Купальскі вечарок у Глуску
Забаўляльнай праграмай «Купальскія ігрышчы» для дзяцей, народным абрадам «А на Івана сонца іграе», святочным канцэртам, а таксама кірмашом, карагодам і вогнішчам глушчане сустрэлі купальскую ноч.
Дарослых і дзяцей 6 ліпеня павіншавалі са святам Купалля мясцовыя работнікі культуры. Разам з Мальвінай і Бурацінам маленькія жыхары гулялі ў гульні: і косы плялі, і скакалі, быццам кенгуру, і ляталі, як барон Мюнхаўзен. Самыя спрытныя хлопчыкі і дзяўчынкі атрымлівалі цукеркі.
Затым на свята завітала Купалінка. Прадоўжылася дзея спяваннем купальскіх песень, пошукамі чароўнай папараць-кветкі, частаваннем усіх прысутных караваем — дарам зямлі ў знак шчасця і міру. Аднак хутка з’явілася нячыстая сіла — Кікімара і Баба Яга, якія сцвярджалі, што на Глушчыне ўсе народныя традыцыі ўжо загінулі, зніклі, таму тут не знайсці папараць-кветкі. Але Купаліш пакараў сілу нячыстую і запрасіў усіх у купальскі карагод вакол вогнішча. Гасцям свята раздалі драўляныя чурачкі, якія патрэбна было кінуць у вогнішча, пры гэтым згадаць у думках усё нядобрае, што адбылося на працягу гэтага года, каб яно згарэла і болей не вярталася.
Купальская ноч прадоўжылася святочным канцэртам удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Цэнтра культуры і вольнага часу “Арыён”. Для глушчан спявалі Дзмітрый Сокал, Людміла Усеня, Алена Падбярозная, Міхаіл Абжэльян, Алеся Гваздзярова і Наталля Аншыц.
Алена ЗМІТРОВІЧ
Фота аўтара