На «Славянскім базары» заўсёды пануе ўнікальная атмасфера міжнацыянальнай дружбы — Лукашэнка
14.07.2018
—
Новости Культуры
На «Славянскім базары» ў Віцебску заўсёды пануе ўнікальная атмасфера міжнацыянальнай дружбы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. «Тут заўсёды пануе ўнікальная атмасфера міжнацыянальнай дружбы, якая існуе па-за дзяржаўнымі межамі, па-за палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі і перакананнямі. Віцебскі фестываль служыць самым высакародным мэтам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з году ў год «Славянскі базар» напаўняе летняе жыццё Віцебска музычнымі рытмамі, ператварае пейзажы горада над Дзвіной у вялікую творчую майстэрню, дзе мастакі адкрываюць для гасцей фестывалю свет старажытных і сучасных традыцый народнага мастацтва. «Мінулае і сучаснае не толькі ў культуры, але і ў лёсе людзей сплятаюцца тут разам, робяць гэту падзею блізкай для ўсіх, хто разумее прыроду духоўнай роднасці, ведае свае карані і шануе нацыянальную спадчыну», — сказаў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не выпадкова гісторыя фестывалю пачалася тады, калі завяршылася палітычнае жыццё дзяржавы, якая дзесяцігоддзямі аб’ядноўвала многія народы ў адну сям’ю. «І там, дзе палітыкі правялі дзяржаўныя межы, людзі знайшлі самы просты, стагоддзямі правераны спосаб захаваць добрыя, цяпер ужо суседскія адносіны — праз культурныя сувязі. На Віцебскай зямлі зарадзілася традыцыя, якая зноў змацавала славянскі свет мелодыяй любімых песень, гучаннем дзіўных галасоў, паэзіяй і музыкай душы вядомых усім аўтараў і выканаўцаў», — нагадаў беларускі лідар. Захаванае адзінства, давер і ўзаемная падтрымка народаў сталі сапраўднай апорай у станаўленні і развіцці маладых суверэнных дзяржаў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Міжнародны конкурс не толькі сабраў разам блізкіх людзей, але і прыцягнуў увагу таленавітых артыстаў з іншых куткоў зямнога шара. «Прадстаўнікі многіх краін і кантынентаў у розныя гады ўпрыгожвалі і напаўнялі музычны марафон вельмі глыбокім сэнсам, — адзначыў Прэзідэнт. — «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» — гэта жыццесцвярджальная ідэя, закладзеная ў канцэпцыю «Славянскага базару» ў год яго заснавання, і сёння застаецца вельмі актуальнай і сучаснай».
Чытаць поўнасцю: http://blr.belta.by/president/view/na-slavjanskim-bazary-zausedy-panue-unikalnaja-atmasfera-mizhnatsyjanalnaj-druzhby-lukashenka-70317-2018/
Чытаць поўнасцю: http://blr.belta.by/president/view/na-slavjanskim-bazary-zausedy-panue-unikalnaja-atmasfera-mizhnatsyjanalnaj-druzhby-lukashenka-70317-2018/