“Дурацкі” Nord Stream — “параза для Беларусі”

Источник материала:  
Расейскі «Газпром» афіцыйна адкрыў будаўніцтва газаправоду Nord Stream («Паўночны паток»). Урачыстасьці адбыліся сёньня ў бухце Партовай на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, непадалёк ад Санкт-Пецярбургу.

У цырымоніі ўзялі ўдзел расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў, прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Ян Пэтэр Балкенендэ, эўракамісар па энэргетыцы Гюнтэр Атынгер і іншыя асобы. Чаго чакаць Беларусі ад новага маршруту транспартаваньня газу ў Эўропу?

Цягам некалькіх апошніх гадоў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка змагаўся за тое, каб замест Nord Stream, які абмінуў беларускую тэрыторыю, расейцы пабудавалі другую нітку «Ямал-Эўропа» празь Беларусь. Ён назваў Nord Stream самым дурацкім праектам у гісторыі Расеі і стратным. У той жа час пад «Ямал-Эўропа» былі нават пабудаваны фундамэнты і пампавальныя станцыі. Лукашэнка прапанаваў «Газпрому» цягам пяці гадоў пампаваць газ празь Беларусь бясплатна. Аднак, паводле аналітыка расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіла Круціхіна, Расея не зьбіраецца павялічваць транзыт празь Беларусь.

«Газпром» падпісаў сяброўскі альянс зь нямецкімі, францускімі і галяндзкімі кампаніямі і, фактычна, Нямеччыну ператварае ў новы вузел разьмеркаваньня расейскага газу на эўрапейскім рынку. Там і «Газпром» мае шанец атрымаць частку ў актывах разьмеркаваньня. І нямецкія, францускія і галяндзкія кампаніі маюць надта цікавы шанец пагуляць на расейскім газе».

Карэспандэнт: «А што да прапаноў афіцыйнага Менску?»

«У Беларусі гэты праект быў зачынены, „Газпром“ зусім не зьбіраецца там будаваць дадатковую нітку „Ямал-2“. „Паўночны паток“ аказаўся значна выгаднейшы і „Газпрому“, і яго партнэрам. У Беларусі частка трубаправодаў належыць „Газпрому“, і па сваіх трубах „Газпром“ будзе ганяць газ і далей. Павялічваць паток празь Беларусь ніхто ў Расеі не зьбіраецца».

Паводле расейскага боку, Nord Stream — прынцыпова новы кірунак, бо на яго шляху няма транзытных краінаў, такіх, як Беларусь і Ўкраіна, што забясьпечвае надзейнасьць дастаўкі газу ў Эўропу. Палітоляг Андрэй Фёдараў называе гэтае рашэньне Крамля «выключна палітычным».

«Бо гэта значна даражэйшы праект, чым будаўніцтва „Ямал-Эўропа“. Напэўна, Масква ня надта верыць беларускаму кіраўніцтву. Ужо было даволі шмат розных канфліктаў на гэтай глебе транзыту газу. І яны вырашылі, што так для іх будзе надзейней транспартаваць свой газ у Эўропу. Пераважае прагматызм. Яны вырашылі, што з афіцыйным Менскам дамовіцца цяжка, іншым разам вельмі цяжка, і таму трэба сябе неяк забясьпечыць».

Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш адзначае, што будаўніцтва Nord Stream — параза для Беларусі і Ўкраіны:

«Ад гэтага моманту гэтыя краіны пачалі пазбаўляцца свайго транзытнага статусу, які яны мелі апошнія 30-40 гадоў. Канечне, гэта параза, незадаволенасьць Расеі паслугамі і гарантаванасьцю транзыту, які сёньня ажыцьцяўляецца. Хутчэй за ўсё, ідзе размова пра страты, а не прыбыткі».

Нагадаем, што нядаўна «Газпром» выкупіў 50% акцый «Белтрансгазу». Гэтага дастаткова, каб гарантаваць беспраблемнасьць транзыту газу празь Беларусь. Міхаіл Круціхін не выключае, што «Газпром» мог бы выкупіць і астатнія 50% акцый:

«Чым больш кантролю на кожным ланцугу дастаўкі газу спажыўцу, тым „Газпрому“ выгадней. Калі зьявіцца такая магчымасьць поўнага кантролю над трубаправодам, тады там будзе непарыўная генэрацыя прыбытку».

Газаправод Nord Stream пройдзе па дне Балтыйскага мора (па водах Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны) ад расейскага Выбаргу да нямецкага Грайфсвальду — у абыход Беларусі.

У 2011 годзе расейцы запусьцяць першую яго нітку магутнасьцю 27,5 мільярда кубамэтраў газу ў год. Будаўніцтва другой ніткі завершыцца ў 2012 годзе і дасьць магчымасьць павялічыць прапускную здольнасьць Nord Stream да 55 мільярдаў кубамэтраў у год. Выступаючы на адкрыцьці, расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што попыт на газ у Эўропе будзе ўзрастаць і што гэты праект — прыклад эфэктыўнага двухбаковага супрацоўніцтва.

Па першай нітцы «Ямал-Эўропа» празь Беларусь у Эўропу паступае каля 33 мільярдаў кубамэтраў газу ў год.

←Национальная авиакомпания "Белавиа" начала продажу авиабилетов по маршруту Минск - Прага - Минск по специальным тарифам - от 180 евро.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика