Вы заслужылі, Скорынавы!
Ну і што, што конкурс міжнародны і што там сабралася больш за паўтары сотні ўдзельнікаў з 15 краін? Хіба гэтым спалохаеш Машу Скорынаву?! У свае 10 год яна скарыла ўжо не адну музычную вяршыню, у асабістым архіве таленавітай цымбалісткі і піяністкі дзясяткі самых прэстыжных дыпломаў.
Таму і на Міжнародны конкурс юных музыкантаў “Палескі агеньчык”, які прайшоў на пачатку чэрвеня ў горадзе Драгічын Брэсцкай вобласці, вучаніца 5 класа Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Скорынава паехала без боязі.
Хаця, калі па-праўдзе, спаборнічаць нараўне з навучэнцамі цэнтральных музычных школ абласных гарадоў і школ пры кансерваторыях – справа няпростая. І адказная. Але, як заўсёды, Машу падтрымлівала яе настаўніца Ганна Сяргееўна Красоўская, разам яны прадумалі рэпертуар, даволі складаны для такой юнай піяністкі. Шмат рэпеціравалі.
І вось гучыць Моцарт (Саната фа-мажор), пальцы віртуозна выконваюць “Пасвячэнне Яну Сібеліусу” Маліноўскага, спрытна выдаюць “Такаціну” Капусціна.
Упэўненасць, добрая падрыхтоўка ў сукупнасці з прыродным талентам і артыстычнасцю піяністкі дазволілі ёй стаць на п’едэстал пераможцаў і атрымаць дыплом другой ступені.
Дарэчы, два гады таму на гэтым жа конкурсе ў намінацыі “Дэбют” Маша Скорынава змагла перамагчы ўсіх канкурсантаў і атрымаць званне лаўрэата першай ступені.
Шумілінская ДШМ вельмі ганарыцца сваёй вучаніцай, адміністрацыя школы з удзячнасцю адзначае заслугу Г. С. Красоўскай, а таксама дапамогу выкладчыцы Т. В. Гутаравай, якая дапамагала Машы рыхтавацца да конкурсу.
Нельга не адзначыць зацікаўленасць музычнай адукацыяй (сваёй, сваіх дзяцей і вучняў) і апантанасць бацькоў Машы – Алены Ігараўны і Віктара Уладзіміравіча Скорынавых, якія якраз у гэтыя дні завочна закончылі з чырвонымі дыпломамі (абодва!) Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Машэрава.
Віншуем, Скорынавы! Новых вам перамог! А яшчэ (ўлічваючы, што на вуліцы сонечныя летнія дні) – добрага адпачынку! Вы заслужылі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №47 ад 19.06.2018 г.