Плюсы i мiнусы вялiкай вады

Источник материала:  

Падрабязнасцi

Чаго чакаць ад будаўнiцтва Нямноўскай ГЭС?

У РУП "Гроднаэнерга" адбылося абмеркаванне з насельнiцтвам горада пытанняў будаўнiцтва i ўплыву на навакольнае асяроддзе Нямноўскай ГЭС. Нягледзячы на анонсы грамадскiх слуханняў у мясцовых СМІ, ахвотных разабрацца ў тых цi iншых аспектах, звязаных з размяшчэннем на Нёмане новай гiдраэлектрастанцыi, аказалася няшмат. У зале пераважалi спецылiсты i журналiсты, якiя прыйшлi па сваiм службовым абавязку. Што расчаравала аднаго з арганiзатараў грамадскiх слуханняў, начальнiка службы перспектыўнага развiцця РУП "Гроднаэнерга" Вiктара Мiкулiча. Асаблiва на фоне вялiкай цiкавасцi, праяўленай, паводле яго слоў, насельнiцтвам у Зэльве падчас нядаўняга абмеркавання пытанняў будаўнiцтва вугальнай электрастанцыi.

Плюсы i мiнусы вялiкай вады

Зрэшты, не ўсё вымяраецца колькасцю ўдзельнiкаў мерапрыемства. Нешматлiкiя гараджане, якiя прадстаўлялi на слуханнях у "Гроднаэнерга" грамадскасць, праявiлi сябе людзьмi зацiкаўленымi, неабыякавымi, якiя хварэлi не толькi за свае асабiстыя iнтарэсы, але i за будучыню рэгiёна. А спецыялiсты, якiя адказвалi на пытаннi, нiводнага разу не сказалi, што тыя цi iншыя факты, маўляў, не для шырокай аўдыторыi.

Вось толькi некаторыя ключавыя моманты.

Зусiм не новая iдэя

Яшчэ ў 80-я гады мiнулага стагоддзя быў праект будаўнiцтва сямi гiдраэлектрастанцый на Нёмане, аднак з распадам СССР гэта тэма была "на палiцы" i вось цяпер яна вяртаецца на парадак дня суверэннай краiны Беларусь. Гэта тлумачыцца неабходнасцю зменшыць залежнасць ад закупак традыцыйных вiдаў палiва ў Расii за кошт мясцовых рэсурсаў i, у прыватнасцi, развiцця гiдраэнергетыкi. Тым больш што на цяперашнi час у краiне выкарыстоўваецца ўсяго некалькi працэнтаў ад агульнага аб'ёму прыдатных для гэтага водных рэсурсаў.

Адной з першых "ластавак" у гэтым кiрунку стала Гродзенская ГЭС магутнасцю 17 мегават вышэй па цячэннi Нёмана ў раёне вёскi Шчачынава, якая цяпер будуецца i павiнна быць уведзена ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. А наступны крок — Нямноўская ГЭС з устаноўленай магутнасцю каля 22 мегават i максiмальным перападам памiж верхнiм i нiжнiм узроўнямi плацiны 9 метраў. Мяркуецца, што ў сярэднi па воднасцi год яна будзе выпрацоўваць 113 млн. кВт. г. электраэнергii. Кошт будаўнiцтва — 110—120 мiльёнаў долараў.

Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Нямноўскай ГЭС (з адпаведнымi высновамi можна азнаёмiцца на сайтах www.minpriroda.by i www.ohrana.prirody.grodno.by ) праводзiлася Цэнтральным НДI комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў з удзелам iнстытутаў гiсторыi i эксперыментальнай батанiкi Нацыянальнай акадэмii навук, а таксама навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па бiярэсурсах. З трох варыянтаў размяшчэння плацiны ГЭС прыярытэтным вызначана месца за дваццаць кiламетраў нiжэй Гродна каля вёскi Плябанскiя. Асноўны аргумент — найменшая плошча затаплення (максiмум можа скласцi каля 600 гектараў), што iстотна скарачае затраты на кампенсацыйныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы вадасховiшча. Акрамя таго, пры гэтым варыянце забяспечваецца магчымасць суднаходства па Нёмане шляхам будаўнiцтва шлюза ў створы гiдраэлектрастанцыi альбо за кошт злучальнай "артэрыi" ад Аўгустоўскага канала да вадасховiшча ГЭС з выкарыстаннем iснуючага шлюза "Нямнова".

Паводле ацэнак спецыялiстаў Цэнтральнага НДI комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, у вынiку размяшчэння Нямноўскай ГЭС якасць вады ў Нёмане не пагоршыцца. А ў выпадку надзвычайнай сiтуацыi, прарыву плацiны хваля не акажа значнага негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе i аб'екты. У тым лiку i ў трансгранiчным аспекце, для нашых суседзяў — лiтоўцаў. Дарэчы, нашы спецыялiсты, згодна з iнфармацыяй Вiктара Мiкулiча, ужо выязджалi ў Лiтву i сустракалiся з мясцовым насельнiцтвам i ўладамi па пытаннях будаўнiцтва Нямноўскай ГЭС. Даследаваннi паказалi, што па асноўных кампанентах навакольнага асяроддзя трансгранiчнае ўздзеянне на тэрыторыю Лiтоўскай Рэспублiкi адсутнiчае альбо будзе нязначным. З лiтоўскiм бокам будаўнiцтва станцыi ўзгоднена.

А наколькi "узгоднены" гэты праект з прыродай, прадстаўнiкамi флоры i фаўны?

Некаторыя раслiны перасадзяць, а шкоды рыбным запасам не пазбегнуць

У непасрэднай блiзкасцi ад будучай плацiны ГЭС размешчаны рэспублiканскi ландшафтны заказнiк "Гродзенская пушча". Там выяўлена каля тысячы вiдаў сасудзiстых раслiн, 26 з якiх уключана ў Чырвоную кнiгу Беларусi, напрыклад, гарачаўка крыжападобная, шпажнiк чарапiчны, пустарэбернiк Фiшара. Каб не страцiць папуляцыю гэтых "насельнiкаў" на берагах Нёмана, прадугледжаны мерапрыемствы па iх перасадцы.

Што, на жаль, немагчыма зрабiць у дачыненнi да асаблiва каштоўных лясоў (на плошчы 24,3 гектара), якiя цалкам знiкнуць пры стварэннi вадасховiшча. Да таго ж, пры ўзвышэннi ўзроўню вады ў Нёмане будуць затопленыя нiзоўi многiх малых рэчак i ручаёў, якiя характарызуюцца ключавой падзарадкай i да сёння застаюцца ў натуральным стане з рэдкiмi вiдамi водных i каляводных раслiн — веранiка ключавая, залознiца крылатая, паручайнiца водная, шаўкоўнiк iлжэплаваючы.

А вось праблем для птушак (зону ўплыву ГЭС насяляюць 10 вiдаў — "чырванакнiжнiкаў": вялiкi крахаль, чорны бусел, вялiкая белая чапля, арлан-белахвост, чырвоны каршун, трохпальцы дзяцел i iншыя) не прагназуецца. Наадварот, для большасцi з iх умовы пражывання як у гнездавы перыяд, так i на зiмоўцы пасля стварэння вадасховiшча палепшацца. Паводле ацэнкi ўплыву ГЭС на бiяразнастайнасць, няма чаго "хваляцца" i такiм ахоўным вiдам насякомых, як жужаль рашэцiсты, гнаявiк вясновы, чмель Шрэнка, жужаль фiялетавы, страказа iмператар-дазоршчык.

Куды больш праблематычная сiтуацыя будзе для рыбы, якой на ўчастку ракi ў зоне размяшчэння Нямноўскай ГЭС на сёння 27 вiдаў. Негатыўны ўплыў размяшчэння гiдраэлектрастанцыi, звязаны з iстотным змяншэннем хуткасцi цячэння вады ў верхнiм ўзроўнi плацiны, адаб'ецца ў асноўным на рэафiльных вiдах (быстранка, жэрах, галавень, вусач, рыбец (сырць), падуст, ялец, галец). Яны нерасцяцца на хуткатоках, перакатах i таму будуць перамяшчацца ў вярхоўе вадасховiшча, дзе захаваюцца прыдатныя для iх умовы. Альбо зусiм пакiнуць зону падпору вадасховiшча. Горш стане i тым вiдам рыбаў, што адкладваюць iкру на камянiсты цi пясчана-гравiйны субстрат.

Агульная ацэнка рыбагаспадарчых стратаў у ходзе будаўнiцтва Нёманскай ГЭС (шкода, звязаная з гiбеллю рыбы, знiжэннем прадукцыйнасцi шэрагу папуляцый у вынiку страты альбо пагаршэння ўмоваў для жыцця i размнажэння) складае прыкладна 1,2 мiльярда рублёў.

Дарэчы, у вынiку будаўнiцтва плацiны Каўнаскай ГЭС прахадныя вiды рыбы ў Нёман на тэрыторыi Беларусi практычна не трапляюць. Аднак цяпер не выключана, што лiтоўцы пабудуюць рыбаход i тады адпаведныя збудаваннi могуць з'явiцца i ў створы плацiны Нямноўскай ГЭС.

Зрэшты, будаўнiцтва гiдраэлектрастанцыi самым непасрэдным чынам закране iнтарэсы не толькi прадстаўнiкоў раслiннага i жывёльнага свету на гэтай тэрыторыi, але i людзей.

Не абаранiць, а перасялiць?

У зону затаплення пры будаўнiцтве Нямноўскай ГЭС трапляюць 42 жылыя дамы, 20 гаспадарчых пабудоў i шэраг садовых участкаў. I самае праблемнае месца — каля вёскi Кукалi. Як прагучала на грамадскiх слуханнях у РУП "Гроднаэнерга", будаўнiцтва там польдараў па абароне ад вялiкай вады малаверагоднае, паколькi будзе каштаваць не менш за сем мiльёнаў долараў. Таму, хутчэй за ўсё, камiсiя будзе ацэньваць кошт дамоў i гаспадарчых пабудоў з кампенсацыяй затрат па iх пераносе ў iншае месца. Альбо, дакладней, па будаўнiцтве ў iншым месцы, бо не ўсё можна перанесцi. Зрэшты, гэты варыянт, якi разоў у дзесяць таннейшы за будаўнiцтва польдараў, яшчэ не канчатковы. Паводле слоў начальнiка службы перспектыўнага развiцця РУП "Гроднаэнерга" Вiктара Мiкулiча, "пытанне, як быць з гэтымi дачнымi ўчасткамi, будзе вырашацца на высокiм узроўнi". Пры гэтым нельга не падтрымаць яго пазiцыю, што ўсё павiнна быць "зроблена па-людску".

Праўда, падчас грамадскiх слуханняў насцярожыла выказванне, што, маўляў, "частка дачных участкаў не ўзаконена i ўжо не можа быць узаконена", бо ў такiм разе можна наогул застацца без нейкiх кампенсацыйных выплат. У адказ на гэта старшыня садоўнiцкага таварыства "Кукалi" зазначыла, што "ў кожнага ўсё ўзаконена ад пачатку да канца, усе маюць дакументы".

Вiдавочна, што гэта праблема патрабуе дэталёвага аналiзу i абмеркавання з усiмi членамi садоўнiцкага таварыства, каб людзi ў вынiку будаўнiцтва ГЭС не аказалiся са стратамi.

Вось такiя плюсы i мiнусы вялiкай вады Нёмана. Што пераважыць? Канчатковае рашэнне — за ўрадам.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←БВФБ увеличит уставной капитал

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика