Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Твар горада, альбо Нефармальны лідар
На думку настаўніцы гімназіі Таццяны Манчак, у 40 - 70-х гадах тварам Смаргоні быў Аляксандр Дзяруга. Нефармальным лідарам для смаргонцаў.
Апошні званок у СШ №2. Таццяна (другая злева ў першым радзе). 1972 год.
Дзіцячы псіхолаг
“Мне пашчасціла асабіста ведаць гэтага чалавека, - удакладняе Таццяна Аляксандраўна. – Усе дзесяць школьных гадоў мы часта з ім сустракаліся: на канцэртах, вечарынах, урачыстасцях. Два гады я наведвала дзіцячы хор, якім кіраваў Аляксандр Анісімавіч. Шчыра ўлюбёны ў музыку, ён у нас абуджаў цікавасць да прыгожых мелодый і песень, быў тонкім псіхолагам. Адчуваў настрой кожнага ўдзельніка хору. І калі бачыў, што дзіця не ў настроі, тут жа цікавіўся: “А што з табой? Чаму такая (ці такі) сумная (сумны)?”
Знаходзіў такія ключыкі да душэўнай арганізацыі кожнага з нас, што неўзабаве мы поўнасцю адкрываліся настаўніку. Часам нават бацькам не маглі расказаць таго, што расказвалі Дзяругу. А ён заўсёды знаходзіў словы, каб супакоіць, а пасля і падняць настрой.
Настаўнік быў вельмі патрабавальны да нашага знешняга выгляду, асабліва падчас выступленняў. Белыя кашулі, чорныя спадніцы, піянерскія гальштукі. Усё павінна быць выключна чыстым, накрухмаленым, адпрасаваным. Дарэчы, і яго знешні выгляд заўсёды быў бездакорным – і на рэпетыцыях, і на канцэртах.
Партрэт героя
Не сказаць, што Аляксандр Анісімавіч быў прыгажуном… Ён быў прывабным, харызматычным. Я не помню, каб ён быў сур’ёзны, задуменны, пануры. Як ні стараюся, не магу яго ўявіць раздражнёным, злым, незадаволеным. Цярплівы, ветлівы, з усмешкай на твары. Помню заклапочанага, калі на яго навальвалася шмат работы, а ён павінен быў паспець усюды. І паспяваў. Ён быў нястомны, з вялікай жыццёвай энергіяй.
Помню яго вочы – блакітныя, глыбокія і заўсёды вясёлыя. Цяпер я думаю: “Як навучыцца жыць так, каб увесь час быць у такім добрым настроі? Напэўна, ён і пражыў столькі, бо на пазітыўных эмоцыях жыў. Здавалася, у яго ніколі не было ніякіх праблем. Натуральна, што былі. Але ён па-свойму вельмі мудра іх вырашаў.
З захапленнем успамінаецца яго прыроджаная шляхетнасць, выкшталцонасць, як гаварылі раней мясцовыя людзі. Ён быў адзіным мужчынам на ўсю Смаргонь, хто пры сустрэчы, вітаючыся, здымаў капялюш і злёгку кланяўся. Нават нам, падлеткам. А жанчынам сталага ўзросту цалаваў у руку.
Аляксандр Дзяруга заўсёды насіў капялюш. Летам лёгкі, калі халадней, - фетравы. У яго было шмат капелюшоў. У іх ён выглядаў вельмі элегантна”.
Каб апісанне знешняга выгляду мэтра было закончаным, неабходна дадаць вусы, сівую капну валасоў, акуратны касцюм, белую кашулю, гальштук і… бялізнавую прышчэпку на калашыне. Фотаапарат і веласіпед “дамачка” – два нязменныя “атрыбуты” дзяругінскага вобраза.
Тыя, хто ведаў Дзяругу, гаварылі, што тварам ён быў падобны да фізіка-атамшчыка Альберта Эйнштэйна. Тыя, хто ведаў Эйнштэйна, гаварылі, што ён быў незвычайна добрым чалавекам, у любы час працягваў руку дапамогі. Незвычайнае супадзенне. І знешняе, і ўнутранае.
Таццяна са старэйшай сястрой. 1959 год.
Другая палавіна
“Добра памятаю і жонку Дзяругі, - прадаўжае дзяліцца ўспамінамі мая суразмоўца. - Яна вяла заняткі па музыцы ў дзіцячым садку. Яго наведваў мой малодшы брат. У дзень, калі былі музычныя заняткі, мы прыходзілі загадзя (быццам не спецыяльна), каб паслухаць, як займаецца з дзецьмі, як грае на фартэпіяна і спявае Надзея Канстанцінаўна. Яна была неверагоднай прыгажуняй. Вельмі молада выглядала. Вытанчаная, грацыёзная, з густам апраналася, вобраз дапаўняла моднымі аксесуарамі – шалікамі, хустачкамі.
Яна была прафесіянал сваёй справы. Ранішнікі, якія ладзіла, былі выключнымі. Дзеці – выдатна падрыхтаванымі”.
Падпольшчык і краязнаўца
Не толькі музыкай жыў Аляксандр Дзяруга. Ён захапляўся гісторыяй, краязнаўствам. З задавальненнем выступаў перад вучнямі на класных гадзінах. Надзвычай шмат і цікава расказваў ён пра акупацыю Смаргоні ў 1941 - 1944 гадах. Святлана Віктараўна Ліс, класны кіраўнік Танінага класа, жыла па суседству з Дзяругам і часта запрашала яго да сябе на мерапрыемствы.
Смаргонскія дзяўчаты (маці Таццяны - у другім радзе злева). 1947 год.
Разам з класным кіраўніком і Аляксандрам Дзяругам Таццянін клас хадзіў у двухдзённы паход у Ардзяю. Наведалі могілкі, дзе пахаваны партызаны Васіль Козел і Анатоль Кавяза. Сустрэліся з іх бацькамі. А пасля накіраваліся ў вёску Белае, дзе загінулі маладыя партызаны. Дзяруга таксама арганізаваў для нас сустрэчу з удзельнікамі спецгрупы “Бура”.
Удзельнікі паходу. З Ардзяі ў Белае юныя турысты перапраўляліся праз Вілію на лодках. 1969 год.
Дарэчы, у гады вайны Дзяруга сам удзельнічаў у партызанскім руху. Мікалай Міхайлашаў, камандзір спецыяльнай разведвальна-дыверсійнай групы «Бура», у сваёй кнізе “Бура гневу” ўспамінае смаргонскага падпольшчыка, фатографа Аляксандра Дзяругу. Аляксандр Анісімавіч захаваў фатаграфіі і негатывы многіх супрацоўнікаў СД, жандармерыі і паліцыі, якія звярталіся да яго, каб зрабіць здымак для дакументаў. Архіў Дзяругі саслужыў добрую службу: памог чэкістам вышукваць і выкрываць былых памагатых акупантаў.
Напрыканцы размовы Таццяна Манчак зазначыла: “Аляксандр Анісімавіч шчыра любіў горад і людзей. Імкнуўся выклікаць у нас, падлеткаў, цікавасць да гісторыі Смаргоншчыны. Яму ўдалося пасеяць у ва мне зернейкі любві да гісторыі роднага краю, мовы, якія пазней перараслі ў вялікае захапленне краязнаўствам, традыцыямі і абрадамі”.
Беларускі празаік і журналіст Уладзіслаў Рубанаў у сваім рамане “Не аднойчы забіты”, сцвярджаў: “У чалавека ёсць два шляхі абессмяроціць сябе: мастацтва і дабрата. Першы падуладны нямногім, другі – усім”. Аляксандр Дзяруга, несумненна, меў талент ісці двума шляхамі адразу. Ну што тут скажаш? “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” , - нямецкі пісьменнік Ліон Фейхтвангер, якому належыць гэта выказванне, жыў у адзін час з Дзяругам. І мне здаецца, што яны былі знаёмыя.
Галіна АНТОНАВА.
Фота з сямейнага архіва Таццяны МАНЧАК.