В Осиповичском районе чествовали передовиков агропромышленного комплекса
Сустрэча, сагрэтая добрым настроем
Канчатковыя вынікі ўборачнай кампаніі ўжо не першы год на Асіповіччыне падводзіць менавіта фестываль-кірмаш. Сёлета ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да знакавай падзеі ў працоўным календары хлебаробаў, адбылося ў аграгарадку Ясень.
Населены пункт сустрэў гасцей абноўленым. Новыя штыкетнікі з’явіліся па вуліцы Шасейнай, падрамантавалі агароджы каля школы і амбулаторыі. Тратуарную дарожку ўздоўж узгаданай вуліцы зрабілі працаўнікі ДРБУ-199, а УКП ЖКГ — ямачны рамонт Маладзёжнай і Садовай. Сельгаспрадпрыемства пафарбавала ферму. Нямала работы праведзена і ў мясцовым Доме культуры: адрамантавалі дах, пафарбавалі фасад, зрабілі касметычны рамонт унутры.
Мерапрыемства прайшло напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны АПК, і гэта стала адметнасцю сёлетніх “Дажынак”: да аграрыяў далучыліся і іх партнёры-перапрацоўшчыкі. Радасць галоўнага свята хлебаробаў падзялілі і ганаровыя госці, якія прыехалі з Бабруйска, Кіраўска, Беразіно.
Распачаўся фэст тэматычнай харэаграфічнай кампазіцыяй ды разважаннямі вядучых аб тым, што толькі яна, руплівая і дбайная праца, нараджае хлеб, робіць ніву шчодрай. Як заўсёды, шчымліва-ўрачыстым момантам стала ўручэнне караваяў кіраўнікам гаспадарак і галоўнага дажыначнага — галаве раёна. Гэтыя атрыбуты свята вырабляліся на ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, і мясцовыя хлебапёкі пастараліся зрабіць сімвалы сонца і дабрабыту прыгожымі і смачнымі.
Герояў жніва першым віншаваў старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі. Ён выказаў словы шчырай удзячнасці ўсім перадавікам і ўдзельнікам уборачнай кампаніі за добрасумленную працу і асабісты ўклад кожнага ў сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Арганізаванасць, мэтанакіраванасць, згуртаванасць — вось асноўныя складальнікі паспяховага правядзення жніва. Як, дарэчы, і любой справы. Кіраўнік раёна пад-крэсліў, што наступны год стане для хлебаробаў і ўсіх жыхароў Асіповіччыны асаблівым: разам будзем рыхтавацца да абласных “Дажынак”. А гэта ў першую чаргу значыць, што трэба вырасціць ураджай, якім па праве зможам ганарыцца. Шэраг працаўнікоў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя лісты старшыні.
Зразумела, асаблівая ўвага надзялялася працоўнаму спаборніцтву. Сярод арганізацый лідзіруе філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”: 103,3 кілаграма збожжавых і зернебабовых культур на бала-гектар пасяўной плошчы. Сярод галоўных аграномаў вызначыліся Раман Давідовіч з названай гаспадаркі, таксама Іна Абрамовіч і Генадзь Кашлач з ААТ “ЖорнаўкаАГРА” і “Каменічы” адпаведна. У інжынернай службе адзначаны Міхаіл Чарапок з “ЖорнаўкіАГРА”, Віталь Карпянюк з “Каменічаў” і Максім Шаўчэнка з “Белшыны-агра”. Лідарамі сярод старшых камбайнераў і камбайнераў прызнаны “белшынавец” Сцяпан Давідовіч, Пётр Жаўняк і Міхаіл Чарапок з “ЖорнаўкіАГРА”, таксама працаўнік філіяла Аляксей Лісіца. Сцяпан наогул выклікаўся на сцэну двойчы, бо стаў пераможцам і ў маладзёжным спаборніцтве, а другое і трэцяе месцы сярод моладзі занялі Яўген Жуковіч з філіяла і працаўнік “Авангарда-Нівы” Васіль Жук. У тройку мацнейшых вадзі-целяў увайшлі прадстаўнікі “Белшыны-агра” Сяргей Вікторчык і Раман Iўчык, Аляксандр Пятрэнка з “ЖорнаўкіАГРА”. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і маладыя вадзіцелі —“белшынавец” Iван Жуковіч і Дзяніс Лазоўскі з элітгаса. “Добра працаваць стараюся заўсёды, бо так выхаваны, — падзяліўся Іван. — А атрымаць за сваё старанне яшчэ і пэўны бонус — двайная прыемнасць”.
Поспехаў у хлебаробскай справе, удачы ва ўсіх пачынаннях і дастойнага заробку жадала старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Алена Паргачова. Узнагароджаны трактарыст Лапіцкага лясніцтва ЖЭЛБ Юрый Ждановіч, вадзіцелі пагрузчыкаў ДЭУ-73 і УКП ЖКГ Андрэй Пісарэвіч і Сяргей Тадоранка адпаведна. Гэта людзі, якія ў гарачую пару дапамагалі сельгасарганізацыям. Ад райкама прафсаюза АПК заахвочаны старшыня прафкама ААТ “Авангард-Ніва” Алена Дастанка, повар з Жорнаўкі Наталля Лабада.
Свята стала добрай нагодай для ўмацавання партнёрскіх сувязяў. Так, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў атрымалі наборы прадуктаў ад холдынга “Бабушкина крынка”, а дырэктар філіяла “Асіповіцкі” Ірына Філіпава выказала спадзяванне, што супрацоўніцтва будзе толькі развівацца.
Як і ў ранейшыя гады, добрым памочнікам гаспадаркам была моладзь. За актыўны ўдзел у рабоце студатрадаў у рамках трэцяга працоўнага семестра дыпломамі і падарункамі ўзнагароджаны майстар вытворчага навучання прафесійна-тэхнічнага каледжа Андрэй Кузьміч, байцы студатрада гэтай жа ўстановы Валянціна Рэдзько, Мікіта Пасечнік, Сяргей Гаўрылін, Дар’я Гулякевіч, Кацярына Язубчык, Данііл Люсін, Мікіта Снігір, Аляксандр Вайцешын, а таксама школьнікі Дзяніс Ерашэвіч (СШ № 4) і Ганна Барабіна (Жорнаўская СШ). За асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і аказанне падтрымкі моладзі ў арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў дыпломамі і падарункамі адзначаны шэраг кіраўнікоў гаспадарак. Ну а дзякавала за стварэнне ўмоў для рэалізацыі працоўных магчымасцей для юнакоў і дзяўчат першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Алена Надзеявец.
Словы асаблівай пашаны былі выказаны і ветэранам галіны, прафесійным дынастыям.
“Дажынкі” праводзяцца ў фармаце фестывалю-кірмашу, што прадугледжвае цэлы шэраг мерапрыемстваў. I цікавага ў гэты дзень адбывалася нямала. На сцэне святочны настрой стваралі вядомыя і любімыя землякамі калектывы і асобныя выканаўцы. У наведвальнікаў свята была магчымасць набыць цікавую сувенірную прадукцыю, вязаныя рэчы, разнастайныя цацкі і ўпрыгажэнні. Выдатную тэматычную выставу літаратуры і падборку матэрыялаў падрыхтавала цэнтралізаваная бібліятэчная сетка раёна. Гасцей запрашалі з густам аформленыя падворкі ўстаноў культуры, палаткі гандлёвых арганізацый і малочнага перапрацоўшчыка. Так звычайны халодны лістападаўскі дзень стаў святочным і цёплым.
Валянціна КОРБАЛЬ.
v.korbal@gzt-akray.by
Фота Ніны ЦАРЫК.
Больш фота глядзіце тут.