцам.
«МТБанк» на 64% належыць аўтахолдынгу «Атлант-М», афіцыйнаму дылеру кампаній «Форд» і «Фальксваген» у Беларусі. Сярод суўладальнікаў уплывовага ходынга, штогадовы абарот якога перавышае $2 мільярды, ёсць і беларус Алег Хусаенаў, і расіянін Ігар Мальгін. Менавіта апошняму прыпісваюць галоўную ролю ў кіраўніцтве паспяховай кампаніяй.
«Альфа-банк» знаходзіцца ва ўласнасці аднаго з найбагацейшых расійскіх алігархаў Міхаіла Фрыдмана. У 2008 той выкупіў у Нацбанка і непальскіх бізнэсоўцаў долю ў «Межторгбанку» і перайменаваў той у адпаведнасці з назвай свайго канцэрна «Альфа-груп».
Расійска-французскай установай можна назваць «Белрасбанк». 100% яго акцый сканцэнтраваныя ў руках «Расбанка», кантрольны пакет акцый якога, у сваю чаргу, належыць французскай інфестыцыйнай групе, а рэшта — алігарху Уладзіміру Патаніну.
Адна з галоўных нагод для гонару беларускіх уладаў — прыватызацыйны продаж «Белпрамбудбанка». Ягоны пакупнік, расійскі «Сбербанк», заплаціў у канцы мінулага году $280 мільёнаў за 93% акцый і цяпер збіраецца выкупаць астатнія долі ў дробных акцыянераў.
Будаўніцтва
Першы мінскі хмарачос «Ветразь», «Мінск-Сіці», жылыя кварталы — расійскія праекты ходзяць у фаварытах у Аляксандра Лукашэнкі.
«Ітэра» алігарха Ігара Макарава будзе мець 70% акцый у спраектаваным «Мінск-Сіці». Нягледзячы на прэзідэнцкія пагрозы, права на будаўніцтва элітнага раёна ў расійцаў пакуль што застаецца. Вось толькі сама «Ітэра» не нацэльваецца на элітнасць жылля — «Мінск-сіці» будзе «ўпрыгожаны» панэльнымі шматпавярховікамі. Падвялі расійцы і пры будаўніцтве хмарачоса «Ветразь». Яны абяцалі ўзвесці праз дарогу ад жылога дома яшчэ і бізнэс-цэнтр, але ў апошні момант сталі ненавязліва прапаноўваць пабудаваць замест яго яшчэ адзін шматкватэрнік.
А вось раёны «Маскоўскі» і «Лебядзіны» — супольная ініцыятыва беларускіх уладаў і мэра Масквы Юрыя Лужкова. «Маскоўская інвестыцыйная будаўнічая кампанія» атрымала прэстыжныя кавалкі зямлі пад жылыя дамы. Будаўніцтва першага з раёнаў ужо заканчваецца.
Мабільная сувязь
Галоўны гулец на мабільным рынку Беларусі — кампанія МТС. Яе нельга назваць выключна расійскай, бо ААТ «МТС» на чале з алігархам Уладзімірам Еўтушэнкавым валодае 49% акцый мабільнага аператара. Кантрольны пакет трывала трымае ў сваіх руках беларуская дзяржава. І зусім не збіраецца расставацца са сваёй доляй, нягледзячы на шматлікія захады расійскага боку.
Наўпростае дачыненне да мабільнай сувязі маюць сеткі салонаў сувязі. Уладальнік групы кампаній «Сувязны» Максім Нагаткоў прыйшоў на беларускі рынак у 2007 на месца мясцовай сеткі «Мегаплюс». Цяпер ягоны бізнэс у краіне прадстаўлены 24 салонамі ў сталіцы. Па ўсёй краіне іх колькасць перавышае сотню. Дзейнасць ажыццяўляецца пад сцягам ЗААА «Белая Вежа».
Прадстаўніцтва «Еўрасеткі» ў Беларусі з паказальным расійскім сцягам на шыльдзе заўсёды было ў цэнтры грамадскага абмеркавання. То кампанія не паразумелася з МТС, то абвяшчала пра магчымы сыход з беларускага рынку. Скандалы скончыліся адразу пасля таго як эпатажны алігарх Яўген Чычваркін прадаў бізнэс «Альфа-групе» Міхаіла Фрыдмана. Цяпер расійцы не нарадуюцца на беларускае прадстаўніцтва, называючы яго самым паспяховым. Заклад прыбытковасці кампаніі ў тым, што яна першай стала працаваць з усімі трыма аператарамі мабільнай сувязі фармату GSM — МТС, «Велкомам» і «Лайфам».
Маркеты
Прадстаўніцтва Расіі ў беларускім рытэйле пакуль не моцнае, але расце. З гіпермаркетаў, апроч сумеснага «Прастора», усходнія грошы круцяцца толькі ў гродзенскім «Алмі». І тое яго ўзначальвае беларус па паходжанні Аляксандр Зарыбка, які з’яўляецца адным з суўладальнікаў расійскай групы кампаній «Вікторыя».
Капітал сталічных гіпермаркетаў «Прастор», які прынята лічыць вотчынай бярозаўца Юрыя Чыжа, па¬дзелены паміж ім і расійскім «Сёмым кантынентам». Расійская кампанія перажывае не найлепшыя часы. Яе даўгі перавышаюць $300 мільёнаў, і да адкрыцця новых «Прастораў» у спальных раёнах Мінска расійцы дачынення не мелі.
Сетка ўніверсамаў «Белмаркет» аперуе меншымі лічбамі тавараабароту. Яна пачала заваёўваць беларускі рынак з Жодзіна і Магілёва. Уладальнік — усё тая ж фрыдманаўская «Альфа-груп».
Фота Юліі Дарашкевіч.