Верш навучэнкi Пінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ўвайшоў у зборнік «Дзеці за мір»
Эксклюзіўны зборнік вершаў пад такой назвай быў выдадзены напярэдадні Міжнароднага дня міру, які штогод адзначаецца ў Беларусі 21 верасня.
Зборнік надрукаваны па выніках рэспубліканскага паэтычнага конкурсу «Шчасце жыць у мірнай краіне», які праводзіў Беларускі фонд міру сумесна з Міністэрствам адукацыі.
Даведалася пра конкурс Наталля Сагановіч, навучэнка Пінскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Тэматыка, на якую можна было разважаць, падалася блізкай Наталлі. Гэта вечныя каштоўнасці – мір, дабрабыт, патрыятызм. Наталля гаворыць: «Пісала пра тое, што адчуваю, што было на душы».
Прыемна адзначыць, што творчасць дзяўчыны высока ацанілі не толькі на раённым, але і на рэспубліканскім узроўні. Верш Наталлі «Беларусі быць мірнай краінай» увайшоў у кнігу «Дзеці за мір».
Прэзентацыя зборніка і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання маладых аўтараў адбыліся ў Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, куды была запрошана і Наталля разам з куратарам. Для пераможцаў конкурсу правялі цікавую экскурсію, сустрэчу з выдатнымі аўтарамі Беларусі, арганізатарамі конкурсу. Кожны атрымаў унікальны падарунак – зборнік вершаў «Дзеці за мір». Дарэчы, адзін экземпляр кнігі быў перададзены ў бібліятэку ліцэя. Выданне эксклюзіўнае: купіць яго нельга, можна толькі атрымаць у падарунак.
Наталля Сагановіч
Беларусі быць мірнай краінай…
Беларусі быць мірнай краінай –
Значыць болей не зведаць вайны.
З светлай марай, з надзеяй шчаслівай,
Каб нашчадкі прайшлі скрозь гады.
Сем’ям жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць дзеткамі поўніцца дом,
І трашчаць ціха дровы ў каміне,
І праблемы рашаюць гуртом.
Птушкам жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць песціць вясной птушанят,
Гронкі ягад збіраць на каліне
Ды гняздо пільнаваць ад вар’ят.
Вёскам жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць бусел жыве ў іх штогод,
Тады вёска жыве, а не гіне:
Хоць і «агра», а ўсё ж «гарадок».
Мове жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць па-беларуску гучаць,
Бо не купіш яе ў магазіне:
Можаш толькі ад продкаў прыняць.
Дзецям жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць маці трымае рукой
На арэлях у адной палавіне,
Ну, а тата, вядома, у другой.
Марам жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць думаць аб шчасці, але:
Адзін марыць аб «лімузіне»,
А другі – пахадзіць па расе.
Кветкам жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць водар свой людзям дарыць,
Вабіць колерам, як на карціне,
Не стаптанымі ботамі быць.
Рэчкам жыць трэба ў мірнай краіне –
Значыць воды нясці ў свой шлях,
Рыбакоў сустракаць на ільдзіне,
А не ворагаў на берагах.
Людзям жыць трэба ў мірнай краіне –
Кожны дзень аб тым Бога малю!
Сонца ззяе хай на небасхіле,
А не попел і дым ад агню!
Беларусь – вобраз мірнай краіны!
Можна смела сказаць, без прыкрас:
– Нам не трэба далёкай чужбіны,
Бо тут шчасце для кожнага з нас!