Лукашэнка ўнёс шэраг дапаўненняў у працэдуру банкруцтва
Як паведаміла прэс‑служба прэзідэнта, указ, падпісаны 25 чэрвеня, «скіраваны на стварэнне дадатковых умоў для фінансавага аздараўлення праблемных прадпрыемстваў і забеспячэння правоў іх работнікаў на атрыманне заработнай платы і іншых плацяжоў, звязаных з працоўнымі адносінамі».
Дакумент вызначае механізм перадачы жылых памяшканняў, інфраструктуры і іншых аб’ектаў, якія не падлягаюць продажу, а таксама маёмасці, што засталася пасля завяршэння ліквідацыі, ад якой адмовіліся крэдыторы, дзяржаўным прадпрыемствам і арганізацыям. Пры гэтым устанаўліваецца парадак спісання неліквіднай маёмасці.
Указ стварае магчымасці для рэалізацыі на таргах незарэгістраваных аб’ектаў нерухомасці прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў санацыі або ліквідацыі, паведамляе прэс‑служба. «Павышаецца зацікаўленасць інвестараў у набыцці актываў неплацежаздольных прадпрыемстваў у складзе адзінага маёмаснага комплексу. Пры гэтым указ, у мэтах недапушчэння злоўжыванняў, дазваляе даўжніку, які знаходзіцца ў працэдуры ліквідацыі, працягваць гаспадарчую дзейнасць толькі ў дакладнай адпаведнасці з зацверджаным планам ліквідацыі», — гаворыцца ў прэс‑рэлізе.
Работнікі прадпрыемстваў і асобы, жыццю і здароўю якіх прычынены ўрон у сувязі з выкананнем працоўных абавязкаў, вызваляюцца ад неабходнасці заяўляць пра свае патрабаванні пры эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) прадпрыемства. У гэтым выпадку на антыкрызіснага кіраўніка ўскладаецца абавязак устанаўліваць аб’ём такіх патрабаванняў.
«Палажэнні ўказа дазволяць істотна скараціць тэрміны санацыі і ліквідацыі прадпрыемстваў і стварыць умовы для павышэння эфектыўнасці працэдур эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) за кошт зніжэння нагрузкі на гаспадарчыя суды і антыкрызісных кіраўнікоў, уцягвання маёмасці, што не выкарыстоўваецца і неліквідная, у гаспадарчы абарот», — адзначаецца ў паведамленні прэс‑службы.
БелаПАН