"Его раздражала пафосная ложь о победах". Рассказываем о писателе Вячеславе Адамчике

Источник материала:  
01.11.2018 09:30 — Новости Культуры

85 лет назад, 1 ноября 1933 года в деревне Ворокомщина (теперь Дятловский район) родился Вячеслав Адамчик. Автор романов «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца…», «Голас крыві брата твайго». Классик белорусской литературы.

Вашему вниманию — фотографии из архива кинофотофонодокументов, а также текст «Бацька», который специально подготовил для TUT.BY сын Адамчика, писатель Адам Глобус.

Вайна


Слушатель Высших литературных курсов в Москве Вячеслав Адамчик. Апрель 1964 года, Минск. Фото: Александр Дитлов, БГАКФФД

Тата верыў у сваё пакліканне — пісаць праўду пра вайну. Верыў, што ён пакажа ў творах рэальную вайну, а людзі, пабачыўшы жах і абсурднасць масавых забойстваў, паразумнеюць і будуць усімі сіламі пазбягаць ваенных канфліктаў. Тата пабачыў вайну вачыма хлопчыка, пабачыў яе зблізу, бачыў цягам сямі доўгіх галодных гадоў - з 1939-га па 1945-ы. Яго раздражняла патасная хлусня пра перамогі. Яго абуралі навыдумляныя дзівосныя героі, якіх куля не бярэ і шабля не сячэ. Тата верыў, што абраны ім накірунак правільны.

Ён памыліўся. У чарговы раз масавую свядомасць захапіла хлусня пра лёгкую вайну з ілжывааблічнымі героямі. Маладыя людзі зачытваюцца кнігамі пра прыдуманых герояў, глядзяць фільмы пра бясконцыя перамогі, ідуць ваяваць і гінуць тысячамі. Няма такога дня, каб людзі не гінулі на бясконцай вайне. Шкада, што праўда, напісаная пра жахі другой сусветнай бойні, патанула ў прапагандыстскай ілжы. Бачачы гэта, я амаль не перачытваю татавы творы пра голас крыві брата твайго, а чытаю пра песні і пах летніх траў.

Замежная прэмія

Ёе адчуваў сябе зусім кепска. Хвароба з’ядала яго хутка. Часам ён пачынаў губляць веру ў патрэбнасць уласнага жыцця. Прынамсі, мне так падавалася. Каб неяк яго падтрымаць, я вазьмі ды скажы: «Тата, табе трэба яшчэ пажыць. Трэба яшчэ прычакаць прызнання. Трэба дачакацца прэміі якой замежнай…» — «Не дадуць. Чужыя мы для іх, а чужым прэмію не даюць. На сябе варта спадзявацца. Колькі зробіш, колькі заробіш, колькі збярэш, столькі твайго і будзе, столькі ад цябе і застанецца…» Тата яшчэ нешта расказваў, разважаў пра беларускую долю. Але галоўнае я пачуў, галоўнае — «не дадуць».

Значок


Вячеслав Адамчик. Апрель 1966 года, Минск. Фото: Владимир Крук, БГАКФФД

Сяржук Сокалаў-Воюш (беларускі паэт. — Заўв. TUT.BY) прынёс у саюз пісьменнікаў на паседжанне літсуполкі «Тутэйшыя» торбу са значкамі. Тыя значкі былі зроблены ў форме бел-чырвона-белых сцяжкоў. Нацыянальнымі сцяжкамі Сокалаў-Воюш адорваў змагароў за беларушчыну. Атрымаў і я тую добра зробленую ажно ў Амерыцы ўзнагароду. Дома паказаў бацькам. Тата папрасіў значок сабе. Я падумаў, што ў Сяржука іх цэлая торба, ён мне і другі дасць. Так мой значок апынуўся ў таты.

Сокалаў-Воюш не хацеў даваць другі значок. Казаў, што я атрымаў сваю ўзнагароду, а дзве ўзнагароды нікому не даюць. Я настойваў на тым, што мой бацька большы змагар за беларушчыну, чым я з Сяржуком Сокалавым-Воюшам разам узятыя. Значок ён мне даў, і я яго насіў, ажно пакуль на нейкім пратэстным шэсці ў час тузаніны значок не адарваўся і не згубіўся. Тады на мітынгах і шэсцях было столькі сутычак, боек і хваляванняў, што я зусім не пераймаўся стратаю значка. На адным з шэсцяў на Дзень Волі я нават гадзіннік «Рада» за тысячу даляраў згубіў, і то не моцна перажываў. Жывы, здаровы, не за кратамі… На новы гадзіннік зараблю. Мітынговыя страсці паціху сышлі ў мінулае. Татаў бел-чырвона-белы значок пасля ягонай смерці маці перадала мне. Значок вярнуўся, але я яго не нашу, берагу. Ну хіба што на стогоддзе БНР чапляў на пінжак. У майго бел-чырвона-белага значка павінен быць святочны вечар, бо і ён яго заслужыў.

Словы


Вячеслав Адамчик, сотрудник журнала «Маладосць». 1974 год, Минск. Фото: Валентин Жданович, БГАКФФД

У нашай сям'і былі і засталіся татавы словы. Ён лічыў, што па-беларуску больш правільна казаць і пісаць «сыбота» замест «субота». Не прымаў слова «ладна» ў значэнні «добра». На маё «ладна», кінутае замест «так», мог раздражнёна сказаць: «Срака ў бабы ладна!» Тата адмаўляў слову «рэдкі» ў ягоным значэнні «бывае нечаста» ці «адбываецца ў вялікія прамежкі часу». У гонар таты я ў дзённіку пішу «сыбота» і сёння з гэткім словам склалася хайку:

Пляшка з-пад віна

адпачывае ў траве,

сыботні ранак…

Франтавік

У таты быў знаёмы паэт-франтавік… Жудаснае вызначэнне — франтавік. Вайна для такіх людзей пачалася і не скончылася. Яны так і не вярнуліся ў мірнае жыццё. Знаёмы франтавік меў адно вока, а замест другога насіў шкляны пратэз. Франтавік не любіў шклянае вока і, калі моцна напіваўся, даставаў з вачніцы шкляны шарык, з усяе моцы кідаў яго ў сцяну і разбіваў на дробныя аскепкі. Кожнае зазіранне ў люстэрка вяртала франтавіка на вайну. Бацька яму спачуваў, а шмат хто і падсмейваўся з дурнаватай звычкі разбіваць аб сцяну пратэз.

Матылёк

На пятнаццатыя ўгодкі татавай смерці (Вячаслаў Адамчык памёр у 2001 годзе. — Заўв. TUT.BY) я наведаў Кальварыйскія могілкі і паклаў белыя хрызантэмы на каменную шаравата-зялёную пліту… Там і ўбачыў хайку:

Над цёмнай травой,

паміж іржавых крыжоў

ляціць матылёк…

«Буду праз гадзіну»


Бригадир комплексной бригады совхоза «Ведрич» Гомельской области Герой Социалистического Труда В. Юрченко (в центре) и писатели Леонид Гаврилкин и Вячеслав Адамчик. 1977 год. Фото: Владимир Крук, БГАКФФД

Калі ўвечары тата тэлефанаваў дамоў і казаў «буду праз гадзіну», мы ведалі, што ён недзе выпівае з пісьменнікамі і вернецца позна. Мы хваляваліся — яно і зразумела, але наш тата быў чалавекам абачлівым і асцярожным. Таму «буду праз гадзіну» азначала толькі тое, што ён вернецца зусім позна і можна сядаць вячэраць без яго.

Комплекс Тэлемаха

Задумаўся над комплексам Тэлемаха — пастаяннымі пошукамі сынам свайго зніклага бацькі… Ці ёсць у мяне нешта падобнае? Так — мяне цікавяць першакрыніцы. Так — я ўвесь час заглыбляюся ва ўласнае мінулае. Так — татава творчасць і пасля ягонай смерці застаецца для мяне ўзорнай. Такой узорнай, як і жыццё маці. Такой цікавай, як жыццё маіх дзядоў. Факты з мінулага, успаміны, згадкі натхняюць на творчасць, але падобным чынам мяне натхняе і сучаснасць, натхняе навакольная зменлівая рэальнасць. Мусіць, коплекса Тэлемаха ў мяне столькі, колькі яго ёсць у самым звычайным чалавеку, не больш.

Тата і грошы

Тата быў беражлівы. Сялянская натура выяўлялася ў тым, што грошы прытрымліваліся, прыхоўваліся і не распускаліся. Разменьваючы вялікую купюру, тата цяжка ўздыхаў і казаў сваё заўсёднае: «Во! Распусціў грошы…» З-за прыхоўвання і прытрымлівання ў таты прапала досыць вялікая сума савецкіх рублёў. Перад сваім сконам савецкая імперыя абрабавала ўласных грамадзянаў. Шмат у каго ў тыя змрочныя часы грошы ператварыліся ў кавалачкі фарбаванай паперы.


Белорусские писатели (слева направо) Владимир Скоринкин, Вячеслав Адамчик, Ольга Ипатова, Алесь Ставер (1-й справа) на вечере, посвященном 60-летию СССР, в городе Березино. Октябрь 1982 года. Фото: БГАКФФД

Савецкі міністар Паўлаў (прэм'ер-міністр Валянцін Паўлаў. — Заўв. TUT.BY) позна ўвечары абвясціў, што купюры ў пяцьдзесят рублёў з наступнага дня больш не дзейнічаюць. Міністар цудоўна ведаў, што менавіта ў гэткіх купюрах народ захоўвае большую частку сваіх капіталаў. Грошы, якія народ захоўваў у банку, з’ела інфляцыя. Ці перажываў тата пра страчанае? Так. Казаў мне, што чалавек мусіць не толькі прытрымліваць і берагчы грошы, ён мусіць іх патраціць… «Колькі ты зможаш спажыць — столькі ў цябе твайго!» — казаў. І ўсё ж, з усёй татавай эканомікі мне найярчэй помніцца цяжкі ўздых і сказ з глыбокай шкадобаю: «Распусціў грошы…»

Лісты

Тата ўвесь час старанна пісаў лісты. Ён пісаў лісты пра каханне ў ціхі гарадок Скідзель да маладой бібліятэкаркі Ніны Глобус. Пісаў да бацькоў у невялічкую заходнебеларускую вёску Варакомшчыну. Пісаў з Масквы ў Мінск да мяне — тады яшчэ адзінага сына Валодзі. Пісаў і на флот да свайго малодшага брата Яна. Шмат з лістоў не захавалася. Прапалі ледзь не ўсе лісты, што тата пісаў з Нью-Йорка, калі працаваў у прадстаўніцтве ААН. Іх шкада. З таго, што засталося, я стараюся выбраць цікавейшае і апублікаваць. Недзе ў перспектыве мне бачыцца выдадзены асобнай кнігай томік лістоў Вячаслава Адамчыка. Перспектыва тая далёкая.

←В Португалии запретили выступления диких животных в цирках

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика