У Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш адбылася сустрэча з паэткамі Валянцінай Осіпавай і Верай Буланда
З Валянцінай Дзмітрыеўнай мы сустракаліся не раз, ведаем і памятаем яе па ўласнай творчай вечарыне, якая праходзіла некалькі гадоў таму, а яшчэ – па сустрэчы, арганізаванай ёю з Людмілай Паўлікавай-Хейдаравай. А на гэты раз яна завітала да нас са сваёй сяброўкай, паэткай, артысткай беларускага тэатра, рэжысёрам шматлікіх спектакляў В.А. Буланда.
Вера – пастаянная госця нашых вераснёўскіх “Бабіных летаў”, якія збіраюцца ў Белаазёрску на “вогнішча духу” незабыўнай Ніны Мацяш. А сёлета ў Веры Аляксандраўны выйшла кніга “Лагода”. З гэтым вы-нікам сваёй літаратурнай працы паэтка прыехала да нас, пазнаёміла з новымі вершамі. А яны – з жыцця: са знаходак і страт, з любові і расчараванняў, з надзей і роспачы... Ды ўсё ж болей у паэзіі Веры Буланда аптымізму! Шмат яе вершаў з’яўляюцца песнямі. І ў сваіх сузямельцах паэтка ўслаўляе працавітасць, усёдараванне, лагоду.
“Скарбніца, скарбніца –
Родная старонка,
Ладзіцца не ладзіцца,
А спяваем звонка!”
Шчыра спавядаецца сама яна ў вершах і запрашае да гэтага ўсіх, хто таксама шукае вечныя каштоўнасці душы і духу.
Паэткі чыталі свае вершы, далучалі да вершаскладання публіку, прэзентавалі паштоўкі з беларускай тэматыкай і сімволікай беларускіх святаў пераможцам у “літаратурных спаборніцтвах”. Гучала родная беларуская мова. Мы абмяняліся з паэткамі каштоўнымі кніжнымі падарункамі і душэўнай цеплынёй.
Тамара КУЗНЯЦОВА, загадчыца бібліятэкі імя Ніны Мацяш.