Падзякай старшыні раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана Вера Арсаноф’еўна Мілянцей — метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Сучасная бібліятэка павінна пастаянна развівацца, вывучаць вопыт іншых бібліятэк, укараняць новыя формы і метады работы з насельніцтвам і дадатковыя паслугі. Для гэтага і існуе аддзел бібліятэчнага маркетынгу.
Напрыканцы чэрвеня за шматгадовую добрасумленную працу,значны асабісты ўклад у бібліятэчную справу і ў сувязі з юбілеем метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынту цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Вера Арсаноф’еўна Мілянцей узнагароджана Падзякай раённага выканаўчага камітэта, якую жанчыне ўручыў яго старшыня Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Вера Арсаноф’еўна – карэнная шаркаўчанка, у складзе калектыву Шаркаўшчынскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы працуе з 1991 года. Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума па размеркаванні была накіравана бібліятэкарам у Пашкоўскую бібліятэку. Праз 5 гадоў, пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску, перавялася на працу ў гарадскі пасёлак, спачатку бібліятэкарам, а потым метадыстам у метадычны кабінет ЦБС.
27 гадоў працоўнага стажу ў сістэме бібліятэк раёна наглядна прадэманстравалі: бібліятэчная работа для В. А. Мілянцей стала справай усяго жыцця. А сярод абавязкаў Веры Арсаноф’еўны – аказанне метадычнай і практычнай дапамогі супрацоўнікам сельскіх бібліятэк, курыраванне дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў, вядзенне інфармацыйнага банку дадзеных, што адлюстроўвае выкананне статыстычных паказчыкаў бібліятэчнымі ўстановамі раёна.
У свой вольны час гераіня гэтага матэрыялу захапляецца хатнімі раслінамі і кветкамі, а таксама рукадзеллем, з задавальненнем наведвае гурток “Жаночы час”, створаны пры раённай бібліятэцы. У Веры Арсаноф’еўны 2 дачкі. Старэйшая Люба – дызайнер па прафесіі, пражывае ў Мінску. Малодшая Надзея — у нашым гарадскім пасёлку.
Існуе меркаванне, што работнікі бібліятэк – гэта захавальнікі дакументальнай памяці людзей, якія і вучаць усіх нас правільна ёй карыстацца.
Па словах дырэктара Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алены Фромертас, заўсёды прафесіянальна, своечасова і якасна спраўляецца з ускладзенымі на яе абавязкамі адзін з лепшых бібліятэчных работнікаў раёна — Вера Арсаноф’еўна Мілянцей, чалавек, без сумнення, кампетэнтны ў сваёй дзейнасці, працалюбівы і ініцыятыўны. І нягледзячы на ўсе цяжкасці разам са сваімі калегамі яна шмат сіл і энергіі аддае падтрыманню станоўчага іміджу ўстановы, у якой адпрацавала амаль тры дзясяткі гадоў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.