“Распахнем акенца творчасці”. Канцэртныя праграмы прадставілі “Сінькоўскі Дом культуры” і “Сольскі Дом культуры”
27 красавіка прадставілі свае канцэртныя праграмы аддзел культуры і вольнага часу “Сінькоўскі Дом культуры” і сектар культуры і вольнага часу “Сольскі Дом культуры”.
“Мне ўсё тут люба з нараджэння” - так назвалі работнікі Сінькоўскага Дома культуры сваю праграму, якая была наскрозь прасякнута прызнаннем у шчырай любові да роднага куточка зямлі, да сваёй вёскі і яе жыхароў. Цёплымі апладысментамі сутракалі гледачы кожны нумар праграмы, у якой прымалі ўдзел жаночая вакальная група “Медуніцы”, салісты, таленавітыя юныя ўдзельнікі гуртка сольнага спявання і, вядома ж, народны фальклорны калектыў в.Шутавічы. “Дакучлівыя байкі” выканалі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага гуртка “Буслянка”, а мастацкі кіраўнік установы Святлана Бабенка, яна ж здольны сцэнарыст і вядучая праграмы, прачытала цікавую сатырычную байку якая вельмі прыйшлася да густу гледачам. Фінальны нумар “ Жывіце, кахайце” у выкананні ўсіх удзельнікаў канцэрта стаў добрым пажаданнем дабрабыту і шчаслівага жыцця аднавяскоўцам.
Работнікі Сольскага Дома культуры назвалі сваю канцэртную праграму “Мая Бацькаўшчына”. Змястоўная канцэртная праграма ўразіла багаццем таленавітых выканаўцаў, якія жывуць у аграгарадку Солы. І дарослыя салісты: Т.Дзмітрук, В.Савіцкі, Т.Філіпоўскіх, і юныя спевакі М.Федаровіч, Э.Мароз, В.Чаплінская, К.Барысоўская, С.Лось,М.Яблакава, К.Урбановіч, і ўдзельнікі гурта хрысціянскай песні (кір.А.Грынчук) спявалі шчыра, ад душы, дэманструючы свае творчыя здольнасці. Якіх, як высветлілася, нямала на сольскай зямлі! Вядома ж, не абышлося без вершаў таленавітага земляка, паэта М.Дуксы. Яго верш “Пад час нягод і бездарожжа” натхнёна прачытала І.Маржалка.
Наогул, хочацца адзначыць, што ў гэтым годзе клубныя ўстановы прадстаўляюць праграмы, прысвечаныя Году малой радзімы. Напэўна таму, яны атрымоўваюцца такімі шчырымі і сардэчнымі.
Т. СЯМЕНЧАНКА, заг.аддзела метадычнай работы ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”.