У «Вясновым букеце» – чачэрскія кветкі
Нядаўна рамеснікам і майстрам рукадзелля краю было не да сну – раней за сонейка яны прачнуліся і адправіліся ў дарогу на рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў «Вясновы букет».
Свята нацыянальных культур для чачаран не ў навінку. Яны былі першаадкрывальнікамі на самым яго пачатку, потым яшчэ не аднойчы дэманстравалі сталічным жыхарам і заезжым гасцям свае ўнікальныя шэдэўры мастацтва, а ў мінулым годзе прывезлі дадому Дыплом «За лепшую калекцыю работ». На гэты раз адзначаны Падзячным лістом і пахвалой аматараў беларускай традыцыйнай аўтэнтыкі і этнаграфіі. На форум таленту ездзілі дырэктар ЦРЭіФ Таццяна Кандрацьева з чараўніцамі «ручнога амплуа» Святланай Чвыровай, Святланай Латуцінай, а таксама выстаўлялася вышыўка крыжыкам Алы Дановіч з Залесся, прадставілі на паказ і продаж сваё рукатворнае багацце рамеснікі Жана Сотнікава і Аляксандр Плістаў. Сярод 12 раёнаў Гомельшчыны, у вялікай гушчы натоўпу каля 400 майстроў Беларусі, нашы віртуозы традыцыйных відаў народнай творчасці са сваімі вырабамі карысталіся попытам.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.