Шэсць спектакляў пакажуць артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якія з 21 па24 лютага прабудуць з гастролямі ў Століне.
Першы спектакль адбыўся ўчора на сцэне Столінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Была паказана п’еса сучаснага беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага “А калі заўтра няма…” (16+). Яе гледачамі сталі педагогі, навучэнцы ліцэя і старшакласнікі горада.
… У п’есе паказана жыццё 16-гадовага Антона, які даведзены да адчаю. Вось яны — парэнчы балкона на чацвёртым паверсе… Крок наперад — і заўтра ўжо не будзе! Але ўнізе стаіць дворнік Васіль. Ён не прыходзіць у жах, не крычыць, а толькі глядзіць уверх, чамусьці ўсміхаецца …
Выпадковае знаёмства становіцца лёсавызначальным, бо дворнік ратуе хлопца ад здзяйснення самай вялікай памылкі.
Як аказваецца, бацькі Антона паехалі ў Лондан і там другі тыдзень «адрываюцца». Дома паралізаваны маўклівы дзед, а каханая дзяўчына не хоча размаўляць з Антонам.
Пакінуты, забыты, нікому не патрэбны, дзед увесь свой час праводзіць у маўчанні, яго ніхто не вывозіць на вуліцу. Глядач упэўнены, што ў старога адняло мову. Але высвятляецца, што маўчанне — гэта пратэст у адносінах да ўласнай сям’і, якой ён стаў не патрэбны. Абыякавасць блізкіх толькі парадніла Антона з дзедам.
Гэтая п’еса пра сем дзён, якія памянялі светапогляд галоўнага героя. Усяго тыдзень, за які ён здабыў і страціў сябра. Аднак менавіта гэты час дапамаго Антону знайсці ў сабе сілы для дапамогі такому ж няшчаснаму чалавеку. «Заўтра» ужо ніколі не надыходзіць для дворніка, але Васіль дорыць «заўтра» Антону і яго дзеду, якія ў канцы спектакля выязджаюць на двор. Яны разумеюць, што гэты дзень стаў пачаткам новага жыцця, у якім яны больш не будуць самотныя…
Гэтая пастаноўка прымушае людзей гаварыць на тыя тэмы, пра якія звычайна прынята маўчаць: адзінота, абыякавасць самых блізкіх і ўдзел зусім чужых людзей, якія здольны дапамагчы зрабіць правільны выбар.
Прагляд прайшоў на адным дыханні. Гледачы апладзіравалі стоячы, шчыра дзякавалі за далучэнне да тэатральнага мастацтва, не выязджаючы ў сталіцу. Многія ўпершыню адкрылі для сябе гэты тэатр.
Ролі выконвалі: Антон –Дзмітрый Давідовіч, дворнік Васіль — Андрэй Новік (ураджэнец Століна, выпускнік ліцэя), тата Сяргей Антонавіч — Максім Шышко, ён жа выконваў ролю дзеда.
Пасля спектакля адбылася творчая гутарка з акцёрамі тэатра. Юныя гледачы задавалі акцёрам пытанні, цікавіліся іх ролямі і ў тэатры і кіно, складанасцямі прафесіі.
Як прызнаўся Андрэй Новік, з самага пачатку акцёрскай кар’еры ён марыў прыехаць у родны горад са сваёй творчай работай. І вось яго мара ажыццявілася. Яны з трупай тэатра пакажуць чатыры работы, а спектакляў сыграюць увогуле шэсць.
Пастаноўка “А калі заўтра няма…” — гэта яго студэнцкая і адна з любімых работ, як і п’еса”Ціхі шэпат сыходзячых крокаў”, якая адбудзецца на сцэне Столінскага гарадскога дома культуры 23 лютага.
Гэта спектакль, дзе мяжа паміж жыццём і смерцю, сном і рэальнасцю сціраецца канчаткова. Магчыма, гэта той спектакль, у якім сны, што датычацца мінулага, цяперашняга і будучага, нясуць у сабе столькі інфармацыі, што хопіць надоўга паразважаць і асэнсаваць уласныя думкі і адносіны паміж роднымі і блізкімі.
22 лютага аматараў тэатра парадуюць камедыяй “Адамавы жарты” (18+). Аўтэнтычны, легкі спектакль.У ім неверагодна пераплецена рэальнае і фантастычнае, сапраўднае і карыкатурнае, сучаснае і старажытнае, шмат музыкі, пластыкі і, вядома, жартаў.
23 і 24 лютага ў 11.00 гадзін у Столінскім ГДК дзецям пакажуць спектакль для дзяцей і дарослых “А мне не сорамна” ў жанры “Больш, чым казка” (6+). Цана білета – 5 рублёў.
…У лесе згубілася чыёсьці сумленне! Добрае, смешнае стварэнне выпадкова выпала з цела свайго гаспадара. І цяпер нехта блукае без сумлення! Лес у небяспецы!
Маленькія, але вельмі адважныя Заяц, Вожык і Бабраня дружна адправіліся на пошукі бессаромніка…
Пачатак спектакляў для дарослых у 18.00 гадзін. Заказ білетаў па тэл. 2 05 50 (гарадскі Дом культуры). Цана — 10 рублёў.
Галіна ГАШЧУК
На здымку: на памяць з акцёрамі
Фота аўтара