У мінулым годзе Беларусь толькі трымала ўдар крызісу, а выходзіць з яго яшчэ трэба. Як?

Источник материала:  
У мінулым годзе Беларусь толькі трымала ўдар крызісу, а выходзіць з яго яшчэ трэба. Як?

Паводле даных статыстыкі, эканоміка Беларусі найменш пацярпела ад сусветнага эканамічнага крызісу ў параўнанні з краінамі-суседзямі. Здавалася б, гэта павінна толькі радаваць. Але…

Вытворчы працэс лічыцца завершаным толькі тады, калі выраблены прадукт рэалізаваны. А ў нас адгрузілі на склад і лічаць, што забяспечылі рост вытворчасці. Які рост, калі вырабленая прадукцыя не пакінула тэрыторыю фабрыкі, завода? Вось калі вылічыць гэты аб'ём вырабленай прадукцыі, то мы атрымаем рэальны паказчык вытворчасці за мінулы год. Будзе не рост, а адчувальны мінус.

На гэтым фоне выклікае здзіўленне аб'яўлены А.Лукашэнкам план сёлетняга эканамічнага росту аж на 11—13 працэнтаў. На чым грунтуецца такі аптымізм? На адпаведным росце інвестыцый? Не. На неабходным інавацыйным працэсе? Таксама не.

Па гэтым паказчыку мы адстаём. Толькі каля 40 працэнтаў інвестыцый ажыццяўляецца на інавацыйнай аснове. Не хапае грашовых рэсурсаў, і замежныя інвестары не спяшаюцца раскашэліцца. А ў гэты час усходнія і заходнія суседзі не спяшаюцца адкрываць свае рынкі.

Праблема рэалізацыі вырабленай прадукцыі па-ранейшаму стаіць востра. Даная акалічнасць стрымлівае эканамічны рост. Не выпадкова ў першыя месяцы бягучага года прырост прамысловай прадукцыі не перавысіў 3—4 працэнты і то ў параўнанні з аднаведным перыядам мінулага года.

Чыстым блефам выглядае і аб'яўлены рост сярэдняй заработнай платы да 500 долараў у месяц да канца года. Па-першае, заработная плата можа расці пры адпаведным росце вытворчасці. А дзе гэты рост? Па-другое, рост заработнай платы ажыццяўляецца пры росце прадукцыйнасці працы, крыху адстаючы ад яго. Але такога росту прадукцыйнасці працы таксама не назіраецца. За які кошт будзе павышацца заработная плата? Можа, за кошт аплаты працы вертыкальных чыноўнікаў? Глядзіш, і сярэдні яе паказчык узрасце. Як у той прыказцы: чыноўнік з'есць курыцу, а настаўнік — нічога. А ў сярэднім на іх прыпадзе па паўкурыцы.

Канечне, павышэнне зарплаты востра наспела. У першыя зімовыя месяцы былі мізэрныя заробкі ў калгаснікаў, нізкія зарплаты ў настаўнікаў і медыкаў. У служачых, праўда, заробкі крыху вышэйшыя. Але калі параўнаць іх з заробкамі адпаведных чыноўнікаў на Захадзе, то і тут вее сумам. Напрыклад, у суседняй Польшчы сярэдняя заработная плата складае 1500 долараў у месяц. А мы з нашай заработнай платай у 336 долараў толькі імкнёмся дасягнуць 500 долараў ці адной трэці ад адпаведнага узроўню ў суседзяў. Пры гэтым цэны на многія рэчы ў палякаў нават ніжэйшыя за нашы.

Бачыце, да чаго мы дакаціліся ў правядзенні сацыяльнай палітыкі? Адны дэкларацыі.

Калі ёсць сур'ёзны намер павысіць заработную плату, то трэба па прыкладзе заходніх краін заканадаўча ўстанавіць, што ні адзін працадаўца не можа плаціць рабочаму чалавеку, дзе б ён ні працаваў, за гадзіну яго дзейнасці, напрыклад, менш за 8 тысяч рублёў. Адразу павысіцца не толькі зарплата, але і ўзрасце прадукцыйнасць працы, бо ўстановіцца ўсеагульны кантроль за тым, каб кожны не проста знаходзіўся на працы, а і працаваў на поўную сілу.

Дзе ж выйсце і ці ёсць яно? Адразу зазначу, што пры цяперашняй эканамічнай палітыцы немагчыма павысіць заработную плату да прыстойнага ўзроўню: не дазваляе не толькі ўзровень развіцця вытворчасці, адсутнасць эканамічных рэформ, але і структура грамадства. Паглядзіце, колькі ў нас чыноўнікаў, міліцыянераў, вайскоўцаў? У Польшчы, дзе насельніцтва ў чатыры разы больш, міліцыянераў столькі ж, колькі ў нас. Такія ж прыкладна суадносіны і з колькасцю чыноўнікаў. Дзе набрацца грошай на такую араву?

Што датычыцца эканамічных рэформаў, то звернемся да тых сфер, дзе тармажэнне мае негатыўныя наступствы. Але спачатку некалькі слоў аб прадпрымальніцтве. Як вядома, ва ўсіх цывілізаваных краінах яно з'яўляецца рухаючай сілай навукова-тэхнічнага прагрэсу. І гэта невыпадкова, бо кожны прадпрымальнік, калі пачынае ці вядзе справу, каб утрымацца на рынку, імкнецца ўкараняць у вытворчасць самае новае, самае перадавое і навуковае. У выніку навукова-тэхнічны прагрэс набывае характар імклівага руху наперад. У ЗША штогод прадпрымальніцкай дзейнасцю пачынаюць займацца каля 900 тысяч чалавек, а замацоўваюцца недзе дзесяць працэнтаў, астатнія не вытрымліваюць канкурэнцыю і адпадаюць. Але на наступны год зноў такая ж колькасць маладых людзей бярэцца за справу. І гэта прымае характар агульнанацыянальнага руху за прагрэс. Як вынік, у перадавых краінах свету прадпрымальніцкі сектар (дробныя і сярэднія вытворцы) вырабляюць ад 40 да 60 працэнтаў ВУП. А што ў нас?

У 90-я гады мінулага стагоддзя, калі ўзнікла незалежная краіна, тысячы і тысячы маладых людзей, спецыялістаў з адукацыяй і проста рабочых, з радасцю і імпэтна накіраваліся ў прадпрымальніцтва. Дзяржава не падтрымала гэты рух, а біла прадпрымальнікаў па руках непамернымі падаткамі, складанай і дарагой рэгістрацыяй, пэўнымі  забаронамі і абмежаваннямі. У выніку бізнес пачаў адступаць і разбурацца. Зараз прадпрымальніцкі сектар вырабляе ў Беларусі прыкладна 12 працэнтаў ВУП. Мала, вельмі мала.

Тады і цяпер свядомая частка насельніцтва разумела, што прадпрымальнікі — гэта сярэдні клас, які з'яўляецца асновай дэмакратыі. Кіруючыя колы, якія імкнуцца да дыктатуры, баяцца сярэдняга класа. Вось чаму сёння мы маем тое, што маем: падарваны прадпрымальніцкі сектар і яго мізэрную долю ў вытворчасці і навукова-тэхнічным прагрэсе.

Але час ідзе. Улады занепакоіліся сітуацыяй у эканоміцы. З'явіліся ўказы, якія здымаюць цяжкасці пры рэгістрацыі, арэндзе пустуючых памяшканняў, зямельных участкаў, зніжаны падаткі. Асаблівыя льготы атрымалі прадпрымальнікі сельскіх населеных пунктаў. Дасць бог, справа наладзіцца. Але спатрэбіцца працяглы час, каб выправіць памылкі 90-х гадоў. Ёсць, аднак, адна перасцярога. Як вядома, у 90-х гадах ціск на прадпрымальнікаў рабіўся пад выглядам таго, што яны нібыта кінуліся ў сферу "купі-прадай" і заняліся спекуляцыяй. На справе ў краіне пачаўся працэс першапачатковага накаплення капіталу, пасля якога мог адбыцца пераход прадпрымальнікаў да  вытворчасці. Трэба, каб гэтая ўмова была захавана хоць сёння.

Другой сферай тармажэння рэформаў з'яўляецца аграрны сектар. Як бы ні шумелі вакол аграгарадкоў, але іх стварэнне аграрных праблем не вырашае. Фактычна стварэнне такіх паселішчаў ёсць не што іншае, як згон сялян з зямлі. Калі ў малых вёсках не будзе ні школ, ні медустаноў, то як будуць рэагаваць на гэта маладыя сем'і? Яны скіруюцца ў аграгарадкі. Але паколькі большасць пабудаваных у аграгарадках дамоў не маюць гаспадарчых пабудоў, а плата за пражыванне ў іх дарагая, то імкненне заняць такія будынкі мізэрнае. А па-другое, і гэта самае галоўнае, для ўсіх няма рабочых месцаў, дзе б можна было мець сталы заробак. Таму, на мой погляд, дарога маладых сем'яў з невялікіх ці, як іх зараз называюць, бесперспектыўных вёсак пройдзе міма аграгарадкоў. Гарады ўжо адчуваюць гэта.

Ствараем аграгарадкі і надзвычай буйныя гаспадаркі. А які эканамічны эфект? Яго пакуль, па вялікім рахунку, няма. Большасць гаспадарак стратныя. Выклікае трывогу тое, што, як сведчыць афіцыйная статыстыка, запазычанасць па крэдытах і пастаўках у калгасах і саўгасах складае 52 трыльёны рублёў. Гэта своеасаблівы дэфолт. Сур'ёзнасць данай акалічнасці ў тым, што гэтыя народныя грошы ў значнай сваёй частцы маглі б быць крыніцай росту заработнай платы. Але яны ніколі не будуць вернуты ні дзяржаве, ні народу. Не выпадкова А.Лукашэнка ў сярэдзіне лютага адтэрмінаваў на 10 год плацяжы гаспадарак па даўгах. І такое рашэнне правільнае. Бо гаспадаркам няма чым плаціць. Гэта відавочна. Паўтараецца савецкая палітыка, калі крэдытная і іншая запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў перыядычна спісвалася.

Праблема на сёння ў тым, што і ў новым дзесяцігоддзі запазычанасць пачне расці. І, можа, яшчэ больш хуткімі тэмпамі. Тым больш, што ёсць вельмі важная акалічнасць. Як вядома, у многіх, калі не ва ўсіх, краінах свету дзяржава спецыяльна і пастаянна фінансуе вытворчасць прадуктаў харчавання. Калі ў вытворчасці перабор, то фінансуе, як гэта было ў ЗША, скарачэнне пасяўных плошчаў. Трэба, аднак, канстатаваць, што пакуль такая палітыка ў нас немагчыма. Проста таму, што не ўстаяліся, не прыжыліся новыя арганізацыйныя формы гаспадарання. Ёсць калгасы, саўгасы, гаспадаркі (шыльды іх могуць быць розныя. — Аўт.) замацаваныя за прамысловымі прадпрыемствамі і нават банкамі. Цяжка ўстанавіць дакладную сістэму іх фінансавання. Ды і казна пустая для гэтага.

Дзе ж выйсце з крызісу і ці ёсць яно? Глыбока перакананы ў неабходнасці аграрнай рэформы. Яе сутнасць у тым, каб захаваць усе буйныя, рэнтабельныя гаспадаркі, якія былі маякамі яшчэ, як кажуць, пры саветах, вядуць частковую пераапрацоўку сваёй прадукцыі і развіваюць промыслы. Там створаны ўмовы для поўнай занятасці і выплаты больш-менш нармальнай заработнай платы. А ў апусцелых вёсках павінны быць створаны фермерскія гаспадаркі, інакш землі прыйдуць яшчэ ў большае запусценне. І не па ўзоры вялікага рэфарматара Сталыпіна. Тады былі іншыя ўмовы, і кожны хутаранін атрымліваў столькі зямлі, колькі яе ў яго было ў абшчыне. Тут трэба выкарыстаць вопыт "зялёнай" рэформы, праведзенай у Германіі пасля вайны. Там былі прыняты меры, каб гаспадаркі мелі не менш за 20 гектараў зямлі. Немцы не захацелі мець натуральныя гападаркі. Яны не патрэбны і нам. Як бы там ні было, а наспелыя аграрныя рэформы ў Беларусі будуць праведзены: не сёння, дык заўтра, не цяперашнімі кіраўнікамі, дык тымі, якія прыйдуць ім на змену.

Магчымасці правядзення рэформаў у краіне абцяжараны тым, што наш знешні гандаль з'яўляецца неэфектыўным. Адмоўнае сальда летась пераваліла за 5 млрд долараў.

Ёсць тры крыніцы пакрыцця дэфіцыту: крэдыты, бясплатная пастаўка тавараў за мяжу ( у лік запазычанасці) і сродкі з бюджэту. З якой бы крыніцы яны ні пагашаліся, для краіны дрэнна. Асабліва вялікая запазычанасць перад Расіяй, дзе ўмеюць "выдзіраць" даўгі. Летась наш экспарт у Расію скараціўся ажно на 36 працэнтаў, чаго не скажаш пра імпарт. Вось чаму наша дзяржаўная знешняя крэдытная запазычанасць даўно перавысіла 10 мільярдаў долараў і сёлета працягвае расці. Нацыянальны банк праз дэвальвацыю рубля спрабуе аблегчыць знешнія разлікі. Калі на пачатку года наш рубель патаннеў на 20 працэнтаў, то ўсе проста ахнулі. Але банк зрабіў правільна, без дэвальвацыі пры знешніх разліках мы прайгравалі б яшчэ больш.

Іншы аспект, што дэвальвацыя стымулюе інфляцыю. Праўда,  дзяржава імкнецца змагацца з ёю. Але ў асноўным дэкларатыўна, аб чым сведчыць ужо згаданы вышэй намер павысіць сярэднемесячную заработную плату да 500 долараў да канца бягучага года.

А.Лукашэнка і яго каманда ўсімі сіламі імкнуцца палепшыць умовы знешняга гандлю, расшырыць яго межы, а галоўнае — скінуць ланцугі расійскага манапалізму ў галіне паставак энерганосьбітаў. З гэтай мэтай у сакавіку было заключана пагадненне з Венесуэлай аб пастаўках нафты ў Беларусь, што наўрад ці спадабаецца Маскве. Адно толькі дрэнна, што дарога ад Венесуэлы да Беларусі доўгая. Нават самалётам трэба ляцець не гадзіну і не дзве. А колькі часу плыць танкеру? Але нягледзячы на гэта, я лічу, што поспех усё ж значны, бо краіна набыла яшчэ аднаго пастаўшчыка энерганосьбітаў.

Уся сукупнасць адзначаных праблем завязваецца на тым, як будзем выходзіць з крызісу. У мінулым годзе мы толькі трымалі ўдары крызісу, а выходзіць з яго яшчэ трэба. Але ці ёсць у нас умовы для гэтага? Каб адказаць на гэтае пытанне, згадаем вучэнне Маркса адносна ўзнаўлення капіталу і эканамічных крызісаў.

Не выпадкова летась уся Еўропа звярнулася да прац К.Маркса, каб пазнаць, што такое крызіс і як яго пераадольваць. Якраз адказы на гэтыя пытанні сусветна вядомы эканаміст дае. Паводле яго вучэння, вытворчы працэс праходзіць чатыры стадыі: крызіс, стагнацыя, ажыўленне і ўздым, пасля якога зноў наступае крызіс. Ён узнікае тады, калі асноўны капітал (новая тэхніка і новыя тэхналогіі), уведзены ў вытворчасць пасля папярэдняга крызісу, рэалізаваў сябе і трэба замяніць яго на новы. Трэба павысіць прадукцыйнасць працы і зрабіць тавары даступнымі на рынку. Узнікае вострая патрэба ў сродках на інвестыцыі на інавацыйнай аснове.

Патрэбны вялікія і танныя крэдыты. У нас такіх крэдытаў няма. Калі стаўка рэфінансавання ў нас сёння 12,5 працэнта, то банкі могуць выдаць крэдыты недзе пад 18 ці 20 працэнтаў. Хто зможа ўзяць такі крэдыт і аплаціць яго? Гэта ж не Чэхія, дзе крэдыты выдаюцца пад 4 працэнты гадавых. Вось там умовы для выйсця з крызісу створаны. Нават у Расіі ўзяты цвёрды курс на тое, каб стаўку рэфінансавання знізіць да 7 працэнтаў, а працэнт па інвестыцыйным крэдыце да 9 працэнтаў, пра што заявіў сам Пуцін.

Нельга сказаць, што ў нас не клапоцяцца пра тое, каб знізіць стаўку рэфінансавання. Клапоцяцца, толькі ў тэлевізійна-папяровай форме. У сярэдзіне лютага наш галоўны банкір спадар Пракаповіч з пафасам заявіў, што зніжаецца стаўка рэфінансавання аж на 0,5 працэнта, з 13,5 да 13 працэнтаў. Да гэтага ў красавіку стаўка рэфінансавання зноў была зніжана на 0,5 працэнта. Як кажуць, вялікі дзякуй.

Але гэта мала што зменіць у інвестыцыйным працэсе. Так што ўмовы для выйсця з крызісу трэба яшчэ ствараць. Тым больш што ў рэспубліцы нямала прадпрыемстваў, якія працуюць на старым абсталяванні савецкіх часоў. Гэтая акалічнасць вельмі абцяжарвае ўмовы экспарту нашай прадукцыі.

Дэфіцыт іпатэчных крэдытаў у вытворчасці па прычыне іх высокага кошту стрымлівае рашэнне жыллёвай праблемы. Каб купіць аднапакаёвую кватэру пры цяперашняй заработнай плаце, трэба працаваць 12 гадоў, нічога не спажываючы. І ўсё з прычыны эканамічнага крэзісу.

Агульны вывад відавочны — нам трэба яшчэ выходзіць з крызісу, пераадольваць стагнацыю эканомікі і ўзмацніць ажыўленне.

Уладзімір КУЛАЖАНКА,  доктар эканамічных навук,  прафесар

←Правила игры в пост-кризисный период

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика