Гэта — яўны недабор!
Да гэтага часу ганаруся, што ў свой час мяне не змаглi прымусiць уступiць у Камунiстычную партыю Савецкага Саюза — было гэта дзесьцi ў 1987 годзе. Не, я не была ўпэўненая, што "там" дрэнна. І тым больш не ведала, што сiстэма, якая на ёй, партыi, трымаецца, хутка i гучна абрынецца. Проста свядома сказала "НЕ" ў момант, калi на мяне цiснулi псiхалагiчна. А можа, так зрабiла толькi таму, што адчувала гэты цiск — гэта быў акт юнацкага супрацiўлення, бо было мне тады ледзь больш за 20. I прымус выглядаў як настойлiвая, але ж прапанова. Цяпер задаю сабе пытаннi: а сёння змагла б адмовiцца? А калi б прапаноўвалi так, што адмаўляцца было небяспечна — для кар'еры, напрыклад?..
Чаму раптам звяртаюся да гадоў даўно мiнулых? Таму, што сёння атрымала тэлефонны званок у карпункт. Мужчына назваў iмя, рэкамендаваўся кiраўнiком структурнага падраздзялення ў сваёй установе i спытаў:
— Паслухайце, а што гэта за арганiзацыя такая — "Белая Русь"? Нас выклiкаў шэф на планёрку, кожнаму далi па лiсце паперы з надрукаванай заявай, загадалi паставiць подпiс. Такiм чынам нас усiх разам прынялi ў гэтую арганiзацыю — i нiхто не спытаў, цi яно мне патрэбна! I самае галоўнае — добра б так, для справаздачнасцi, дык жа, з зарплаты будуць вылiчваць членскiя ўзносы!
Грамадзянiн прасiў не называць яго iмя i ўстанову, дзе працуе. I яго можна зразумець. Таму па каментарый я звярнулася да кiраўнiка Гомельскай абласной структуры грамадскай арганiзацыi "Белая Русь", члена Савета Рэспублiкi Нацыянальнага Сходу Рэспублiкi Беларусь, рэктара Беларускага гандлёва-эканамiчнага ўнiверсiтэта спажывецкай кааперацыi, кандыдата эканамiчных навук, дацэнта Алы Навумчык. Яе сiтуацыя па-чалавечы ўсхвалявала.
— Нам не так важная колькасць членаў нашай арганiзацыi, як якасць i прадстаўнiцтва розных слаёў насельнiцтва. Калi адбылося так, як вы расказалi — адназначна, так рабiць нельга. Гэта ўвогуле будзе вялiкая шкода нашаму руху. Так, я праводзiла агiтацыю, расказвала, што мы гатовыя дапамагчы ў афармленнi дакументаў, але ж гэта — перабор яўны. Мы гэта паправiм.
Сапраўды, вельмi шкада, калi справа добрая будзе зведзена на нуль прымусам. I тут можна згадзiцца з тэлефонным суразмоўцам, якi паведамiў аб непрыемным факце: у свой час менавiта такiм чынам паступова была разбурана вялiкая краiна пад назвай СССР. Калi ў партыю прымалi па разнарадцы, калi гаварылi адно, думалi другое, рабiлi трэцяе... А потым следам за Ельцыным кiдалi свае партбiлеты больш урачыста, чым iх атрымлiвалi... Гiсторыя вучыць?
Iрына АСТАШКЕВIЧ.