Каток у Духаўскім рове. Як змянілася за 50 год любімае месца адпачынку віцяблян
Здымак віцебскага фатографа Эдуарда Паляка пераносіць нас у 1966 год, калі яшчэ замест «сіняга» стаяў даволі элегантны белы дом (1), а таксама існавала паўднёвая забудова (2) плошчы Свабоды. Дарэчы, за пяцьдзясят гадоў дрэвы па ўскрайках Духаўскага рова выраслі так, што не дазваляюць паўтарыць ракурс сучаснаму фатографу — ён быў вымушаны значна павярнуць камеру ўправа.
«Прогулки по незнакомому Витебску». Жизнь города от 1950-х до 2017-го на фото Эдуарда Поляка
На пярэднім плане — галоўная спартыўная пляцоўка тагачаснага Віцебска. Зімой яна служыла канькабежцам і аматарам гульні ў хакей з мячом, а летам — футбалістам і валейбалістам.
Спорт для ўсіх
Эдуард Паляк зафіксаваў момант спаборніцтваў па бегу на каньках, за якімі назіраюць даволі шмат гледачоў. Зімой 1966-га газета «Віцебскі рабочы» пісала пра тры такія турніры.
У нататцы «Звіняць канькі» ў нумары за 8 студзеня паведамлялася, што на лёд выйшлі 38 прадстаўнікоў прадпрыемстваў. Яны разыгрывалі прызы на дыстанцыях 500 і 1500 метраў (жанчыны) і 500 і 3000 метраў (мужчыны). У абедзвюх дысцыплінах перамаглі работніца дывановага камбіната (ААТ «Віцебскія дываны») Людміла Блахіна і слесар вытворчасці № 2 станкааб’яднання Аляксандр Антоненка.
Наступным днём наймацнейшага на дыстанцыі 500 м выяўлялі 60 школьнікаў. Тут першымі сталі Ніна Тарбенка (СШ № 2) і Міхаіл Баранаў (СШ № 19).
У нядзелю, 23 студзеня, адкрылася ІІ Зімовая абласная спартакіяда калектываў фізкультуры і раёнаў. «Стройнымі радамі калона фізкультурнікаў прайшла з парку імя Фрунзе на гарадскі каток, што па вуліцы Леніна, — пісала газета. — Член штаба спартакіяды М. І. Моцны аддае рапарт загадчыку аддзела абласнога камітэта партыі У. П. Каваленку. Ад імя партыйных і савецкіх органаў т. Каваленка горача вітае фізкультурнікаў з вялікім святам і жадае ім выдатных спартыўных дасягненняў. Пад гукі гімна СССР пераможцы мінулых абласных спаборніцтваў узнімаюць флаг спартакіяды».
Спаборніцтвы адбываліся па лыжных гонках, бегу на каньках, біятлоне, хакеі з шайбай, слаламе і праходзілі некалькі дзён.
Хакеісты праводзілі турнір на стадыёне «Дынама» (зараз ЦСК). А лыжнікі стартавалі на трасе, пракладзенай каля саўгаса «Сялюты» (аграгарадок Акцябрская). Яны рабілі забег нават на марафонскую дыстанцыю 50 км. На ёй перамог ганаровы майстар спорту СССР Уладзімір Барадзей з віцебскага спартыўнага таварыства «Спартак».
Сярод канькабежцаў-аматараў на дыстанцыях 500 і 3000 метраў перамог Арнольд Жураўскі з Віцебска. У жанчын паўкіламетра хутчэй за ўсіх прабегла Валянціна Маршавіна з Аршаншчыны, а Людміла Закрэўская (Віцебскі раён) была лепшай на 1500 метраў. У камандным заліку прызёрамі сталі Віцебскі, Аршанскі і Міёрскі раёны.
Асаблівую цікавасць гледачоў выклікала выступленне на спартакіядзе паўпрафесіяналаў, якія прадстаўлялі спартыўныя таварыствы і спаборнічалі на пяці дыстанцыях. Усё «золата» ўзяла майстар спорту СССР Тамара Сталбова («Лакаматыў»). Яе аднаклубнік Віктар Хаміноў саступіў першае месца толькі на 500 метрах Уладзіміру Буткевічу («Дынама»).
Напрыканцы лютага адбыўся чэмпіянат Віцебска па каньках. Газета паведамляла: «У адсутнасці майстроў спорту Тамары Сталбовай і Віктара Хамінова маладыя адчувалі сябе вальней». У мужчын абсалютным чэмпіёнам стаў вышэйзгаданы Аляксандр Антоненка, сярод жанчын — Таццяна Ільіна (трэст № 9). Каманднае першынство ўзялі прадстаўнікі дывановага камбіната.
Канькі навыраст
Каток працаваў да позняга вечара і з’яўляўся месцам збору моладзі ў цэнтры Віцебска. Паводле ўспамінаў старажылаў, уваход быў платны. Але прайсці можна было і за так — кожны падшыванец ведаў сваю дзірку ў агароджы (3).
Канькі былі дэфіцытам, іх перадавалі ў сям'і ад старэйшых малодшым. Часам даводзілася надзяваць па дзве-тры пары шкарпэтак, каб занадта вялікія бацінкі не звальваліся з ног.
На катку часам кралі абутак, таму кампаніі падлеткаў пакідалі ля састаўленых валёнак вартаўніка, якога потым нехта падмяняў. У 1950−1960-х на катку гучалі песні «Ландыши», «Мишка-Мишка, где твоя улыбка», «Мне бесконечно жаль» і г. д.
Пасля катка можна было перабегчы вуліцу і купіць піражок у кропцы грамадскага харчавання, размешчанай на першым паверсе дома, пазначанага на здымку Эдуарда Паляка пад нумарам 1.
Страсці па футболе
У тыя гады самымі народнымі відамі спорту былі футбол і хакей з мячом. На кожным буйным прадпрыемстве абавязкова існавала свая каманда, а то і дзве-тры, якія рэгулярна праводзілі спаборніцтвы. Прычым амаль усе гульцы былі ўніверсаламі: летам ганялі мяч нагамі, зімой — клюшкай. Як расказаў Сямён Дынкін, які з пачатку 1960-х асвятляў у прэсе Віцебска спартыўныя падзеі, матчы збіралі шмат гледачоў.
Страсці кіпелі як на полі, так і па-за яго межамі. Аднойчы футбольнаму суддзі пасля матчу прыйшлося нават даць драпака ад заўзятараў, якія былі не згодныя з яго рашэннем.
У канцы 1970-х абласное аб’яднанне прафсаюзаў зрабіла праект па будаўніцтве ў Духаўскім рове чыста футбольнага стадыёна. Ён быў дастаткова танным, бо чашу арэны стварыла сама прырода, а на абсталяванне трыбун спатрэбіўся б мінімум сродкаў. Але праект не знайшоў падтрымкі.