У Пінску на адкрыцці фестываля арганнай музыкі з канцэртам выступіў вядомы расійскі арганіст Канстанцін Валастноў (відэа)
У культурным жыцці сталіцы Палесся – новая значная падзея. У нашым горадзе ў маі-ліпені праходзіць міжнародны фестываль арганнай музыкі, прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтэка. Паслухаць гучанне ўнікальнага музычнага інструмента, аднаго са старэйшых у Беларусі, можна ў кафедральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Фестываль арганнай музыкі прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтэка. У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня яго пасвячэння ў духоўны сан. Фестываль будзе завершаны 21 ліпеня, у дзень яго смерці, выкананнем рэквіема. Казімір Свёнтэк у 1990-я гады сыграў важную ролю ў адраджэнні арганнай культуры Беларусі – арганізаваў серыю канцэртаў на пінскім аргане.
Так што музычны форум «Маці міласэрнасці» – гэта, у пэўным сэнсе, узнаўленне добрых традыцый і падзяка кардыналу. Памяці Казіміра Свёнтэка прысвечана і выстава, якая размяшчаецца ў адным з памяшканняў касцёла. Тут можна пабачыць дакументы, фотаздымкі, асабістыя рэчы легендарнай асобы ў гісторыі каталіцкага касцёла.
Патрэбна адзначыць, што ў 2019 годзе скончылася чарговая маштабная рэстаўрацыя пінскага аргана, спонсарам якой выступіў бізнесмен Юрый Зісер. Работы праводзіў аўтар энцыклапедыі «Арганы Беларусi» Аляксандр Бурдзялёў. Так што цяпер можна пачуць інструмент, першы ўспамін аб якім датуецца 1836 годам, у яго першародным гучанні.
Урачыстае адкрыццё міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Маці міласэрнасці» адбылося 25 мая з удзелам прадстаўнікоў мясцовых уладаў і адміністрацый некаторых раёнаў Брэстчыны, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса Польшчы і Украіны. З канцэртам выступіў Канстанцін Валастноў – адзін з найбольш запатрабаваных расійскіх арганістаў, лаўрэат першых прэмій прэстыжных міжнародных конкурсаў, педагог.
Мэтр віртуозна выканаў на старадаўнім аргане творы І.С. Баха, А. Вівальдзі, Р. Шумана, М. Рэгера, Ф. Ліста. Паслухаць добрую музыку і атрымаць асалоду ад гучання інструмента прыйшло шмат пінчан і гасцей горада – касцёл быў запоўнены слухачамі розных узростаў. Майстэрства музыканта, цудоўнае гучанне аргана і, канешне, прыгажосць убранства каталіцкай святыні – усё гэта ў спалучэнні стварала незвычайную ўзнёслую атмасферу.
– Гэта цудоўна, што ў адносна невялікім горадзе з’явіўся такі маштабны фестываль, які засяроджаны вакол вельмі цікавага і знакавага для арганнай культуры Беларусі інструмента. Арганізатары выдаткавалі шмат сродкаў і сіл, каб арган ажыў, аднавіў сваю былую гукавую прыгажосць. Праграма фестывалю насычаная, амбіцыёзная, пакладзены вельмі добры пачатак. Гэта знамянальная падзея і для мяне як музыкі і арганіста. Вялікая адказнасць і хваляванне быць першым выканаўцам, які адкрывае фестываль, – адзначыў Канстанцін Валастноў.
Як падкрэсліў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Фамы Аквінскага ксёндз Андрэй Рылка, фестываль «Маці міласэрнасці» – гэта вельмі добры прыклад сустрэчы духоўнасці, культуры і музыкі. Яго асаблівасць у тым, што тут могуць выступіць не толькі знакамітыя музыканты, але і пачынаючыя творцы.
Так, за час правядзення фестывалю ў Пінску запланавана выступленне амаль 30 арганістаў. Гэта навучэнцы дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, вышэйшых навучальных устаноў, маладыя выканаўцы і прызнаныя майстры арганнай музыкі з Пінска, Мінска, Полацка, Гродна, Масквы, Санкт-Пяцярбурга, Беластока, Кракава, Луцка. На працягу амаль двух месяцаў запланавана больш за 20 рознафарматных канцэртаў. Жадаючым прадставіцца магчымасць пачуць сольныя арганныя кампазіцыі, а таксама гучанне аргана ў спалучэнні з іншымі музычнымі інструментамі, вакалам, аркестрам.
Арганізатарамі фестывалю арганнай музыкі выступаюць Пінскі гарвыканкам і Пінская епархія Рымска-каталіцкай царквы.
Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.
Праграма фестывалю:
- 8 чэрвеня: Канцэрт музыкі сучасных беларускіх кампазітараў. Вольга Падгайская (арган), Аксана Герасімёнак (скрыпка), Арцём Атрашэўскі (тэрменвокс) (Мінск) – 16.00.
- 9 чэрвеня: Юры Габрусь (Мінск) – 16.00.
- 11 чэрвеня: Канцэрт першага беларускага арганнага дуэта: Юры Габрусь і Варвара Царук (Мінск) – 19.30.
- 12 чэрвеня: Варвара Царук (Мінск) – 19.30.
- 15 чэрвеня: Арына Цытлёнак (Мінск – Гент) – 16.00.
- 16 чэрвеня: Анастасія Сідзельнікава (Масква) – 16.00.
- 18 чэрвеня: Ксенія Пагарэлая (Полацк) – 19.30.
- 20 чэрвеня: Даніэль Зарэцкі (Санкт-Пецярбург) – 19.30.
- 22 чэрвеня: Даніэль Зарэцкі (Санкт-Пецярбург) – 19.30.
- 23 чэрвеня: Ірына Кліміна (Санкт-Пецярбург) – 16.00.
- 27 чэрвеня: Юзаф Катовіч (Беласток) – 19.30.
- 29 чэрвеня: Вікторыя Куцько (Пінск) – 16.00.
- 30 чэрвеня: Марыя Макаранка (Масква) – 16.00.
- 2 ліпеня: Марыя Макаранка (арган), Станіслаў Ярашэўскі (флейта) (Масква) – 19.30.
- 3 ліпеня: Пётр Сухоцкі (Луцк) – 16.00.
- 6 ліпеня: Ірына Разанава (Санкт-Пецярбург) – 16.00.
- 7 ліпеня: Вера Латышава (Гродна) – 16.00.
- 14 ліпеня: Даніэль Прайзнэр (Кракаў) – 16.00.
- 20 ліпеня: Лілія Пячонкіна (Санкт-Пецярбург) – 16.00.
- 21 ліпеня: Закрыццё фестывалю. Requiem.