Штогод, пачынаючы з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, 3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў.
Хаця слова “інвалід” даўно ўжо стараюцца не выкарыстоўваць і ва ўсім свеце замянілі на “чалавек з абмежаванымі магчымасцямі”. Асноўная мэта гэтага свята – ахова правоў такіх людзей, пашырэнне іх магчымасцяў удзелу ў жыцці грамадства. Для кожнай цывілізаванай дзяржавы вельмі важна, каб усе яго грамадзяне мелі аднолькавыя магчымасці, правы і свабоды, і каб людзі, якія патрабуюць асаблівай увагі, не адчувалі сябе выкінутымі на абочыну жыцця. Важна забяспечыць ім магчымасць свабодна перамяшчацца, вучыцца, працаваць, удзельнічаць у грамадскім жыцці.
У Столінскім раёне больш за 15 гадоў працуе вытворчае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Дарога ў жыццё”, дзе знайшлі сябе, работу, зносіны людзі з абмежаванымі магчымасцямі. За многія гады свайго існавання цераз прадпрыемства прайшлі дзясяткі людзей. Хтосьці не затрымаўся тут, а хтосьці працуе і сёння. З першага дня існавання. Затрымаліся тут тыя людзі, хто знайшоў сябе, заняўся любімай справай і хоча развівацца, дасягаць новых ведаў. Кіруе прадпрыемствам Мальвіна Кузьмінічна Выдрыцкая, адкрыццё прадпрыемства было яе ініцыятывай.
– Заснавальнік нашага прадпрыемства – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Наша гісторыя пачалася ў 2002 годзе, – расказвае Мальвіна Кузьмінічна. – Была патрэба ў рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі цераз працу. Трэба было заняць іх справай, каб яны адчувалі сябе карыснымі. Так з’явілася швейная майстэрня ў г. Століне, у невялічкім доміку побач з цяперашнім будынкам суда. Нам на бязвыплатнай аснове з вучылішча перадалі швейнае абсталяванне. Першы год людзі вучыліся, а потым ужо пачалі працаваць. Аформілі ўсіх цераз цэнтр занятасці насельніцтва.
З цягам часу вырашылі пашырацца. Пад цяперашнюю нашу вытворчасць – кераміку – быў напісаны праект, які выйграў у конкурсе. Былі выдзелены сродкі, на якія набылі спецыяльнае абсталяванне – муфельныя печы, ганчарныя кругі і многа іншага. Размясціліся мы з усім гэтым дабром у будынку былой вячэрняй школы ў Рэчыцы, які апошнія гадоў 10 пуставаў. Зрабілі рамонт, правялі газ, ваду, зрабілі ацяпленне, абсталявалі кухню і сталовую, каб нашы работнікі маглі паабедаць, не адрываючыся ад работы. Многім жа цяжка пайсці на абед дахаты. А ў першы час, калі тут было надта людна, прыязджалі з раёна маці з дзецьмі і прывозілі з сабой торбу прадуктаў. Пакуль дзеці працавалі, маці ім гатавалі абеды. Было весела, але крыху шумна. На жаль, цяпер тут не так многа людзей – усяго працуюць шэсць чалавек. Некаму ездзіць далёка, у кагосьці прапала жаданне ці не дазваляе стан здароўя.
Разумееце, сюды прыходзяць толькі тыя, хто жадае працаваць. Мы не прымушаем нікога. Толькі дапамагаем, вучым. Стараемся даць людзям з абмежаванымі магчымасцямі веды, занятак. Сёння нашу прадукцыю заказваюць турыстычныя кампаніі з Турава, Нясвіжа, Міра і іншых. Але, на жаль, не заўсёды своечасова разлічваюцца. Бывае, два-тры месяцы чакаем грошай за ўжо рэалізаваную кампаніямі прадукцыю. А з другога боку паглядзець – і адмовіць ім не можам, таму што ўсё застанецца ў нас на складзе. Было многа думак, а можа закрыць гэта ўсё? А куды ж дзець людзей? Што яны будуць рабіць? Так вось і працуем. І ніякіх ільгот па электраэнергіі, напрыклад, мы не маем. Ніхто не глядзіць на тое, што тут працуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Прадпрыемства – разлічвайцеся як усе. Адной толькі электраэнергіі ў месяц у нас атрымліваецца 800-1000 кВт. Дадаць яшчэ ваду, газ на ацяпленне. Выходзіць значная сума. Ёсць толькі льгота на падатак на дабаўлены кошт. Але гэта ўсё нязначна.
Канешне, мы хацелі б падняць заработную плату работнікам, але не атрымліваецца. А зарабляюць яны зараз звычайныя “капейкі”. Неяк несправядліва. Людзі робяць керамічныя вырабы рукамі, укладваюць шмат сіл і часу, а яна не цэніцца. Нават арыгінальныя рэчы каштуюць вельмі мала. Дзякуй, што нам дапамагаюць сябры з Галандыі – грамадскае аб’яднанне “Дапамога дзецям-інвалідам Століна ад царкоўнай суполкі гарадоў Хаддэнберга і Хаттэма”. Вось на днях яны заказалі ў нас вырабы на калядную тэматыку.
– Галоўны план на будучае – шукаць новыя рынкі. У гэтым вельмі вялікі ўклад маей дачкі Святланы, якая значыцца ў нас на пасадзе менеджэра па продажу. На грамадскіх падставах. Ёй, больш прагрэсіўнай у плане сеткі інтэрнэт, лягчэй адшукаць патэнцыяльных пакупнікоў. А так нашу прадукцыю можна набыць, напрыклад, у гандлёвым павільёне “Макі”, што побач з “Савушкіным” у Століне і ў іншых гандлёвых кропках. Купляйце і ведайце, што кожны выраб зроблены нашымі работнікамі з цяплом і душою.
Ракавы скачок
Летні ліпеньскі дзень 2013 года выдаўся для Аляксея Осіпава звычайным днём. Такі, як усе мінулыя. Работа, дом, адпачынак. І так з дня ў дзень. Але той выдаўся для Аляксея асаблівым – ракавым. Адзін скачок у ваду перакрэсліў планы на будучае і, як ставілі прагноз медыкі, адводзіў жыць яму не больш за два тыдні.
– Летам сябры паклікалі з сабой на “шабашку” ў Старыя Дарогі, – узгадвае падзеі пяцігадовай даўніны Аляксей. – Ну, пэўнай работы не было, таму згадзіўся. Будавалі ферму. Усё было добра, апошні дзень перад ад’ездам. Заработак амаль у кішэні. Ну, вырашылі з хлопцамі схадзіць на мясцовае возера пакупацца. Там быў драўляны мосцік да вады. Я разбегся і скочыў. І ўжо ў палёце заўважыў, як з вады з’явіўся хлопчык. Сутыкнуцца з ім – азначала нанесці яму траўму. Таму я ў апошні момант неяк крутнуўся і ўдарыўся галавой у пясок. Пачуў толькі нейкі хруст у шыі, быццам галінка дрэва пераламалася. І далей я нічога не памятаю. Калі б быў адзін, магчыма, мяне зараз тут не было б. Потым мне расказалі, што мяне, нерухомага, на паверхні вады заўважыла адна жанчына, якая адпачывала побач. Паклікала сяброў. Яны мяне дасталі і выклікалі хуткую дапамогу. Аперыраваў мяне нейрахірург з Мінска, якога спецыяльна выклікалі. Калі прыйшоў у свядомасць – не могу ні рухацца, ні гаварыць. У мяне быў асколкавы пералом шыйнага пазванка з пашкоджаннем спіннога мозгу.
Дактары сказалі маёй маці, што я не пражыву і двух тыдняў. Яна мне пра гэта толькі потым сказала, калі я пачаў самастойна рухацца. Той дзень падзяліў маё жыццё на “да” і “пасля”. Да таго дня я бегаў, працаваў сталяром і цесляром, меў сям’ю, жыў звычайным жыццём… А “пасля” я страціў амаль усё, засталіся ў маім жыцці толькі родныя – маці, брат, сястра. Я вучыўся хадзіць нанова. І ведаеш, як гэта балюча адчуваць, што ты быццам умееш хадзіць, а тут не можаш. Мозг кажа – ідзі! А ногі не слухаюцца. Было многа цяжкіх думак, аб якіх і гаварыць не хочацца. Спачатку месяц я правёў у бальніцы ў Старых Дарогах, потым яшчэ месяц у столінскай бальніцы, потым паехаў у Пінск на рэабілітацыю на два тыдні. І там недзе пасля дзён дзесяці я зрабіў свае першыя крокі. Але з дапамогай прылады. Потым “перасеў” на дзве мыліцы. А праз 1,5 года замяніў іх на палку, якую пакінуў не так даўно. Зараз хаджу без дапамогі нейкай прылады. Дома займаюся фізічнымі практыкаваннямі – ёсць велатрэнажор, адціскаюся ад падлогі, распрацоўваю рукі рознымі спружынамі і эспандэрам. Пасля траўмы я штогод праходзіў медыцынскую камісію ў Пінску, дзе мне далі групу інваліднасці. Спачатку была другая, а потым, калі я да іх прыйшоў з адной палачкай, далі трэцюю. Сказалі, што калі прыйшоў ужо не на мыліцах, то быццам бы здароўе палепшылася. Я не аспрэчваў. А цяпер мяне нават з уліку ў неўролага ў райбальніцы знялі. Значыць, здаровы!
Аб месцы, дзе зараз працую, даведаўся не так даўно. Прыкладна два гады таму. Маці падказала, што ў Рэчыцы ёсць цэнтр дапамогі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прыйшоў, агледзеўся. Вырашыў застацца. Ды і работа для мяне звычайная – ручная. Я ж вучыўся пасля школы ў вучылішчы на інкрустатара саломкі з элементамі пляцення. Ды і ў арміі служыў пагранічнікам. Таму ўсе цяжкасці мяне не пужалі. Так, спачатку было нязручна, першы год быў на працоўнай адаптацыі. А што рабіць, калі ты больш нікому не патрэбны, нідзе на работу не бяруць?
Аляксей на прадпрыемстве адказны за ўсю ляпніну, рэзку гліны. Ён стараецца ўнесці нешта сваё, арыгінальнае, у той ці іншы выраб, дадаць элементаў і дэталяў. Ёсць у Аляксея і звычайная мара – ездзіць на работу на веласіпедзе. Жыве не надта далёка (у інтэрнаце побач з СШ № 2 р. п. Рэчыца), а пешшу – цяжка, грамадскі транспарт – надакучыў. Калі б не адно “не” – няма куды ставіць веласіпед. На чацвёрты паверх не падняць, а падвала ў будынку свайго няма. Прапанавалі некалі памяшканне ў падвале, але надта ў дрэнным стане – то дзвярэй няма, то часткі перагародкі.
– Канешне, калі б не мая траўма, даўно б і сам усё адрамантаваў. Не прасіў бы нікога. Але што зробіш, калі я з цяжкасцю падымаю вядро з глінай.
Аляксей хоча рабіць вырабы на ганчарным крузе. І гліны дастаткова, і кругі імпартныя ёсць. Паспрабаваў неяк, але не хапіла моцы ў руках. Пакуль пакінуў гэтую справу. Але, магчыма, некалі вернецца да яе.
Калегі
На прадпрыемстве, акрамя Аляксея, працуюць непасрэдна з глінай Павел Мельнік з Рэчыцы, якога тут па-сяброўску завуць Паўлікам, і Дзяніс Чыжыкаў са Століна. У кожнага – свае праблемы, сваё жыццё і свой лёс. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны заняты справай, якую любяць.
Павел ніколі ў жыцці не чуў спеваў птушак, галасоў людзей, ветру. І не пачуе ніколі. Ён не можа перадаць свае пачуцці словамі, выказаць сваю думку. Але ў яго вачах адразу бачны ветлівасць, жаданне мець зносіны, якія не заўсёды добра заканчваюцца.
– Наш Паўлік у душы сваёй вельмі добры, адказны да работы, – расказвае за яго Мальвіна Кузьмінічна. – Але часам, асабліва пасля зарплаты, ён любіць крыху выпіць. І тады ў ім прачынаецца цяга да зносін. Ну, многія не ведаюць, што ён не чуе і не размаўляе, таму пачынаюцца спрэчкі. Часам і ў міліцыю трапляў. Раней гэта здаралася часцей, зараз – менш. Я не бяруся яго судзіць і нікому не трэба гэтага рабіць. Ён незвычайны, гэта зразумела. Аднойчы я абмовілася яго маці, што былі думкі, каб закрыць прадпрыемства, як яна адразу пачала адмаўляць, таму што не будзе куды ўладкаваць Паўліка. А тут ён спакойны, працуе, робіць керамічны посуд. Магчыма, менавіта з-за такіх слоў і разумення быць патрэбнымі, мы і працуем.
– Хоць Паўлік наш і не чуе, але вельмі разумее па губах. Раней мы яму пісалі на дошцы тую ці іншую просьбу, а цяпер гэта непатрэбна рабіць. Яму што скажаш – тое і выканае. Ён стараецца і цалкам адказвае за ўсе вырабы, што робяцца са шлікеру (рэдкая гліна з вялікім утрыманнем вады) і заліваюцца ў гіпсавыя формы. Усе глечыкі, збанкі, кубкі, статуэткі і многае іншае – справа яго рук. Форм у нас больш за сто, столькі ж адпаведна і відаў прадукцыі ў Паўліка. Ён малайчына, спраўляецца! І, дарэчы, Паўлік у нас з самага першага дня працуе. Гэта самы вопытны работнік. Пачынаў яшчэ ў 2002 годзе ў швейнай майстэрні. Але шыць ён не вельмі любіў, таму з радасцю пераключыўся на гліну. Магчыма, яна яму бліжэй да сэрца.
А Дзяніс штодня ездзіць на работу ў Рэчыцу са Століна. І так на працягу дзесяці гадоў. Ён дапрацоўвае высушаныя гліняныя вырабы перад адпраўкай іх у печ. Заўсёды ў гліняным пылу, але сантыметр за сантыметрам аглядае кожны кубачак, глечык і ўсё, што выходзіць з глінянай формы, каб там не засталося нічога непатрэбнага. Трэба адшліфаваць кожны квадратны сантыметр. І робіць ён гэтую справу даволі хутка, якасна і з задавальненнем. Глядзіш за яго рухамі і адчуваеш, што чалавек сапраўды шчаслівы. Захворванне ў яго нярэдкае, але цяжкае. Так, яму не наканавана лёсам стаць вучоным нейкіх навук, але ён звычайны “вучоны” ў сваёй справе.
Дзяніс у вольны час любіць пагуляць з сябрам, схадзіць на рыбалку на Копанец. Не, трафеямі пахваліцца ён не можа. Але час ад часу ходзіць закінуць вуду і глядзець у ваду.
– Там спакойна, прырода, птушкі пяюць, – гаворыць Дзяніс. – І на рабоце мне тут спакойна, сябрую з калегамі, абедаем разам. Мне ўсё падабаецца.
А яшчэ Дзянісу спакойна ў Столінскай Свята-Узнясенскай царкве. Тут яго можна сустрэць заўсёды. Дапамагае настаяцелю, прыслужвае ў храме.
– Мяне ў царкву ніхто не заводзіў, не запрашаў. Неяк самому захацелася, так і хаджу туды на кожную службу.
На пытанне: “Хто дапамагае табе ў жыцці?” – Паўлік проста адказаў: “Бог дапамагае”.
Гатовы выраб
Фінальны этап вытворчасці на прадпрыемстве – абпальванне гліны ў муфельнай печы пры тэмпературы каля тысячы градусаў. Толькі тады мы атрымліваем вядомую са старажытных гадоў кераміку. І менавіта па керамічных вырабах вучоныя даследуюць тую ці іншую цывілізацыю.
Адказны за гэтую справу Рэшад Салман. Знаёмства з ім было даволі цікавым. Мне прадставілі па-руску, як “Рашад”. Але потым у не адной з ім размове ён паставіў кропкі над “і”.
– Завуць мяне “Решад”. Але калі атрымліваў від на жыхарства ў Беларусі на мясцовай мове мяне запісалі “Рашад”. Гэтыя тонкасці мовы для мяне незразумелыя і цяпер (смяецца). Ну, няхай будзе так.
Рашад (спынімся на такім варыянце маўлення) размаўляе па-руску. Як звычайны рускі. І нават лепш за большую частку жыхароў Расійскай Федэрацыі. Ён – дыпламаваны спецыяліст, закончыў Бакінскі славянскі ўніверсітэт (Азербайджан) па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”. Носьбіт цюркскай мовы нарадзіўся ў сібірскім горадзе Ніжнявартаўску. Падчас развалу СССР бацькі пераехалі жыць у Азербайджан, дзе ён і вырас.
– Радаслоўная ў мяне надта запутаная, – расказвае Рашад. – Карані маці з Ірана, карані бацькі – з Месхеці. Падчас Другой сусветнай вайны гэтая тэрыторыя Асманскай імперыі перайшла да Грузіі. Мае дзяды аказаліся па розныя бакі граніцы. У мяне грамадзянства Турцыі. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ў 2001 годзе паехаў працаваць у Турцыю. Быў заняты ў турыстычным бізнесе. Аб’ехаў усё Міжземнаморскае ўзбярэжжа і частку Эгейскага. Быў і гідам, таму што асноўная частка турыстаў – рускія. Потым займаўся больш адміністрацыйнай справай. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай Святланай, з якой распісаліся ў кастрычніку 2007 года.
– Першы раз трапіў у Беларусь на святкаванне Новага 2011 года. На наступнае свята мы ўжо пастаянна жылі ў Беларусі. Працаваў многа дзе – выхавальнікам у дзіцячым садку ў Рэчыцы, вадзіцелем на прыватным лесаапрацоўчым прадпрыемстве. А ў вольны час дапамагаў тут жонцы па рабоце. Пачаў уцягвацца ў новую для сябе справу. Многа чаго давялося даведвацца ў інтэрнэце. І вось на працягу двух гадоў я працую тут майстрам. Работа нялёгкая і яе многа. Мне спачатку было вельмі цяжка наладзіць арганізацыю вытворчасці. Што, колькі і чаго патрэбна. Як высушыць гліняны выраб, як яго абпаліць, як нанесці паліва на выраб і зноў абпаліць. Усё гэта патрабуе ведаў і вопыту.
– Разумееш, я бачу, што і як робяць і Дзяніс, і Паўлік, і Аляксей. Гэта ручная работа, якая павінна цаніцца намнога больш. І я не магу зразумець, чаму людзі не набываюць сваё роднае, а аддаюць перавагу кітайскім вырабам сумніўнай якасці. У Турцыі ўсё наадварот. Там ніхто не купіць умоўны кітайскі кубачак за два долары, калі побач будзе стаяць родны турэцкі за тры. Яны разумеюць, што гэта іх уклад у эканоміку краіны, у якой жывуць. Канешне, хочацца, каб і тут было так.
- S. Будзем спадзявацца, што справы на гэтым маленькім прадпрыемстве пойдуць угару, і што вырабы, прайшоўшыя праз рукі гэтай невялічкай кампаніі, упрыгожаць як мага больш дамоў і кватэр не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Калі рэч зроблена з ноткай прафесіяналізму і з ноткай любові – гэта ўжо мастацтва!
Аляксандр НІКІФАРЭНКА