Расспажыўнагляд з 1 ліпеня будзе працаваць ва ўмовах Мытнага саюза
Згодна з загадам санітарна‑каранцінны кантроль за падкантрольнымі таварамі ва ўмовах дзеяння Мытнага саюза з 1 ліпеня 2010 года будзе ажыццяўляцца сіламі спецыялістаў санітарна‑каранцінных пунктаў у пунктах пропуску на знешняй мяжы Мытнага саюза.
На асобныя віды прадукцыі ў адпаведнасці з Пералікам тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі, зацверджаным рашэннем Камісіі Мытнага саюза, з 1 ліпеня будуць афармляцца пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Іншыя віды тавараў падлягаюць сертыфікацыі і дэклараванню. Такія тавары пералічаныя ў Адзіным пераліку прадукцыі, які падлягае абавязковай ацэнцы (пацверджанню) адпаведнасці ў рамках Мытнага саюза.
Прадукцыя, якая не ўключана ў Адзіны пералік, падлягае абавязковай ацэнцы адпаведнасці згодна з заканадаўствам дзяржаў 1 членаў Мытнага саюза, адзначаецца ў дакуменце.
11 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў: калі Мінск не падпіша дакументы аб фарміраванні МС, то «мытная мяжа будзе фарміравацца па тэрыторыі Расіі і Казахстана з усімі вынікаючымі наступствамі». «Якія складанасці ўзнікнуць пры спробе яе [мяжу] пераехаць, усім зразумела — гэта ветэрынарныя, санітарныя, мытныя і іншыя пытанні», — дадаў дыпламат.
Паводле слоў Сурыкава, у рамках беларуска‑расійскай Саюзнай дзяржавы дзейнічаюць мытныя дамоўленасці. Калі ж Беларусь не падпіша дакументы аб фарміраванні Мытнага саюза «тройкі», прыярытэт будзе аддавацца мытным пагадненням, падпісаным Расіяй і Казахстанам у двухбаковым парадку, заявіў пасол РФ.
Нагадаем, аб фарміраванні Мытнага саюза (МС) Беларусі, Казахстана і Расіі было абвешчана 27 лістапада 2009 на саміце ў Мінску.
1 ліпеня 2010 года павінен набыць моц адзіны Мытны кодэкс МС, аднак 21 мая ў Санкт‑Пецярбургу кіраўнікі ўрадаў Расіі, Беларусі і Казахстана не змаглі ўрэгуляваць спрэчкі аб набыцці моцы Мытнага кодэкса.
28 мая ў Санкт‑Пецярбургу прэм’ер‑міністры Расіі і Казахстана дамовіліся аб увядзенні Мытнага кодэкса МС на двухбаковай аснове, паколькі беларускі прэм’ер на сустрэчу не прыбыў. Тым не менш Мытны кодэкс адкрыты для падпісання Беларуссю.
БелаПАН