Образцовый детский театр кукол “Ялінка” празднует 30-летие
Жамчужны ўзрост “Ялінкі”
У гэтыя лістападаўскія дні ўзорны дзіцячы лялечны тэатр “Ялінка” гарадской дзіцячай бібліятэкі адзначае 30-годдзе дзейнасці. Каля яго вытокаў стаяла бібліятэкар Марыя Скітовіч. З 2003 года нязменна кіруе калектывам і ідэйна натхняе яго Ларыса Мядзведская, якая аддае выхаванцам часцінку сваёй душы і далучае іх да прыгожага мастацтва.
— Сёння ў рэпертуары налічваецца каля паўсотні тэатралізаваных казак, інсцэні—ровак і прадстаўленняў на беларускай і рускай мовах, — гаворыць Ларыса Канстанцінаўна. — Аматарскаму дзіцячаму тэатру, які зараз аб’ядноўвае інтарэсы 18 юных асіпаўчан ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, падыходзіць не кожны твор. Абавязкова ўлічваюцца здольнасці акцёраў, іх тэмперамент, жаданне выконваць тую або іншую ролю і наяўнасць неабходных лялек. Ставілі творы Мікалая Гогаля, Сяргея Міхалкова, Мікалая Суцеева, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Самуіла Маршака, Уладзіміра Караткевіча, Аляксандра Якімовіча. Прыйшліся па душы п’есы лагойскага пісьменніка Міколы Захаранкі, беларускія народныя казкі.
Спектаклі “Ялінкі” ідуць с поспехам не толькі ў сценах роднай бібліятэкі, але і на іншых раённых пляцоўках. Іх гледачамі былі падлеткі з Ясеня, Дрычына, Вяззя. Выступалі і ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, спецшколе-інтэрнаце. А летась нават сталі актыўнымі ўдзельнікамі “Ночы музеяў”, чым акцёры вельмі ганарацца, бо іх выступленне глядзела мноства дарослых. Ды і брэндавыя фестывалі “Веснавыя колеры” і “Хваля” збірае сяброў” таксама без іх не абыходзяцца.
У скарбонцы творчых перамог “ялінкаўцы” маюць шмат дыпломаў і падзячных лістоў. А нядаўна сталі лаўрэатамі ІХ Міжнароднага завочнага конкурсу сцэнічнага мастацтва “Радасць планеты” (Санкт-Пецярбург): у намінацыі “Тэатральная творчасць. Лялечны тэатр” іх пастаноўка “Цярэшка на кірмашы” прызнана лепшай.
У планах “Ялінкі” — шмат цікавых ідэй і задумак. І яны абавязкова ажыццявяцца, бо галоўнае, што рухае творчых людзей наперад, — любоў да справы, якой займаюцца.
Ніна ВІКТОРЧЫК.
n.viktorchik@gzt-akray.by