Творчым калектывам Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў артысты ансамбля «Свята» апладзіравалi стоячы
Як звязаныя лёсы беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» і творчага калектыву «Красачкі» Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў? Адказ на інтрыгуючае пытанне падчас сустрэчы вядомых артыстаў і пачынаючых зорак даў дырэктар школы Пётр Саламянюк.
Ансамбль «Свята» завітаў у аграгарадок як удзельнік міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы «У будучыню – з надзеяй» і да пачатку канцэрта на мясцовай сцэне сустрэўся з выхаванцамі школы мастацтваў. Дырэктара Пятра Пятровіча госці слухалі ўважліва і з прыемным здзіўленнем. Аказваецца, некалі, больш як трыццаць год таму, ансамбль «Свята» выступаў у Парахонску. Пад уражаннем пачутага і ўбачанага ўзнікла дакучлівая ідэя стварыць нешта падобнае тут, дома. Так нарадзіліся «Красачкі» – цяпер узорны калектыў, гонар рэгіёна, чаканы госць не толькі на святочных пляцоўках Піншчыны, але далёка за яе межамі. У студзені ансамбль з поспехам з’ездзіў на каляднае свята ў Польшчу.
– Адбылася сустрэча праз трыццаць год, – скажа з гэтай нагоды ініцыятар і нязменны арганізатар сацыяльна-творчага праекту «Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця» (другі год завецца «У будучыню – з надзеяй») Кацярына Копелева, віншуючы з выдатнай падзеяй парахонцаў, якіх, як прызналася, вельмі любіць. За талент, беражлівыя адносіны да роднай зямлі і яе скарбаў, гасціннасць.
Удзельнікам ансамбля «Свята» прапанавалі міні-канцэрт калектываў школы мастацтваў. Уражаныя майстры сцэны нумар за нумарам ставілі выступоўцам адзнаку «брава». А мастацкі кіраўнік, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Кашталапаў у запале каментаваў: «І гэта ў вёсцы! Я захоплены вамі!». Дарэчы, узорны духавы аркестр, які, на здзіўленне гасцей, не з’яўляецца прафесійным, быў запрошаны на фінальны канцэрт праекту, што адбудзецца ў Мінску, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, 16 мая.
Пётр Саламянюк з удзячнасцю адзначыў, што годна выглядаць і не турбавацца аб матэрыяльным забеспячэнні юным талентам дапамагае кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі – ААТ «Парахонскае».
«Другая дзея» насычанага творчасцю дня ў Парахонску адбылася на сцэне мясцовага цэнтра культуры. На адной пляцоўцы з майстрамі – эстраднымі выканаўцамі Дзмітрыем Шуканавым, Генадзем Санько і ансамблем «Свята» – выступілі маладыя таленты раёна. У выніку ў фінал праекта ў гэтым годзе трапілі юны цымбаліст, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выхаванец Лагішынскай ДзШМ Раман Стасюкевіч і інструментальнае трыа «Пралеска» Лышчанскай ДзШМ. Усіх удзельнікаў будуць рады вітаць на мінскім міжнародным фестывалі юных талентаў, што адбудзецца ў верасні ў кожнай вобласці.
Падчас яскравага выступлення калектыву «Свята» прагучала прэм’ера песні «Малая радзіма». Відавочна, што тэма 2018 года адзываецца ў сэрцы кожнага беларуса, незважаючы на ўзрост, занятасць ў розных сферах гаспадарання, сацыяльны статус і іншыя акалічнасці. Таму і падназва сёняшніх канцэртаў праекту – «Па родных сцежках малой радзімы».
Кветкі і сувеніры шаноўным творчым гасцям з удзячнасцю і на памяць падаравала начальнік раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Галавач. А таксама перадала Парахонскай дзіцячай школе мастацтваў ад Беларускага фонду міру сертыфікат на 300 рублёў для набыцця музычнай апаратуры.
Людміла Рэбкавец.
Фота аўтара.