Нядаўна адбылася прэзентацыя новай кнігі нашай зямлячкі Алены Ігнацюк
Адбылася прэзентацыя новай кнігі нашай зямлячкі Алены Ігнацюк. Жанр кнігі,
па вызначэнні аўтара, – зімовая фантасмагорыя.
«Фантасмагорыя, – як тлумачыць Алена Аляксандраўна, – змешвае разам і сумбур, і гратэск, таксама іронію і нейкія хаатычныя інтанацыі, што прыводзяць да адчування таго, што адбудзецца нешта касмічнае». Цікава, што кніга выйшла пад псеўданімам Дора Гуш.
Алена Ігнацюк – кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Алена Аляксандраўна выкладае ў Палескім дзяржаўным універсітэце тэорыю і гісторыю сусветнай культуры і філасофію, даследуе літаратуру, культуру, мастацтва, піша вершы. Вершы Алены Ігнацюк неаднаразова друкаваліся ў беларускіх часопісах «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Дзеяслоў», «Роднае слова», «Бярозка», газеце «Літаратура і мастацтва». Яна з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Нота «ля», «Летаргія», «Будзе ўсё наадварот». Творчасць Алены Ігнацюк была высока ацэнена аўтарытэтнымі крытыкамі, сярод якіх Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Анатоль Кудравец, Валерый Грышкавец і іншыя.
Убачыўшы кнігу ўпершыню, чытач абавязкова зацікавіцца яе вокладкай, на якой адлюстравана зімовая Піна – асляпляльна чыстая, прачытаўшы зборнік, зразумее, што малюнак на вокладцы трымае ў сабе ўтоены сэнс – у кнізе праслежваецца выразны матыў «страчанага і вернутага раю», які асабліва гучны ў дзённікавых частках, такіх як «Чацвер, альбо пра тое, як выганялі Культуру» і «Шчасніца, альбо Дзень, якога ў сапраўднасці не існуе».
У кнізе «Дыярыуш для дзівалова» расказваецца аб містычных людзях, якія выганяюць з Пінска Культуру, якая нібы трапляе ў XVI стагоддзе, у час каралевы Боны, каб потым адноўленай і моцнай вярнуцца ў сённяшні горад. Чытач зразумее, што наша самабытная Культура можа знікнуць пад уплывам усялякіх постмадэрновых трэндаў. Людзі ў пагоні за папулісцкімі лозунгамі часамі становяцца такімі, як алегарычная Пустата, якую малюе пісьменніца.
Трэба адзначыць, што «Дыярыуш для дзівалова» нечым нагадвае куфар, які трымае ў сабе траекторыю сімвалічных слядоў нашай гераіні за час яе вандровак па зімоваму Пінску. А чытачу абавязкова хочацца натрапіць на кожны яе след.
Таццяна Палхоўская.
Фота аўтара.