«Этот страх остался с детства и навсегда». Воспоминания 10-летнего подростка о жизни под немецкой оккупацией
Два года назад умер известный белорусский литературовед Михась Мушинский (1931−2018). В его архиве — последние тридцать лет жизни ученый вел подробный дневник — родные нашли записи о жизни под немецкой оккупацией. Они сделаны в 1992-м, когда ученому было чуть более 60 лет. Из них вы узнаете, о чем тогда думали жители Беларуси, чего боялись, чем болели и как выживали.
Фрагмент из записей печатались при жизни автора в газете «Літаратура і мастацтва». Большая часть публикуются впервые с редакционными подзаголовками.
Скажу шчыра: у творах, прысвечаных жыццю беларускай вёскі ў 1941−1944 гадах, рэдка знаходжу малюнкі, блізкія тым, што паўсядзённа, на працягу трох гадоў, бачыў сам. Сказанае не азначае, што там, маўляў, няпраўда. Не маю права так сцвярджаць, бо сведкай тамтэйшага жыцця не быў. Таму на нейкія абагульненні не прэтэндую. А тлумачацца рэгіянальныя асаблівасці тым, што наша мясцовасць фактычна ўвесь час акупацыі знаходзілася ў прыфрантавой паласе (Михась Мушинский родился в деревне Мокрое Быховского района. Эта территория являлась тыловым районом немецкой группы армии «Центр». — Прим. TUT.BY).
«Прачытай і зрабі некалькі копій, перадай другім людзям. Як дойдзе ліст да фронта, вайна спыніцца»
Агульная атмасфера адчувалася ў паўсядзённым, штохвілінным чаканні бяды і нейкага непрадбачанага здарэння. У дарослых быў клопат пра тое, як зберагчы дзяцей, як іх накарміць. Як зберагчы старэйшых, каб не адправілі ў Германію ці ў працоўны лагер. Адмовіцца ад «працоўнай павіннасці» было нельга. Фактычна кожны дзень нехта з сям'і павінен быў ісці працаваць.
Чым займаліся? Зімою расчысткай дарог ад заносаў. Секлі хмызняк уздоўж чыгункі, каб партызаны не маглі падысці.
Насілі зямлю, клалі камень пад умацаванні. Не раз і не два, а праз усю вайну. Ніхто ніякіх асаблівых скідак на ўзрост ніколі не рабіў. Быў выпадак, калі праходзілі праз высокае жыта, а я так дрэнна сябе адчуваў, што схаваўся ў жыце, не меў сілы падняцца. Дык прыцёгся дадому пад вечар. Добра, што ў торбачцы быў кусок хлеба, бутэлька малака і нешта з гародніны.
Рамантавалі дарогі. Капалі зямлю пад доты і дзоты, выконвалі цяжкую працу. Апрацоўвалі гароды, зробленыя на месцы аэрадрома, іх утрымлівалі гаспадарчыя нямецкія службы, там быў жалезны парадак. Пасвілі коней на доўгіх лейцах.
З пачуццём удзячнасці згадваюцца чалавечыя адносіны вясковых жанчын да нас, падлеткаў, калі даводзілася разам са старэйшымі пад наглядам узброенага салдата рыхтаваць катлаван пад дот. Адзін з такіх дотаў — на афіцыйнай мове «доўгачасовы агнявы пункт» — узводзіўся на ўсходняй ускраіне Быхава, у раёне Белагор’я. Праца патрабавала вялікіх фізічных намаганняў. Неабходна рыдлёўкамі выкінуць на паверхню вялікі аб’ём грунту. Не кожнаму такая нагрузка была пад сілу. І таму нас, слабейшых хлапцоў, жаласлівыя жанчыны шкадавалі. Нам адводзілі месца наверсе, а не ў яме.
Вядома, ратаваў ўзрост. Маладыя гады — гэта заўсёды спадзяванні, надзеі, аптымізм. Няхай і азмрочаны. Вера ў тое, што «Красная Армия всех сильней!».
Паўсядзённыя клопаты аказваліся вельмі розныя.
Дзе адшукаць, раздабыць гумы на бахілы? Дзе ўзяць сталёвы дрот на шыла, бо трэба рамантаваць абутак. Дзе ўзяць іголкі, ніткі, запалкі, газы?
Вельмі распаўсюджанай з’явай у час вайны былі рознага тыпу варажбіткі, гадалкі, прадказальнікі. Часта распаўсюджваліся перапісаныя ад рукі лісты з настаўленнямі: прачытай і зрабі некалькі копій, перадай другім людзям. Як дойдзе ліст да фронта, вайна спыніцца.
У гады вайны ў Мокрым працавала царква. Маці, Марфа Іванаўна прывучыла наведваць яе рэгулярна. Пасціцца было няцяжка, бо ўсё роўна ежа аказвалася посная. Самы звыклы матыў у старцаў быў такі: «Падайце на пагарэлых!»
Коклюш. Свінка. Белакроўе
У час вайны здаралася шмат няшчасных выпадкаў. На полі ноччу хтосьці капцы ахоўваў (куча картошки или корнеплодов. — Прим. TUT.BY) — прыехалі невядомыя, таго, хто вартаваў прыдушылі, бульбу забралі.
Немцы чалавека застрэлілі, бо, магчыма, зайшоў за лінію, куды нельга заходзіць. Партызаны некага знішчылі, бо нібыта з немцамі быў звязаны. Вельмі часта можна было пачуць: «У Сядзічах забілі такога і такога…»; «А ў Сапяжынцы…»; «А ў Трысціўцы…» Хто забіў і за што — рэдка станавілася вядома.
Вельмі высокай аказвалася смяротнасць. Паміралі ад інфекцыйных хваробаў. Распаўсюдзіўся тыфус, дызентэрыя, кішэчныя захворванні. Коклюш. Свінка. Белакроўе. Шаленства ў сабак. І дзеці шмат хварэлі, і дарослыя. Лячыліся саматугам. Самагонку гналі рэгулярна. Незаменная рэч — і для гандлю, і для вяселляў, і на пахаванні. Часам паміралі ад самагонкі, у якую дабаўлялі штосьці «для крэпасці». Небяспека магла з’явіцца адкуль заўгодна.
Яшчэ ў час вайны хлопцы з нашай і іншых вёсак жаніліся. Найперш, каб не трапіць у Нямеччыну. А дзяўчаты ахвотна выходзілі замуж. На жаль, многія з іх хутка засталіся ўдовамі, бо калі прыйшлі нашы, усіх прызыўнікоў забралі «пад чыстую» і кідалі ў бой нароўні са штрафнікамі (пра гэта даведаліся пазней). Палітыка да тых, хто заставаўся пад акупацыяй, а таксама да акружэнцаў, аказалася жорсткай і бесчалавечнай. Мала хто з іх вярнуўся з вайны. А калі вярнуўся, дык калекай і без ног.
«Гэты страх застаўся з дзяцінства і назаўсёды. І да сённяшняга дня ў мяне дваістае стаўленне да немцаў»
Найбольш страшнай падзеяй, якая нават дзіцячай, падлеткавай свядомасцю ўспрымалася як вялікае няшчасце, былі «вогненныя вёскі». У 1942−1943 гадах немцы сапраўды лютавалі. Вестка пра тое, што карнікі спальваюць вёскі, ды яшчэ і з жывымі людзьмі, імгненна далятала да Мокрага. Маўляў, гэта адплата, помста за дапамогу партызанам. Пачутае не толькі дарослых, але і нас, падлеткаў, кідала ў жах. Як гэта — згарэць жывым?..
Заставаліся ў жывых адзінкі. Ад страху беглі як мага далей. І да нашага Мокрага дабягалі. Расказвалі пра ўсё, што бачылі. Маці як правіла слухаць нам забараняла, адганяла. Але потым усё станавілася вядома ўсім. Гэта сапраўдны жах, сапраўднае пекла!
Сярод ахвяр «спаленых вёсак» аказвалася шмат людзей з пашкоджанай псіхікай. Маладзейшыя з цэлых пакуль вёсак пачалі ўцякаць у лес. А ў старых з’яўлялася апатыя, абыякавасць. Або, як гэта ўласціва нашым людзям, спадзяванне: авось пранясе, нас не зачэпіць!
Трагічны лёс напаткаў многія паселішчы, адны з іх знаходзіліся недалёка ад нашай вёскі — Студзёнка, Гарадзец, Сяліба, Ветранка, крыху далей — Смаліца, Хамічы, Дабужа, Боўкі. Калі палілі вёскі — скажу шчыра — гэты страх застаўся з дзяцінства і назаўсёды. І да сённяшняга дня ў мяне дваістае стаўленне да немцаў. Хоць разумею: цяпер у Нямеччыне жыве іншае пакаленне.
«Памятаю, як ляжаў на палацях і чытаў «Вайну і мір»
У перадваенны час людзі моцна цягнуліся да кніг. Калі чалавек быў пісьменны, ён ганарыўся гэтым. У Макранскай школе працавала бібліятэка. Існавала яшчэ вясковая бібліятэка, якая размяшчалася ў былой царкве. Перад самай вайной я хадзіў у тую бібліятэку і браў кнігу «Гитлер — вождь германского народа». Вельмі добра памятаю — аж да гэтага часу — тую кніжку.
Да вайны бацька шмат кніг прывозіў. Ён вельмі любіў чытаць, асабліва гістарычныя раманы. Часта чытаў стоячы, абапёршыся локцямі на стол. Паглыбіцца ў чарговы том. Маці:
— Восіп! Ідзі дапамажы!
Бацька:
— Зараз, зараз! Дачытаю толькі…
Доўга маці чакала, пакуль ён дачытае.
Прывозіў бацька творы Пушкіна, «Казкі дзядзечкі Рымуса».
Яшчэ да вайны, калі вучыўся ў трэцім класе, прачытаў «Ціхі Дон». Трохі пазней «Ганну Карэніну». У часе вайны любімым заняткам у вольны час было чытанне кніг. Кнігі браў пераважна ў суседзяў — у тых, чыя хата не згарэла. Браў Джэка Лондана, Майна Рыда, раманы Жуля Верна (у тым ліку «Дзеці капітана Гранта»). З «Вострава скарбаў» Стывенсана дагэтуль памятаю песню піратаў:
«Ой, хо, ой, хо
І бутэлька рому!
Пі, і дастане цябе
Чортава рука.
Ой, хо, ой, хо
І бутэлька рому!»
Цікава, што кніжкі выдаваліся пераважна на беларускай мове. Класіку амаль усю пераклалі ў 20-я гады, калі ішла хваля беларусізацыі. У часе вайны «праглынуў» многія творы Янкі Маўра, «Падарожжа Гулівера» Свіфта. Прачытанае запісваў. Спіс сабраўся велізарны! Вядома, потым згубіўся. У час вайны з захапленнем чытаў аповесці Валянціна Катаева, апавяданні Чэхава. Памятаю нарыс пра кітайцаў, якія вынайшлі фарфор. Трапляліся шпіёнскія раманы, у тым ліку пра Мата Хары, а таксама кніга «У кіпцюрах ГПУ» Францішка Аляхновіча. Памятаю, як ляжаў на палацях і чытаў «Вайну і мір».
Падчас вайны наша хата згарэла, і мы жылі ў сваякоў, у сям'і бабы Паўліны. Дык у яе зяця, Віктара, настаўніка, таксама мелася шмат кніг. У тым ліку раманы Дзюма «Тры мушкецёры» і іх працяг. Запомнілася «Зямля Саннікава». Узяў гэтую кніжку ў цёці Мані. А яна ў той час тыфам захварэла. I такі цяжкі быў тыф! Прынёс кніжку дадому. Мама вельмі баялася, каб такім чынам мы ўсе не заразіліся і не захварэлі. Дык яна спіртам ці нечым іншым абпырскала яе, думаючы, што так можна засцерагчыся. Уражанне ад кнігі засталося казачнае, фантастычнае! Калі потым паглядзеў фільм — прыземлены і спрошчаны, — ледзь не плакаў ад расчаравання. А ў мяне фантазія нейкая неверагодная! І да гэтага часу баюся чытаць «Зямлю Саннікава», каб не расчаравацца, каб засталося тое даўняе, першаснае ўражанне ваенных гадоў.
За вайну шмат кніжак «праглынуў». Маці, вядома, па-рознаму ставілася да таго, што я ўсё чытаў і чытаў. Калі трэба дапамагаць па гаспадарцы, дык, бывала, і ганяла. Казала: «Грамаць не дасць гамаць!» Далейшае жыццё паказала, што тут яна крыху памылялася.
Тры класы я скончыў перад вайной. У час акупацыі пачатковыя школы фактычна не працавалі. У нашай вёсцы быў абвешчаны запіс вучняў, дні два з дзясятак хлопчыкаў прыходзілі. На гэтым школа і закончылася. Тры гады мы не вучыліся. З чацвёртага па сёмы класы хадзіў у школу ў Мокрым.
А потым адзін з настаўнікаў параіў: «Здайце вы экзамены за восьмы клас экстэрнам!» У Быхаве сапраўды здаў экзамены за восьмы клас — самастойна падрыхтаваўся за лета. I пайшоў у дзявяты ў Быхаве, бо наша сям’я ўжо перабралася туды. Скончыў школу з медалём. Праўда, не залатым, а срэбраным. Мой дзядзька Жэня, пачуўшы пра тое, казаў: «Табе — сярэбраны медаль?! Вазьмуціцельна!» Ён лічыў, што ягоны сваяк абавязкова павінен атрымаць залаты медаль.
У 1950 годзе я прыехаў у Мінск паступаць на філалагічны факультэт БДУ. Пачыналася новае жыццё.