Касцельная гара ў Крэве. Тапанімічная загадка

Источник материала:  
Да нашага часу ў гісторыі крэўскага касцёла існуе шэраг белых плямаў. Пакуль нявырашаным застаецца і пытанне пра яго першапачатковае месцазнаходжанне. Лічыцца, што першы касцёл у Крэве быў пабудаваны ў 1387 годзе. Старажытныя архіўныя дакументы і кнігі падаюць даты з яго жыцця, звесткі пра колькасць парафіянаў у розныя часы, пра касцельную маёмасць. Аднак ніводзін з дакументаў не ўдакладняе месцазнаходжанне святыні. Прынята лічыць, што ад самага пачатку знаходзілася яна на адным і тым жа месцы – у цэнтры мястэчка, непадалёк ад замка. Толькі ці адпавядае гэта рэчаіснасці?

Касцельная гара ў Крэве. Тапанімічная загадка

Пагорак Гром, што побач з гарадзішчам, – адно з верагодных месцаў размяшчэння першага крэўскага касцёла.


На развагі наводзіць адметная назва аднаго пагорка, які знаходзіцца недалёка ад гарадзішча. У наш час гэтая назва ўжо знікла з ужытку, але, як сведчыць краязнаўца Пётр Грынкевіч, той пагорак некалі называлі Касцельнай гарой. Па словах краязнаўцы, гэтая гара “знаходзіцца насупраць Высоцкага Адольфа”. Дакладна вядома, што Высоцкія заўжды жылі недалёка ад гарадзішча: спачатку - зусім побач, на Зарэчнай, а пасля - таксама непадалёк, але ўжо праз дарогу, на Смаргонскай. Так што нават не ведаючы, які з двух дамоў Высоцкіх, стары ці новы, меў на ўвазе Грынкевіч, усё адно гаворка вядзецца пра мясцовасць каля гарадзішча, пра пагорак, размешчаны зусім побач з гара­дзішчам, і які ў наш час многія называюць Громам.

Яшчэ раз вярнуцца да звесткі Грынкевіча пра Касцельную гару мяне прымусіла схема размяшчэння нямецкіх баявых пазіцый у Крэве і ваколіцах часоў Першай сусветнай вайны. Яна была знойдзена ў выдадзенай немцамі гісторыі аднаго з палкоў, які вайной стаяў тут. На ёй, непадалёку ад “Schweden Schanze” (Шведскае ўмацаванне, гарадзішча), значыцца і “Kirche” (перакладаецца як “касцёл” або “царква”).

Пра іншую назву гарадзішча пытанняў не было. Вядома, што па ўсёй Беларусі іх часта называюць то шведскімі горкамі, то шведскімі магіламі. Магчыма, падобную яго назву выкарыстоўвалі некалі і жыхары Крэва. Мяне ж больш цікавіў тапонім “Касцёл”.

Наклаўшы пры дапамозе камп’ютара нямецкую схему на сучасную тапаграфічную карту, я лёгка вызначыў, дзе знаходзіцца той пагорак на мясцовасці. Вельмі верагодна, што надзел зямлі Высоцкага мог знаходзіцца тут. Калі гэта так, то Касцельная гара – гэта і ёсць “Kirche” (Касцёл) на нямецкай схеме. Калі ж Грынкевіч меў на ўвазе ўсё ж дом Высоцкага, то гэта маглі быць два розныя тапонімы з падобнай назвай, і кожны з іх прэтэндуе на сувязь з першай у Крэве каталіцкай святыняй.

Толькі як магла ўзнікнуць тая сувязь? Да існуючага крэўскага касцёла адсюль - каля трох кіламетраў.

Верагодна, што першапачаткова тутэйшы каталіцкі храм паўстаў менавіта каля гарадзішча, колішняга сэрца паганскага Крэва. Мы ведаем, што акаталічванне прыхільнікаў старой рэлігіі было адной з умоў Крэўскай уніі. Відаць, у нашым краі такіх людзей было нямала, і Крэва ў шэрагу першых атрымала ад новаабранага польскага караля Уладыслава ІІ Ягайлы свой касцёл. Яго маглі ўзвесці на месцы, на якім дагэтуль знаходзілася паганскае капішча. Вядомы выпадкі, калі тагачасныя ўладары, прымаючы і распаўсюджваючы хрысціянства, узводзілі новыя храмы на месцах пакланення старым багам. Відаць, падобнае адбылося і ў Крэве. З часам, калі гарадзішча страціла сваю значнасць, цэнтрам паселішча зрабілася тэрыторыя ля мураванага замка. Туды ж магла быць перанесена і каталіцкая святыня. А памяць пра першы касцёл доўгі час захоўвалася ў назве пагорка, на якім ён мог размяшчацца.

Вылучыўшы дзве магчымыя кропкі месцазнаходжання першага крэўскага касцёла – “Касцельная гара”, пра якую згадвае Грынкевіч і якая месціцца побач з гарадзішчам, і “Kirche” з нямецкай схемы, што за пару соцень метраў на поўнач ад іх, я схільны да думкі, што ўсё ж першы з тапонімаў больш прэтэндуе на ролю таго аб’екта, які нас цікавіць. Больш таго, яго сучасная назва – гара Гром, калі паразважаць, таксама служыць на карысць гэтага. Словы “гром” і “пярун” у беларускай мове з’яўляюцца сінонімамі, якія абазначаюць адну і тую ж прыродную з’яву. Але не ўсе ведаюць, што другое слова ўтварылася ад імя паганскага бажаства Перуна ці Пяркунаса, калі па-літоўску. Таму магчыма, што і пагорак да з’яўлення на ім касцёла, называўся Перуновай гарой ці папросту – Перуном. Дарэчы, Адам Кіркор у сярэдзіне ХІХ ст. пісаў у кнізе “Рысы з гісторыі і жыцця літоўскага народа”, што “галоўныя храмы Пяркунаса і свяшчэнныя дубовыя гаі былі ў Крэве, Рамаве, Вільні і ў іншых месцах”.

Са з’яўленнем на пагорку з колішнім капішчам каталіцкай святыні адны пачалі называць яго гарой Касцельнай, іншыя ж працягвалі ўжываць старую назву. Пазней, калі пра паганства пачалі забываць, то забылі і ў гонар каго пагорак быў першапачаткова названы. Пачалі спачатку блытаць аднайменныя бажаство і прыродную з’яву, а затым і замяняць у тапоніме сінонімам назву той з’явы – “гром” замест “пяруна”. Не выключана, што такая падмена была зроблена наўмысна праціўнікамі старой рэлігіі.

Цікава, што ля падножжа гары знаходзіцца Вялікі Крэўскі камень, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Гэты магутны валун таксама мог мець дачыненне да рэлігіі нашых продкаў. Не выключаю, што ў паганскія часы ён размяшчаўся на вяршыні пагорка, выконваў пэўную сакральную ролю і мог мець іншую, звязаную з вераваннямі прашчураў, назву. Перад тым, як узводзіць на яго месцы каталіцкую святыню, праваднікі хрысціянства зрынулі гэты паганскі сімвал з пагорка. Той без цяжкасцей скаціўся па крутым склоне да месца, дзе ляжыць да нашага часу. Мясцовасць навокал балоцістая, таму не дзіўна, што вялікая частка цяжкага каменя знаходзіцца цяпер пад зямлёй.

Касцельная гара ў Крэве. Тапанімічная загадка

Вялікі крэўскі камень.


Яшчэ раз падкрэсліваю, што ўсё, аб чым я напісаў, – гэта ўсяго толькі мае дылетанцкія развагі.

Пацвердзіць або абвергнуць маю гіпотэзу могуць толькі спецыялісты і карпатлівае навуковае абследаванне мясцовасці. Праўда, пры гэтым непазбежна прыйдзецца сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі: у час Першай сусветнай вайны культурны пласт у Крэве быў вельмі пашкоджаны пры рыцці акопаў і ад выбухаў.

“Дык а што тады наконт тапоніма, пазначанага на нямецкай схеме як “Kirche”? - спытаеце вы. А хто сказаў, што загадка разгадана! Не будзем забывацца, што слова гэтае можна перакласці як “царква”! (а можа – “царкавішча”). Карацей кажучы, ёсць яшчэ над чым папрацаваць.

Аляксандр КАМІНСКІ.

Фота Сяргея ГАПОНА. 

←Фотограф снял зубров вблизи во время охоты. Посмотрите на этих красавцев

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика