“Галаском я не хвалюся, які ёсць, такім зальюся”
І сапраўды, як Тамара Аркадзьеўна заспявае, чутно па ўсім сяле. Спявала, спявае і будзе спяваць, бо вельмі ўлюблёная ў спевы. Колькі сябе памятае, у яе жыцці заўсёды прысутнічае песня.
Нарадзілася Тамара Аркадзьеўна Рудая 25 верасня ў вёсцы Расава Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці ў вялікай шматдзетнай сям’і. Бацька, Аркадзь Авер’янавіч, працаваў слесарам Васілевіцкай ГЭС, а маці, Марыя Раманаўна, вяла хатнюю гаспадарку. У сям’і было шасцёра дзяўчынак і два хлопчыкі. І ў працы, і падчас адпачынку часта спявалі. Першае знаёмства з песняй Тамара атрымала ад сваёй маці, якая хораша спявала. Яна вучыла дзяўчынак, як гатаваць, вышываць, весці хатнюю гаспадарку, так спяваць і танчыць. У Марыі Раманаўны была любімая песня “Як была малада”, якую яна любіла спяваць разам з дочкамі. А ў Тамары Аркадзьеўны найлепш атрымлівалася спяваць прыпеўкі. Яшчэ вучаніцай складала іх сама і спявала. А калі прывабная дзяўчына з чарнявымі косамі выходзіла на прыпеўкі, то на яе заўсёды заглядаліся ўсе хлопцы. Звонкі, чысты галасок западаў у душу ўсім прысутным. Яна любіла спяваць, а яе любілі слухаць.
Свае школьныя гады правяла ў Светлагорскай школе №3, пасля заканчэння якой адразу пайшла працаваць на завод “Светлагорскхімвалакно”. Як падчас вучобы, так і падчас працы Тамара Аркадзьеўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Аднойчы, калі Тамара выступала са сваімі прыпеўкамі, да яе падышоў хлопец Іван і сказаў : ”Мая жонка будзе артыстка, як ты “. Праз некаторы час, 15 мая 1975 года, з Рудым Іванам яна ўпершыню прыехала ў нашу вёску Пратасы, да яго маці. Чутка, што Іван прывёз жонку-артыстку, разляцелася па вёсцы. Паглядзець на пявунню, весялуху прышлі суседзі і радня. І сапраўды, як заспявала Тамара, то раўнадушных не знайшлося. Так засталася Тамара Аркадзьеўна ў нашай вёсцы, прыжылася. Стала адразу працаваць у лаўцы штодзённага побыту. Мабыць, з першых дзён яна – удзельніца мастацкай самадзейнасці нашага сельскага клуба, на той час кіраўніком быў Краўцоў Мікалай. Нарадзіліся у іх дзеці, усе – дзяўчынкі. Сапраўды кажуць: “Жыццё пражыць не поле перайсці”. Усяго было ў жыцці Тамары і Івана. За свае песні і прыпеўкі маладзіца не раз чула папрокі ад мужа і свякрухі. Было, што і на рэпетыцыі не пускаў, на канцэрты, але любоў да песні, танцаў і музыкі рушыла ўсе забароны.
Ішоў час, дзеці раслі, неўзабаве захварэў Іван Рыгоравіч, потым яго не стала. Маладзіца ў 35 год засталася ўдавой. Адна на чужбіне з дзецьмі. Як ёй жылося ў той час, ведае яе сяброўка па суседству Вера. Любімы занятак даваў сілы Тамары падымаць дзяцей і спраўляцца з усімі нягодамі. З захапленнем яна аддавалася любімай справе. Неаднаразова была ўдзельніцай раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прыпевачнікаў. Заўсёды выходзіла пераможцай. Шматлікія дыпломы, граматы і падарункі сведчаць пра гэта. Фестывалі “Грай, гармонік”, “Палескі трохкутнік”, “Грай, гармонік, гучы, прыпеўка”, “Берагіня” і іншыя. Таксама была пераможцай конкурсу сольных танцаў. Тамара Аркадзьеўна вельмі прыгожа танчыць “Сербіянку “, а як пачне перабіраць нагамі, такія выкрунтасы, што вачэй не можна адвесці. І так як яна танчыць, увогуле ў вёсцы такія выкрунтасы нагамі акрамя яе ніхто не можа зрабіць. А які ж яна барабаншчык, спявае сама і б’е ў бубен, тым самым дапаўняе свае прыпеўкі.
Выраслі яе дачушкі і разляцеліся з-пад матулінага крыла. Усе пайшлі замуж, маюць свае сем’і. Сорак тры гады жыве Тамара Аркадзьеўна ў нашай вёсцы. Можна сказаць, пусціла карані, бо дачка Ганна таксама засталася ў вёсцы, дзе мае сям’ю і працуе. Кожды раз, калі ўсе збіраюцца разам, дочкі з зяцямі, унукамі заўсёды слухаюць матчыны песні. Любоў да песні абудзілася толькі ў адной дачкі Іны. З матуляй яны спяваюць любімыя песні; ”Ой у полі маці жыта жала”, “Вецер вее”, “Удовушка” і шмат іншых. Да гэтага часу Тамара Аркадзьеўна з’яўляецца лідарам калектыва “ Купалінка “ Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці, душой кампаніі. Шмат хто спрабаваў спяваць прыпеўкі, але як гэта робіць Тамара Аркадзьеўна, не атрымлівалася ні ў каго.
Хочацца верыць, што спеўная нітка традыцый не абарвецца на дачцэ Іне, а чыстым, звонкім галаском зальецца прыпеўка ў выкананні ўнучкі Веранікі ці праўнучкі Міланы.
Хочацца пажадаць Тамары Аркадзьеўне:
Няхай жа жывецца, нібыта пяецца,
І шчасце сваімі рукамі куецца
Хай будзе крышталю, што ніколі не б’ецца.
Крыштальныя думкі, крыштальныя сэрцы.
Ад шчырага сэрца жадаю найболей здароўя,
І шчасця, і лепшай Вам долі!
Святлана КАТЛЯРОВА, дырэктар Пратасаўскага СДНТ.