Укладчыкi мяняюць долар на рубель?..

Источник материала:  

За люты валютныя дэпазiты зменшылiся амаль на $29 мiльёнаў

Працэнтныя стаўкi па ўкладах у замежнай валюце паступова змяншаюцца, i даходнасць рублёвых дэпазiтаў становiцца ўсё больш iстотнай у параўнаннi з валютнымi, паведамiў у гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" апошнiя тэндэнцыi намеснiк начальнiка Упраўлення iнфармацыi Нацыянальнага банка Беларусi Мiхаiл Журавовiч. Таму, паводле слоў нашага суразмоўцы, сродкi з валютных дэпазiтаў паступова "перацякаюць" на рублёвыя ўклады.

Наогул, падкрэслiў Мiхаiл Журавовiч, за два першыя месяцы года беларусы значна папоўнiлi свае зберажэннi ў беларускiх банках: уклады ў рублях i замежнай валюце павялiчылiся больш як на 1,17 трыльёна рублёў, цi на 6,5 працэнта, i на пачатак сакавiка людзi трымалi ў банках ужо амаль 19,33 трыльёна рублёў. Прычым доля рублёвых дэпазiтаў у агульным аб'ёме ўкладаў няўхiльна павялiчваецца: за студзень-люты яны ўзраслi на 922,51 мiльярда рублёў, цi на 11,5 працэнта i склалi больш за 8,9 трыльёна рублёў. Заўважым i тое, што ў лютым на ўклады ў нацыянальнай валюце "капнула" яшчэ больш рублёў, чым у папярэднiм месяцы — яны павялiчылiся больш чым на 543 мiльярды рублёў, цi на 6,5 працэнта (у студзенi iх рост склаў 379,25 мiльярда, цi 4,7 працэнта). "Што сведчыць пра рост даверу насельнiцтва да нацыянальнай валюты i банкаўскай сiстэмы ў цэлым, — кажа Мiхаiл Журавовiч. — На гэта ўплывае i працэнтная палiтыка, якая накiравана на падтрыманне працэнтных ставак па тэрмiновых укладах насельнiцтва ў нацыянальнай валюце на ўзроўнi, якi iстотна перавышае як iнфляцыю, так i даходнасць зберажэнняў у замежнай валюце".

Паводле звестак Нацыянальнага банка, у сярэднiм за леташнi год стаўка па новых тэрмiновых дэпазiтах насельнiцтва склала 20,2 працэнта гадавых i ў рэальным выражэннi перавысiла ўзровень 10 працэнтаў гадавых. На пачатку года па тэрмiновых рублёвых укладах фiзiчных асобаў таксама захоўваецца высокi ўзровень стаўкi. Напрыклад, у студзенi ён знаходзiўся на ўзроўнi 21,2 працэнта гадавых i склаў 11,6 працэнта гадавых у рэальным выражэннi.

А вось верхняя мяжа даходнасцi дэпазiтаў у доларах i еўра не перавышае 8 працэнтаў гадавых, што, безумоўна, уплывае на сiтуацыю. Як вынiк, за два месяцы дэпазiты ў замежнай валюце павялiчылiся ўсяго на 4,7 мiльёна долараў (на 0,1 працэнта), а ў лютым, як адзначалася вышэй, нават зменшылiся. Мiж iншым, на рынку наяўнай валюты сёлета па-ранейшаму беларусы прадаюць больш цвёрдаканверсоўнай, чым купляюць. З пачатку года, за два месяцы, чысты продаж насельнiцтвам валюты банкам склаў ужо больш за 168 мiльёнаў долараў ЗША. За люты грамадзяне прадалi амаль на 75 мiльёнаў долараў больш, чым купiлi. У сакавiку тэндэнцыi такiя ж: за першыя пяць дзён чысты продаж наяўнай валюты грамадзянамi перавысiў 7 мiльёнаў долараў.

Мы пацiкавiлiся ў экспертаў, наколькi цяперашнiя тэндэнцыi могуць змянiцца, калi агучаная рэкамендацыя Нацыянальнага банка камерцыйным па знiжэннi працэнтных ставак па рублёвых дэпазiтах i крэдытах пачне рэалiзоўвацца. На думку старшынi Асацыяцыi беларускiх банкаў фелiкса Чарняўскага, каб не нарабiць тут шкоды, галоўнаму банку неабходна будзе праводзiць збалансаваную палiтыку, у прыватнасцi, па знiжэннi iнфляцыi, забеспячэннi надзейнасцi банкаў, знiжэннi кошту валютных рэсурсаў, па развiццi новых iнструментаў прыцягнення ўкладаў. Да рэгулявання працэнтных ставак, лiчыць ён, трэба падыходзiць узважана, банкам нельга тут рабiць рэзкiх рухаў, каб не страцiць клiентаў.

Што датычыцца альтэрнатывы банкаўскiм укладам, то па словах Фелiкса Чарняўскага, у нас, на жаль, пакуль мала iнструментаў для таго, каб насельнiцтву ўкладваць свабодныя грошы, i асноўным iнструментам прыцягнення зберажэнняў грамадзян, як i раней, застаюцца дэпазiты.

— У нашай краiне, вядома, вельмi дарагiя сродкi, i крэдытаваць прадпрыемствы iмi затратна, — каментуе ён захады, якiя мяркуецца зрабiць па змяншэннi ставак па крэдытах i дэпазiтах. — Адзiн з метадаў памяншэння кошту крэдытаў — знiжэнне кошту дэпазiтаў. Банкi сапраўды цяпер прапануюць высокiя працэнтныя стаўкi па ўкладах, таму што захоўваецца дастаткова высокая iнфляцыя. Калi будуць падаць тэмпы iнфляцыi, а ўзровень працэнтных ставак па ўкладах па-ранейшаму перавышаць яе, людзi не адмовяцца зберагаць у банках. Важна, каб была вiдавочнай прывабнасць захавання свабодных сродкаў на дэпазiтах.

Зрэшты, Нацыянальны банк, агучваючы iнiцыятыву паступовага знiжэння агульных працэнтных ставак у эканомiцы, падкрэслiвае, што так i будзе — прывабнасць зберажэння ва ўкладах захаваецца. Прычым, у галоўным банку робяць акцэнт на тое, што змяншэнне стаўкi рэфiнансавання будзе адбывацца пры выкананнi тэмпаў iнфляцыi, якiя прагназуюцца на сёлета на ўзроўнi 8—10 працэнтаў. Менавiта ў такiм выпадку, адзначае i Мiхаiл Журавовiч, прадугледжваецца далейшае знiжэнне стаўкi рэфiнансавання да канца года на ўзроўнi 9—12 працэнтаў гадавых, а ставак па новых дэпазiтах i крэдытах банкаў да 10—13 i 12—15 працэнтаў гадавых адпаведна. "Паступовае знiжэнне банкамi працэнтных ставак на фоне стабiльнага абменнага курсу беларускага рубля, — кажа ён, — накiраванае на пашырэнне магчымасцi насельнiцтва i прадпрыемстваў па прыцягненнi банкаўскiх крэдытаў, што будзе спрыяць павышэнню тэмпаў эканамiчнага росту ў краiне i росту дабрабыту грамадзян". У Нацбанку таксама заўважаюць, што нязменнай застаецца i працэнтная палiтыка адносна рублёвых i валютных укладаў: стаўкi па тэрмiновых дэпазiтах у нацыянальнай валюце будуць перавышаць даходнасць па ўкладах у СКВ.

Вяртаючыся ж да статыстыкi, згадаем i тое, што на 1 сакавiка ў разлiку на аднаго жыхара прыпадала 2 мiльёны 118 тысяч 150 рублёў зберажэнняў (у эквiваленце 722,19 долара), размешчаных у дэпазiтах i сертыфiкатах. На пачатак года адпаведная лiчба раўнялася 1 мiльёну 939 тысячам 520 рублям (677,48 долара), гэта значыць, за два месяцы зберажэннi ў разлiку на аднаго жыхара папоўнiлiся 178 630 рублямi.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←БКК заключила контракт с Индией: хуже, чем было, но лучше, чем с Китаем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика