Яркая палітра вобразаў Наталлі Карман
Гэтым летам Шаркаўшчынскі раённы цэнтр рамёстваў падрыхтаваў для сваіх наведвальнікаў новы падарунак – персанальную выставу работ маладой шаркаўшчынскай мастачкі Наталлі Карман, якую сама аўтар назвала “Гульня слоў”.
Наш невялікі гарадок, безумоўна, ганарыцца сваімі самабытнымі майстрамі, кожны з якіх па свойму глядзіць на свет і дзякуючы сваёй творчасці дзеліцца асабістым успрыманнем свету з гледачамі. Пры гэтым кожны год у культурным асяроддзі Шаркаўшчыны ўзнікаюць і займаюць сваё месца новыя імёны. Наталля Карман – адна з іх.
Прыгожая, абаяльная і творчая Наталля нарадзілася і вырасла ў Шаркаўшчыне. Вучылася ў Віктара Фёдаравіча Крука на мастацкім аддзяленні Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Потым паступіла і папяхова закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Некаторы час працавала выкладчыкам ў Мінскім каледжы мастацтваў, затым мастаком у фірме ”Магія вітража” у Мінску. У 2016 годзе вярнулася ў Шаркаўшчыну і пачала працаваць ў калектыве майстроў Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў. Зараз маладая маці знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. І працягвае стараць новыя работы і займацца творчасцю.
Як адзначае сама аўтар, яе прываблівае ўсё новае і цікавае. Працуе Наталля ў розных накірунках мастацтва, пры гэтым перавагу аддае менавіта жывапісу. Яркая палітра і рамантычны настрой адрозніваюць яе работы. Наталля вельмі любіць жывёл і менавіта іх часта адлюстроўвае на сваіх карцінах. А сюжэты бярэ з рэальнага жыцця.
“Гульня слоў” – першая персанальная выстава работ маладога аўтара, яе першы выхад да гледача . Калектыўных было ўжо некалькі, у тым ліку і з іншымі маладымі аўтарамі.
У дзень прэзентацыі сваіх работ шчырыя словы віншаванняў маладая мастачка пачула ад сваіх выкладчыкаў з Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Віктара Фёдаравіча Крука і Марыны Пятроўны Ліпскай, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іны Мар’янаўны Шынкевіч, намесніка дырэктара цэнтра культуры па народнай творчасці Вікторыі Казіміраўны Дубоўскай, а таксама калег і родных, якія высока ацанілі работы таленавітага аўтара і пажадалі ёй шчасця, поспехаў і новых творчых перамог.