Ушачане приняли участие в международном фестивале “Звіняць цымбалы і гармонік” в Поставах

Источник материала:  

У мінулыя выхадныя старажытныя Паставы напоўніліся гукамі народных мелодый – вось ужо ў 29 раз гэты куточак Прыдзвіння прымаў удзельнікаў міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”.

За час правядзення фэсту сваё майстэрства на ім паказалі госці з 21 краіны свету. Нам жа вельмі прыемна, што сярод нямногіх калектываў Віцебшчыны, якія атрымліваюць запрашэнні на свята, штогод ёсць ушацкія прадстаўнікі. Сёлета ў Паставах плён сваёй творчасці прадстаўлялі народны клуб нацыянальнай кухні “Прысмакі”, а таксама майстры Дома рамёстваў і народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

“Ставілі перад сабой мэту не толькі прадэманстраваць узоры старажытнага каларыту, а і пазнаёміць людзей са славутасцямі Ушацкага краю. І нам вельмі прыемна, што пра падзеі яркага пастаўскага фестывалю некаторым гасцям будуць нагадваць сувеніры, зробленыя рукамі нашых умельцаў”, – адзначаюць кіраўнік клуба “Адраджэнне” Святлана Спірыдонава і майстар Дома рамёстваў Марына Герцык.

А якое ж свята без пачастункаў? Нашы “Прысмакі” чаканыя на любым мерапрыемстве, ну а ў Паставах у іх ёсць нават свае заўзятары, якія спецыяльна шукаюць накрыты ўшацкімі гаспадынямі стол. “Сёлета наш клуб папоўніўся новымі ўдзельніцамі, – расказвае кіраўнік “Прысмакаў” Маргарыта Сазонава. – І трэба сказаць, што кулінарны дэбют дзяўчат аказаўся ўдалым: у захапленне ўсіх “дэгустатараў” прывёў чорны хлеб, які па старажытным рэцэпце выпекла Кацярына Зелянік, адразу разышоўся і пірог з журавінамі – фірмавая страва Аксаны Рудзёнак”.

Надоўга спыніліся ва ўшац­кім куточку і ­самыя каларытныя ўдзельнікі сёлетняга фестывалю – артысты танцавальнага калектыву мультыкультурнага цэнтра горада Дэлі. Госці з далёкай Індыі аказаліся вельмі добразычлівымі, з задавальненнем наладжвалі стасункі з беларусамі, пасябравалі і з ушачанкамі. Праўда, пачаставацца нашымі стравамі на змаглі, бо не ўжываюць асноўныя інгрэдыенты традыцыйнай беларускай кухні – яйкі, масла, малако, свініну. Аднак без ушацкіх гасцінцаў і сувеніраў не засталіся: індусам вельмі спадабалася наша мінералка “Вечалле”, некалькі бутэлек якой яны нават прыхапілі з сабой разам з рэкламнымі буклетамі санаторыя “Лясныя азёры”. Апроч таго ў далёкую паўднёвую краіну накіруюцца сувеніры ад ушацкіх майстроў – мяшочкі з зернем, вышытыя беларускім арнаментам. Па народных павер’ях, яны павінны прыцягваць заможнасць і багацце, а сяброўства людзей розных нацый і народаў, узаемаўзбагачэнне іх культур – гэта найкаштоўнейшы скарб.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

←Выставка акварелиста Владимира Киркевича открылась в Пинске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика