Пабачыла свет кніга Таццяны Хвагінай «Пінск – палеская легенда»
«Пінск – палеская легенда». Пад такой назвай у дзяржаўным выдавецтве «Вышэйшая школа» зусім нядаўна пабачыла свет новая кніга пра наш любімы горад. Яе аўтар – вядомы экскурсавод і краязнаўца Таццяна Хвагіна. Сімвалічна, што выданне стала прыемным падарункам палешукам у асаблівы год, калі Пінск абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі.
Кніга «Пінск – палеская легенда» знаёміць чытачоў з ключавымі падзеямі гісторыі горада над Пінай і людзьмі, якія праславілі яго сваёй стваральнай дзейнасцю, творчасцю, дасягненнямі ў розных сферах. На старонках прадстаўлены ранейшае і сучаснае аблічча горада з яго архітэктурнымі і гістарычнымі помнікамі і іншымі славутасцямі. Пінск паўстае як важны эканамічны, культурны і духоўны цэнтр Палесся.
Асобна хочацца адзначыць, што выданне маляўнічае і цудоўна ілюстраванае. У кнігу ўвайшлі фотаздымкі Руслана Маркевіча, Вячаслава Ільянкова, Паўла Куніцкага, Дзмітрыя Ленкаўца, Сцяпана Гаранца, Аляксандра Шатохіна, Яўгена Валодзькі, Сяргея Дзям’янава, Алега Шумігая. Творчыя работы фотамайстроў прасякнуты любоўю да роднага горада, праз іх аб’ектывы і незвычайныя ракурсы паўстае прыгожы, прывабны і чароўны вобраз Пінска з яго самабытнасцю і асаблівым настроем. Таксама ў кнізе выкарыстаны матэрыялы з фондаў Музея Беларускага Палесся і архіўныя матэрыялы газеты «Пінскі веснік». Выданне на беларускай, рускай і англійскай мовах адрасавана шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй, архітэктурай і культурным жыццём, а таксама беларускім і замежным турыстам. Знайсці і набыць фаліянт можна ў кніжных магазінах нашага горада. Дарэчы, тыраж складае 1 500 экзэмпляраў.
Прэзентацыя кнігі стала сапраўды значнай падзеяй у культурным жыцці горада. 11 верасня ўтульная зала Палескага драматычнага тэатра была запоўненая людзьмі. Менавіта тут адбылася творчая імпрэза, прысвечаная новаму выданню. Ганаровымі гасцямі ўрачыстай падзеі сталі намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак, клірык Свята-Варварынскага сабора протаіерэй Сергій, рэктар Пінскай Вышэйшай духоўнай семінарыі Андрэй Рылка, дырэктар дзяржаўнага выдавецтва «Вышэйшая школа» Аляксандр Нячай разам з супрацоўнікамі выдавецтва, а таксама пінскія фатографы, якія прымалі ўдзел у стварэнні кнігі. Аўтар Таццяна Хвагіна падзякавала ўсім, хто далучыўся да справы:
– Праца над кнігай была даволі складаная, бо патрэбна было паказаць не толькі гісторыю Пінска, але і сучаснасць, культурнае жыццё, а яно ў нас разнастайнае і заслугоўвае асобнага выдання. Прыемна, што мне ўдалося расказаць пра нашых мастакоў, музыкантаў, танцораў, артыстаў тэатра. У гэтым праекце мне дапамагала шмат людзей – кансультанты з праваслаўнай і каталіцкай епархій, мае былыя студэнты, супрацоўнікі Пінскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа і асабіста Руслан Маркевіч, Музей Беларускага Палесся і многія іншыя асобы і ўстановы. Дзякуючы ім атрымалася такое прыгожае і інфарматыўнае выданне. Галоўная, чырвоная ніць твора – паказаць вобраз горада, зафіксаваць імгненне з яго жыцця. Спадзяюся, пройдзе час, і па гэтай кнізе, па фотаздымках можна будзе пабачыць, якім у тыя ці іншыя гады быў наш любімы Пінск.
Вядучымі вечарыны былі акцёры Палескага драматычнага тэатра Андрэй Дзмітрычэнка і Алена Андрэева. Яны правялі экскурс па асноўных раздзелах захапляльнай кнігі Таццяны Хвагінай. Удалым дапаўненнем сталі выступленні творчых калектываў і выканаўцаў, якія падаравалі ўсім прысутным сапраўднае задавальненне. Сярод іх – ансамбль старажытнай музыкі «Сальтарэлла» Пінскай дзіцячай школы мастацтваў, калектыў Палескага драматычнага тэатра, заслужаны фальклорна-харэаграфічны ансамбль «Пінская шляхта» Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, ансамбль песні і танца «Палескія зоры», кампазітар Алег Венгер, узорны калектыў эстрадна-спартыўнага танца «Дарлінг». У завяршэнне імпрэзы былі ўручаны кнігі ганаровым гасцям і тым, хто дапамагаў у яе стварэнні. Жадаючыя змаглі пагутарыць з аўтарам і ўзяць аўтограф на памяць.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.