Місія МВФ пачала працу ў Мінску
Як паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Беларусі, падчас перамоў з уладамі будуць закрануты пытанні сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны, грашова‑крэдытнай і падатковай палітыкі. Будзе перагледжаны макраэканамічны прагноз для Беларусі, абмеркаваны рэжым валютнага курсу.
Акрамя гэтага, у межах працы місіі, якая завершыцца 25 мая, плануецца разгляд перспектыў і форм далейшага супрацоўніцтва Беларусі з МВФ.
Раней прадстаўнікі беларускіх улад заяўлялі пра магчымасць абмеркавання новай крэдытнай праграмы. Аднак у інтэрв’ю агенцтву Рэйтэр 4 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што
Беларусь не будзе прасіць МВФ аб новых праграмах крэдытавання на фоне ажыўлення эканомікі, але разлічвае на кансультацыі спецыялістаў фонду па эканамічнай палітыцы.«Цяпер мы ў МВФ крэдытаў не просім. МВФ, Сусветны банк заявілі, што Беларусь прайшла стадыю рэцэсіі. Праблем сёння няма ў нас з бюджэтам. Таму мы ў МВФ не запытваем дадатковых крэдытаў», — сказаў прэзідэнт.
«Мы будзем з імі супрацоўнічаць, але гэта супрацоўніцтва перайшло ў разрад кансультатыўных паслуг», — дадаў ён.
У канцы сакавіка Беларусь атрымала апошні транш крэдыту МВФ на 670 млн. даляраў у межах праграмы крэдытавання stand‑by у 3,5 млрд. даляраў, зацверджанай у канцы 2008 года.
«Мы вельмі ўдзячныя МВФ і іншым фінансавым інстытутам за іх падтрымку ў гэты няпросты час для нашай эканомікі. Мы пра гэта будзем памятаць заўсёды», — сказаў Лукашэнка ў інтэрв’ю Рэйтэр.
Як раней паведамлялася, у лісце пра намеры ў эканамічнай палітыцы, які прэм’ер‑міністр Сяргей Сідорскі і кіраўнік Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч накіравалі 15 сакавіка кіраўніцтву МВФ, расходы бюджэту Беларусі, звязаныя з шокам змены цэн на нафту, што імпартуецца з Расіі, ацэньваліся амаль у 2 млрд. даляраў ЗША.
«У кантэксце падрыхтоўкі новага пяцігадовага плана мы фармулюем парадак дня структурных рэформ на перыяд, які выходзіць за межы праграмы. У найбліжэйшыя некалькі гадоў структурныя рэформы будуць сканцэнтраваны на ўмацаванні інстытуцыйных асноў макраэканамічнай стабільнасці, што дазволіць рынкавым механізмам адыграць значную ролю ў размеркаванні рэсурсаў і стымуляваць развіццё прыватнага сектара за кошт спынення рэгулявання і прыватызацыі. Мы будзем цесна супрацоўнічаць з МВФ, Сусветным банкам і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў пытанні паслядоўнасці і хуткасці рэалізацыі структурных рэформаў», — адзначалася ў лісце.
Аляксей Арэшка, БелаПАН