У мінулую суботу жыхары вёскі Лявонавічы адзначылі свята вуліцы Маладзёжнай. Мерапрыемства атрымалася яркім і запамінальным.
На свята вуліцы сабраліся ўсе яе жыхары, каб успомніць мінулае, парадавацца поспехам адзін аднаго і яшчэ раз пераканацца ў тым, што няма ў свеце больш прыгожага кутка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Перад пачаткам свята жыхары прыбралі свае падворкі, падрыхтавалі выставы, на якіх размясцілі самаробныя ручнікі, посцілкі, абрусы, розныя вырабы ручной работы, вышыўкі. Амаль усе двары вуліцы з 35-гадовай гісторыяй добраўпарадкаваны і радуюць аднавяскоўцаў прыгажосцю і мноствам кветак. Асабліва ўразілі ўсіх выставы Наталлі Федзічкінай, Святланы Цвірка і Галіны Дранчук.
Вітала жыхароў вуліцы Маладзёжнай кіраўнік спраў Ланскага сельвыканкама Людміла Буглай. Яна павіншавала ўсіх са святам, падзякавала за самаадданую працу, за падтрыманне парадку на падворках.
Мабыць, не было ў гэты вечар ніводнага тутэйшага жыхара, які не пачуў у свой адрас добрага слова. Дружна віталі тых, хто пакінуў добры след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на карысць роднага краю, хто выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дамогся вялікіх поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас сямей Рашатка, Леванчук, Цвірко, Чайко, Федзічкіных і іншых.
Сярод тых, каго ў той дзень ушаноўвалі, былі і шматдзетныя сем’і Гардзейчук, Ждановіч, Шалюта, Шыцька. Цёплыя і шчырыя віншаванні пачулі ў свой адрас юбіляры Уладзімір Дранчук, Ядвіга Ждановіч, Сяргей Лойка і іншыя.
Добры настрой на свяце дарылі жыхарам вёскі таленавітыя ўдзельнікі аматарскай творчасці Лявонавіцкага СДК і Салтанаўшчынскага сельскіх СК.
Дзмітрый ЯШЧАНКА.