Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)

Источник материала:  
>

Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)
Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе юбілейнае, дваццаць пятае рэспубліканскае свята пашчасціла прымаць гораду Іванава Брэсцкай вобласці.


Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)
Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)
Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе праходзіў у кантэксце тэматыкі «Мая малая радзіма». Канцэпцыя прадугледжвала паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Вельмі значна, што старажытны Янаў, як называюць яго мясцовыя жыхары, багаты сваёй спадчынай. Менавіта на Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, а таксама культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Шырока вядомы ў краіне імёны літаратараў, якіх узгадавала іванаўская зямля, – Аляксея Каўко, Міколы Федзюковіча, Міколы Панасюка, Міколы Трафімчука, Валерыя Кухарчука, Васіля Жушмы і іншых.

Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)
Гаспадары пастараліся зрабіць усё магчымае, каб на высокім узроўні правесці свята. І гэта, безумоўна, атрымалася на ўсе сто працэнтаў. Па-першае, горад расквітнеў, папрыгажэў, стаў больш утульным. Тут прайшла рэканструкцыя многіх вуліц і аб’ектаў, парка адпачынку, былі адкрыты кніжны магазін, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, абсталявана веласіпедная дарожка, з’явіліся зона для заняткаў спортам і малыя архітэктурныя формы. Змяненні закранулі таксама цэнтр Іванава – частка вуліцы 17 верасня стала пешаходнай. Па-другое, праграма святочных мерапрыемстваў была вельмі рознабаковай і насычанай, таму і іванаўцы, і шматлікія госці не сумавалі ні хвіліны.

Так, у першы дзень прайшлі навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні» і фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». А ў Варацэвічах, у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды, на міжнародны «круглы стол» «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго» сабраліся беларускія і замежныя пісьменнікі. Літаратары з Расіі, Эквадора, Казахстана, Украіны, Польшчы, Літвы, Узбекістана, Башкартастана і іншых краін абмеркавалі пытанні мастацкага перакладу, шляхі да зносін мастацкага слова розных народаў. Прыемна адзначыць, што на «круглым стале» была ўзнагароджана наша зямлячка, паэт і пера-кладчык Марыя Кобец. Ганаровую грамату рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом «Звязда» за ўмацаванне міжнародных літаратурных кантактаў і папулярызацыю беларускай літаратуры за мяжой Марыі Кобец уручыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч.

Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)
У нядзелю, 2 верасня, разгарнуліся асноўныя падзеі свята пісьменства. Удзельнікі Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў», а таксама ганаровыя госці і дэлегацыі з усіх куткоў Брэсцкай вобласці, у тым ліку Пінскага раёна і г. Пінска, прайшлі па вуліцах Іванава ўрачыстым шэсцем, прысвечаным 595-годдзю горада і юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця свята. Прывітальны адрас удзельнікам і гасцям накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка: «Гэта свята – знакавая падзея ў культурным жыцці краіны, сведчанне красы і сілы беларускай мовы, духоўных традыцый нашага народа. Многія стагоддзі пісьмовае слова перадае з пакалення ў пакаленне вечныя ідэалы прыгажосці, дабра і справядлівасці, з`яўляецца жыватворнай крыніцай мудрасці і ведаў, надзейным спадарожнікам кожнага чалавека на яго жыццёвым шляху. Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і ўзняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова. Продкі па-кінулі нам неацэнны скарб – родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа. Упэўнены, што, зберагаючы іх спадчыну, сённяшняе пакаленне беларусаў сваёй плённай стваральнай працай будзе ўмацоўваць суверэнітэт і незалежнасць Радзімы».

Са святочнай сцэны прагучалі цёплыя словы віншаванняў ад ганаровых гасцей. Так, віталі ўдзельнікаў і гледачоў намеснік Прэм’ер-міністра І.В. Петрышэнка, міністр інфармацыі А.М. Карлюкевіч, міністр адукацыі І.В. Карпенка, міністр спорту і турызму С.М. Кавальчук, старшыня Брэсцкага аблвыканкама А.В. Ліс, старшыня Іванаўскага райвыканкама Ю.Ю. Бісун, Уладыка Веніамін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі.

Юбілейны Дзень беларускага пісьменства прымаў горад Іванава (фотарэпартаж)
Затым пачалася мастацка-тэатралізаваная дзея «Малой радзіме пакланюся!», у якой, дзякуючы майстэрству артыстаў, перапляліся мінулае, сучаснаць і будучыня. Яскрава выступілі спевакі, акцёры, танцоры, вядомыя беларускія калектывы і выканаўцы – дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца, салісты Вялікага тэатра Беларусі, «Бяседа», «Беларускія песняры», Ірына Дарафеева, а таксама дзіцячыя і маладзёжныя калектывы Брэсцкай вобласці.

Тут, на галоўнай сцэне, ушанавалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» за творы, напісаныя ў 2017 годзе. Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і сімвалы Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Узнагароды лаўрэатам уручалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і сустаршыня журы прафесар Іван Саверчанка.

Увогуле, усе падзеі былі прысвечаны кнізе і прыгожаму пісьменству. Так, працаваў фестываль кнігі і прэсы, дзе госці знаёміліся з лепшымі выданнямі краіны, наведвалі прэзентацыі і музычна-паэтычныя чытанні, сустракаліся і размаўлялі з пісьменнікамі, удзельнічалі ў конкурсах, віктарынах і грамадска-культурных акцыях, глядзелі выставу абласных і раённых СМІ. Свае навінкі, бестселеры і арыгінальныя выданні прывезлі беларускія выдавецтвы. Прыцягвала ўвагу незвычайная экспазіцыя – друкарскі двор 16 стагоддзя, дзе кожны жадаючы мог пабачыць прынцып работы друкарскага станка і паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Было арганізавана гашэнне маркі і паштовага канверта, прысвечаных юбілейнаму Дню пісьменства.

На працягу ўсяго свята паўсюль гучала музыка, выступалі лепшыя народныя калектывы і выканаўцы, прадстаўлялі сваю сувенірную прадукцыю майстры Брэсцкай вобласці, праходзілі майстар-класы па традыцыйных рамёствах. Вялікі кірмаш падрыхтавалі беларускія прадпрыемствы, а пачаставацца смачнымі стравамі можна было на фэсце беларускай кухні. Прайшлі і шматлікія спартыўныя спаборніцтвы.

…У завяршэнне эстафета свята пісьменства была ўрачыста перададзена гораду Слоніму Гродзенскай вобласці.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара і Таццяны ПАЛХОЎСКАЙ.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика