Праляцяць непрыкметна гады,
Пераменіцца многае ў свеце,
Толькі помніць я буду заўжды
Той адзіны куток на планеце.
Той мне родны і мілы куток,
Дзе матуля мне песні спявала,
Дзе і шчасця, і болю выток,
Дзе дарогу ў жыццё я абрала…
Гэтымі пранікнёнымі словамі ў мінулую нядзелю пачалося свята вёскі Малінаўка ў Астроўскім СДК. Вядучая мерапрыемства Святлана Майсейчык не скупілася на цёплыя словы пра зямлю продкаў, працавітасць вяскоўцаў. Святочная праграма дала магчымасць у гэты дзень ушанаваць жыхароў вёскі Малінаўка ў розных намінацыях, яны атрымалі памятныя падарункі ад спонсара свята — ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”. Як адзначыў у сваім уступным слове дырэктар гаспадаркі Васіль Халопіца, падчас такога мерапрыемства кожны яшчэ раз пераконваецца: самы цудоўны куточак на свеце — той, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Ён павіншаваў вяскоўцаў і гасцей з гэтай падзеяй, пажадаў усім здароўя і сямейнага дабрабыту. Са святам усіх прысутных павіншавалі таксама старшыні Гарадзейскіх пасялковага і сельскага выканаўчых камітэтаў Уладзімір Раўбецкі і Наталля Цвірка (на фота 1).
Вёска Малінаўка мае багатую гісторыю і спачатку яна насіла назву Ябланаўшчына. Мабыць, таму, што садоў там было шмат. У 1897 годзе Ябланаўшчына — вёска у 33 двары з 199 жыхарамі Гара-дзейскай воласці Навагрудскага павета. З 1921 па 1939 гады была яна ў складзе Польшчы ў Гарадзейскай гміне Нясвіжскага павета. З 1940 года Ябланаўшчына ўваходзіла ў Астроўскі сельскі Савет Нясвіжскага раёна Баранавіцкай вобласці, з 1954-га — Мінскай вобласці. У розны час знаходзілася ў скла-дзе калгасаў імя Леніна, Малянкова, імя Дзяржынскага. У лістападзе 1960 года Ябланаўшчыну перайменавалі ў вёску Малінаўка, і зараз яна адносіцца да ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.
Помніць сёння вёска і страшныя гады вайны, помніць слёзы і гора тых, хто не дачакаўся сваіх родных. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць аднавяскоўцаў, што загінулі ў Вялікую Айчынную. Успомнілі тых, хто вярнуўся з фронту. Многія з іх атрымалі цяжкія раненні і пайшлі з жыцця ў мірны час, але іх імёны будуць назаўжды ў памяці родных і аднавяскоўцаў.
Не абмінулі ўвагай на свяце і самую старэйшую жыхарку вёскі — Ганну Пятроўну Ігнатовіч. Сёлета яна сустракае 95-ы год (на фота 7 — падарунак жанчыне ўручае мастацкі кіраўнік Астроўскага СДК Таццяна Гунько). А самым юным жыхаром вёскі з’яўляецца Саша Стасевіч (на фота 2 — з мамай Ганнай), якому зараз тры гадкі.
Далей цёплымі словамі згадваліся паважаныя матулі вёскі Малінаўка, руплівыя працаўніцы-калгасніцы: Таццяна Ільінічна Крупка (на свяце прысутнічалі яе дочкі Людміла і Тамара і праўнучка Сафійка — фота 4), Любоў Сцяпанаўна Свірыда, Яўгенія Уладзіміраўна Служалік (фота 8), Марыя Іосіфаўна Паўловіч, Яўгенія Кляменцьеўна Служалая (фота 3). За плячыма гэтых жанчын — цяжкая праца ў паляводстве і жывёлагадоўлі, клопаты пра сваю сям’ю і хатнюю гаспадарку…
На свяце прагучалі віншаванні сямейным парам, якія ўсё жыццё ідуць поруч і ў радасцях, і ў бедах. 64 гады сумеснага жыцця адзначылі сёлета Валянцін Антонавіч і Марыя Мікалаеўна Біюц, дыяментавае вяселле — Міхаіл Іванавіч і Марыя Міхайлаўна Кірэйчык. Шмат гадоў крочаць разам Яўген Яўгенавіч і Святлана Іосіфаўна Чыжэўскія, Уладзімір Уладзіміравіч і Таццяна Сцяпанаўна Яцкевіч.
Прыемныя сюрпрызы ад Гарадзейскага сельвыканкама чакалі гаспадароў падворкаў узорнага парадку. Дыпломы і падарункі атрымалі Марыя Васільеўна Лукашова, Яўгенія Уладзіміраўна Служалік і Святлана Іосіфаўна Чыжэўская.
Іскрамётныя сцэнкі, народныя і лірычныя песні, выступленні музычнага калектыву Астроўскага сельскага дома культуры і асобных салістаў — палітра фэсту была багатая. Жаночая вакальная група “Спатканне” (фота 9), удзельнікі драматычнага гуртка Вера Андрэева і Зінаіда Валочнік (фота 6), салісты Аляксандр Сукала, Марына Кунік, Аляксандр Баранаў (фота 5) з задавальненнем дарылі прысутным святочныя ўражанні і добры настрой.
Радуе, што нашы вёскі працягваюць жыць, захоўваюцца іх лепшыя традыцыі, для жыхароў і гасцей тут ладзяцца святы. Дарога да бацькоўскага парога павінна быць жаданай. Гэта маленькая радзіма, калыска дзяцінства, мілы сэрцу куточак, які нельга забыць і нічым у свеце не замяніць.
Аксана ГРОХ.