Жывыя ноты «Акварэлі», музыка і дзеці…

Источник материала:  

Жывыя ноты «Акварэлі», музыка і дзеці…Станіславу Руткоўскаму – 14 год, Ані Чупровай і Аляксандру Лучкоўскаму  — па 13, а Мікалаю Міронаву яшчэ толькі  11.  Усіх гэтых творчых дзяцей аб’ядноўвае любоў да музыкі , інструментальны ансамбль  “Акварэль”, удзельнікамі якога яны з’яўляюцца, а яшчэ творчы і без сумнення таленавіты педагог, выкладчыца Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў  Святлана Пятроўна Гірстун – менавіта яна разам са сваімі калегамі далучае многіх юных шаркаўчан  да чароўнага свету музыкі, культуры, прыгажосці і мастацтва. А яшчэ Святлана аднойчы паспрабавала  скрыпку і гітару аб’яднаць у дуэт – так у школе мастацтваў нашага гарадскога пасёлка з’явіўся  цудоўны  інструментальны ансамбль “Акварэль”. Дзіцячы калектыў з рэдкім  спалучэннем такіх музычных інструментаў, як гітара і скрыпка, паспяхова выступае на  многіх канцэртных пляцоўках,    ўдзельнічае ў большасці  раённых мерапрыемстваў. У ліку перамог юных музыкантаў – 1 месца на фестывалі “Да сонца” у горадзе Браслаў(2018 год)  ідвойчы заваяванае  другое месца на адкрытым рэгіянальным фестывалі ансамблевай музыкі “Вясёлка сугуччаў” у нашым гарадскім  пасёлку,  дзе былі прадстаўлены лепшыя дзіцячыя калектывы не толькі з Віцебскай вобласці, але і з Латвіі, Літвы і Расіі ( 2017 і 2018 год). Станіслаў Руткоўскі ў ансамблі іграе на скрыпцы, Ганна Чупрова і Саша Лучкоўскі – на гітарах, Коля Міронаў авалодаў майстэрствам  ігры на ўдарных інструментах. Пры гэтым жывыя ноты “Акварэлі” ужо добра знаёмы шаркаўшчынскаму гледачу, а выступленні юных музыкантаў на канцэртах заўсёды суправаджаюцца   самымі  гучнымі апладысментамі.

У нашым невялікім рэгіёне таксама ёсць таленавітыя дзеці. Разгледзець творчыя здольнасці дзіцяці і дапамагчы яму іх развіць  — няпростая задача. Яна пад сілу толькі добраму настаўніку. Святлана Пятроўна Гірстун – адданы сваёй справе прафесіянал. Напэўна, у гэтым і ёсць яе ключ да поспеху.  Вучні Святланы  неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі многіх музычных конкурсаў і фестываляў. А ў  гэтым годзе  да гэтай абаяльнай жанчыны і творчага педагога   на заняткі ў дзіцячую школу мастацтваў прыходзяць  19 чалавек, усе яны  займаюцца па класе гітары. Святлана і сама нездарма ў свой час выбрала менавіта гэты музычны інструмент. Па яе словах, сакрэты педагагічнага і выканаўчага майстэрства ёй перадаў выдатны педагог і музыкант   Анатолій Фёдаравіч Жалтаносаў, якога, на жаль, ужо няма ў жывых. Удзячна Святлана і сваім бацькам, якія своечасова падтрымалі яе выбар і зрабілі ўсё магчымае, каб дачка змагла паспяхова займацца музыкай.  Таму пасля  заканчэння школы дзяўчына  паступіла ў  Маладзечненскае музычнае  вучылішча па класе гітары, адпрацавала 1 год у Глыбокім. А потым лёс вярнуў яе ў родную Шаркаўшчыну, дзе ў калектыве выкладчыкаў Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў мая суразмоўца  працуе і зараз,  на працягу  15 год.

Святлана Пятроўна сама піша музыку і вершы, яна – аўтар усіх   музычных кампазіцый, якія на шматлікіх канцэртах і рэлігійных святах  выконвае вакальна-інструментальны гурт шаркаўшчынскай моладзі “Музыкі Хрыста”, створаны пры касцёле Узышэння Святога Крыжа. Названы калектыў пад кіраўніцтвам С. П. Гірстун ужо змяніў не адзін састаў музыкантаў і  заваяваў шэраг перамог на конкурсах рознага ўзроўню.

Як упэўнена  сама Святлана, дзеці, музыка і гітара – неад’емная частка яе жыцця. А рэзультатыўна працаваць з вучнямі  дапамагаюць усе педагогі, якія працуюць побач у школе. Мечыслаў Эмануілавіч Касцюк, напрыклад, дапамагае апрацоўваць ноты, апрацоўвае  іх пад іншыя музычныя інструменты. Музыка павінна быць і жыць, упэўнена творчы педагог, бо менавіта яна развівае дзяцей, робіць іх больш яркімі і паспяховымі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика