"Купала - баян нашаніўства". Як сучаснікі крытыкавалі беларускіх класікаў
Творы Максіма Гарэцкага гучаць анахранічна, Кузьма Чорны апявае кулацкія інстынкты, а Уладзімір Караткевіч дэманструе абмежаванае гістарычнае бачанне. Крытыка сучаснікаў не шкадавала талент беларускіх пісьменнікаў і «ўзнагароджвала» іх моцнымі слоўцамі, якія часам даводзілі ажно да судовых працэсаў ці спробаў самагубства. За што і як крытыкавалі беларускіх літаратараў, TUT.BY даведаўся з падшывак газет, стосаў часопісаў і сяброўскіх успамінаў.
Янка Купала: ідэалізуе Беларуска-Літоўскую Русь і змагаецца за скварку-чарку, а таксама шпіталь ды школку для свайго героя
«Смутак і плач у творы Я. Купалы штучныя».
<…>
«Купала не ведае сапраўдных беларускіх народных песень».
З. Пяткевіч, «Янка Купала «Адвечная песня». Prawda, 1910, № 39
«Ідэолаг буржуазнага нацыянал-адраджанізму».
Л. Бэндэ, «Шлях поэты». Узвышша
«Станоўчыя ідэалы, патрабаванні паэты, ня выходзяць з рамак звычайных перадрэвалюцыйных, дробнаўласьніцкіх патрабаваньняў селяніна, які стаў адчуваць, што мужык чалавек. Яму трэба хлебца на цэленькі год, дроўцаў палена, конікам сена, капейку на зварот, лепшай, даўжэйшай зямелькі шнурок, статак скацінкі, новай хацінкі, каб красаваўся пры хатцы садок. Яму яшчэ трэба на сьвята скварка, часамі і чарку, булкі, сыру, цэлы адзетак, кніжкі для дзетак, школы, роўнай дарогі, боты на ногі, мультану жонцы на лепшы каптан, доктара, шпіталь, прытулак для старых і, нарэшце, каб беларусы людзьмі зваліся. Вось у гэтым коле патрабаваньняў, якія ня выходзяць за межы дробнаўласьніцкіх народніцка-буржуазных імкненьняў, ня ўздымаюцца на вышыню палітычных задач, і замыкаюцца ідэалы першага перыяду («Жалейкі») творчасьці Я. Купалы.
Клясавага антаганізму ўнутры беларускай вёскі Купала не заўважыў, яго творчасьць змазвала гэты антаганізм, адзіны вораг селяніна — абшарнік і паліцэйскі, ды казна са сваімі падаткамі.
Па сваім характары песьні Купалы мінорныя, сатырычна-засмучоныя, сузіральныя, а не актыўна-чынныя".
<…>
«Уплыў нашаніўскай ідэалёгіі на паэту дасягнуў такой ступені, калі паэта сам абярнуўся ў ідэалёга, баяна нашаніўства. Купала робіцца закончаным, цалкам сфармаваным нашаніўцам з усімі ўласьцівымі нашаніўцы якасьцямі. Нацыянальна-вясковая абмежаванасьць, ідэалізацыя патрыярхальна-феадальнай мінуўшчыны, Беларуска-Літоўскай Русі, абарона „самабытнасьці“ беларускага народу, а адсюль затушоўваньне клясаў і клясавай барацьбы ў беларускім народзе, скажонае мастацкае адлюстраваньне беларускай рэчаіснасьці, „маці-бацькаўшчына“, „Сьвятая Беларусь“ — вось той ідэйны і творчы багаж, якім завяршыў Купала свой дарэвалюцыйны творчы шлях».
Н. Бэндэ, «Шлях паэты». Звязда, 25 мая 1930
Максім Гарэцкі: напісаў анахранічныя творы, не вызваліўся ад нацыяналістычных тэндэнцый
«Яры нацыяналіст Гарэцкі».
Л. Бэндэ «Невуцтва і абарона нацыяналізму», 31 студзеня 1948 года, ЛіМ
«Літаратурная спадчына Максіма Гарэцкага невялікая. Яна складаецца з якіх двух дзесяткаў апавяданняў, некалькіх аповесцей, запісак і шэрага невялікіх сцэнічных твораў.
<…>
Шмат якія творы М. Гарэцкага для нашага часу гучаць ужо анахранічна, яны не могуць задаволіць сучаснага чытача ні сваім эместам, ні эстэтычнымі якасцямі.
<…>
У другой аповесці „Дзве душы“ (1919 г.) М. Гарэцкі закранае праблему беларускай інтэлігенцыі і народа. Аднак сам падыход да вырашэння такой складанай праблемы аказаўся заганным у сваёй аснове. Герой твора „мужык у панах“ Абдзіраловіч — чалавек, які адарваўся ад паноў і не прыстаў да народа. Апрача таго, у аповесці „Дзве душы“, як і ў аповесці „У чым яго крыўда?“ (1921 г.), сказаліся нацыяналістычныя тэндэнцыі, ад якіх не быў свабодны М. Гарэцкі ў сваёй творчасці».
А. Семяновіч, прадмова да «Выбранага» (1960)
Кузьма Чорны: не бачыць розніцы паміж селянінам і кулаком, апявае кулацкія інстынкты
«Вульгарная крытыка канца 20-х і пачатку 30-х гадоў папракала Чорнага ў апраўданні «кулака», «хутаранскіх настроях», «апавянні кулацкіх інстынктаў», а таксама ў «біялагізме» і «фізіялагізме», запазычаных нібыта ў французскіх пісьменнікаў-натуралістаў. «Пра адну рэакцыйную аповесць» — менавіта так, а не інакш называўся, па сутнасці, пагромны артыкул Кучара, прысвечаны «разбору» чорнаўскага «Лявона Бушмара».
М. Тычына, Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагоддзя
«Прыпоўніўшы ранейшыя творы Чорнага, такія, як зборнік апавяданьняў „Вераснёвыя ночы“, раман „Зямля“, мы адначасова прыпамінаем, што ў гэтых творах усе дзеі, паступкі, імкненьні і жаданьні людзей маюць пэўную прычынную абумоўленасьць. Яны не ўсяляюцца ў гэтых людзей „боскай сілай“, а прычынна абумоўлены фізыолёгічнымі патрэбамі ў гэтых дзеях і паступках. З гэтага пункту погляду Кузьма Чорны зьяўляецца матэрыялістам. Але з другога боку, менавіта таму, што гэтыя дзеі, жаданьні, і імкненьні абумоўлены фізыолёгічнымі асаблівасьцямі чалавека, а не соцыяльнымі, так цяжка ў апавяданьні „Верасньнёвыя ноч“ адрозьніць кулака ад селяніна-бедняка на вёсцы. Усе, і кулак, і бядняк, аднолькава адчуваюць і дзейнічаюць, падпарадкуючыся фізыолёгічнай сваёй арганізацыі. З гэтае ж прычыны цяжка адрозьніць у романе „Зямля“ кулака Сабасьціяна ад яго брата бедняка. Розьніца ў іх толькі ў працаздольансці. І вось з гэтае ж прычыны ў нас не ўзнікае нянавісьці і да кулака Бушмара, гэтага зьвера-душыцеля, зьвера-прыгнятацеля».
А. Кучар, «Пра адну рэакцыйную аповесць». Маладняк, № 1, 1931
Андрэй Мрый: салідарызуецца з паклёпамі, якія ўзводзяць на савецкую ўладу ворагі дыктатуры пралетарыяту
«Аўтар, замест таго, каб накіроўваць гастрыё сатыры на тыя ненармальныя з’явы, якія ёсць у нашай сапраўднасці, якія перашкаджаюць нашаму сацыялістычнаму будаўніцтву, высмейвае працу савецкіх устаноў і арганізацый цалкам і ў гэтым у пэўнай меры салідарызуецца з тымі паклёпамі, якія ўзводзяць на савецкую ўладу ворагі дыктатуры пралетарыяту».
К. Крапіва. Узвышша, № 1, 1931
Васіль Быкаў: робіць сур’ёзныя ідэйныя пралікі і забывае пра адказнасць перад народам
«Повесть „Мертвым не больно“ — наглядное свидетельство разлада художника с исторической истиной. Прозаик, создавший не одно полезное произведение, на этот раз пошел по узкой дорожке одностороннего изображения жизни».
«Когда отстают от времени». Правда,
27 студзеня 1967 года
«В Институте литературы им. Янки Купалы, где состоялось обсуждение повести В. Быкова „Мертвым не больно“, принципиальный разговор подменили воскурением фимиама автору и защиту его серьезных ошибок. Можно много говорить об изобразительных средствах, о тех или иных художественных приемах письма В. Быкова, о его мастерстве в лепке человеческих характеров. Но велика ли цена этим художественным средствам и приемам, если они не всегда подчинены главному — содержанию? Художник слова должен постоянно помнить о своем гражданском долге, об ответственности перед народом, делу которого он служит».
«Вопреки правде жизни», Советская Белоруссия,
8 красавіка 1966 года
«Вельмі шкада, што ў кнізе ёсць і твор, у якім не пазнаеш творчай манеры В. Быкава. Апавяданне „Адна ноч“, якое дало назву ўсяму зборніку, ужо ніяк не залічыш у творчы актыў пісьменніка, бо тут і сітуацыі надуманыя, і герой паводзіць сябе неяк дзіўна і недарэчна».
«Дзвюх праўд не бывае», Звязда,
1 лютага 1966 года
«В. Быков — автор произведений „Журавлиный крик“, „Измена“, „Третья ракета“, „Альпийская баллада“, „Мертвым не больно“, „Проклятая высота“, „Круглянский мост“ — допустил серьезные изъяны в показе войны. Концепция его произведений очень схематична, в известной мере заданна. Свой „пункт наблюдения“ В. Быков обычно переносит внутрь определенной, даже локальной ситуации, что приводит к серьезным идейным просчетам: частное выдается за общее, теряется ощущение духа целого, ощущение масштабов и исторических горизонтов нашей победы».
Аналітычная запіска з нарады ЦК КПБ, 1970
Уладзімір Караткевіч: займаецца літаратуршчынай і дэманструе абмежаванасць гістарычнага бачання
«…временами автор забывает обязательное для искусства правило: оригинальность не должна превращаться в оригинальничание, фантазия — в неуправляемое, потерявшее руль суденышко, послушное всем ветрам.
Не каждое слово является новаторством. Если вы станете глубокой ночью убеждать окружающих, что в небе сияет не луна, а солнце, это, конечно, будет «ново», но вряд ли кто-нибудь поверить подобному «открытию». Таковы, например, и некоторые открытия исторического порядка, которыми изобилует повесть «Дикая охота короля Стаха»".
<…>
«Вы готовы простить автору даже то, что он по неопытности почти повторил сюжетную схему широко известного рассказа А. Конан-Дойля „Собака Баскервиллей“».
«Повторяю: такое эпигонство можно было бы считать обычной литературщиной, если бы, кроме занимательности, автор не претендовал и на своеобразные общения исторического характера».
«Судьбы человеческие и судьбы народные». Советская Белоруссия,
9 верасня 1965 года
«Аднак вернемся да падзей 1962 года. На жаль, мая першая рэцэнзія на раман «Нельга забыць» аказалася тады і адзінай. Ацэнкі, дадзеныя ў ёй, не знайшлі падтрымкі ў друку. А можа, нават выклікалі адваротную рэакцыю. Бо праз колькі месяцаў у газеце «Советская Белоруссия» быў надрукаваны артыкул Я. Герцовіча «Пошукі, знаходкі, страты», дзе аўтару рамана былі прад’яўлены сур’ёзныя абвінавачванні. Тагачасны «афіцыйны» крытык папракаў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, у тым, што яго галоўны герой «Андрэй Грынкевіч і яго таварышы — адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест нашага мастацтва, яго ідэйная накіраванасць. Форма для іх ператвараецца ў самамэту і набывае «самастойнасць» і «незалежнасць» ад зместу, ад ідэйна-эстэтычных функцый». Галоўны герой рамана здаўся крытыку абмежаваным і глухім на ўсё «цецеруком»… У няўдалым выбары галоўнага героя, у няправільным паказе жыцця Літаратурнага інстытута абвінаваціў Караткевіча маскоўскі рэцэнзент В. Чалмаеў. Выказваліся таксама сумненні ў верагоднасці ўсяго таго, што адбывалася ў пралогу рамана.
Артыкулы Я. Герцовіча і В. Чалмаева былі ўспрыняты не як выражэнне прыватнай думкі іх аўтараў, а як дырэктыўнае ўказанне. Справа ў тым, што ў краіне тады, у канцы 1962 года, узнялася хваля барацьбы з «фармалізмам».
«Караткевічу інкрымінавалася, што ён рэалізаваў задуму толькі часткова, нават „на другім плане“ не знайшоў месца для сацыяльных „нізоў“, што ён, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру „паміж прыгоннікамі і прыгоннымі“. „Аўтар, — гаворыцца ў артыкуле, — зноў прадэманстраваў абмежаванасць свайго гістарычнага бачання, звязаўшы адной вяровачкай буйнога зямельнага магната князя Юрыя Загорскага і прыгоннага селяніна Міхала Кагута і зрабіўшы з гэтага далёка ідучыя вывады“. У апошнім абзацы сцвярджалася, што Караткевіч „паспяшаўся з публікацыяй“, што яму яшчэ трэба нямала папрацаваць над раманам, „каб у ім зліліся ў адно лёсы чалавечыя і лёсы народныя, загаварыла поўным голасам сапраўдная гісторыя“. Такім чынам, у артыкуле Герцовіча ставілася пад сумненне мастацкая і гістарычная вартасць „Каласоў…“ увогуле. Ад раманіста патрабавалася, каб ён напісаў новы, прынцыпова іншы твор».
«У лютым 1984 года, пасля смерці Ю. А. Андропава, калі яшчэ было не вядома, куды пойдзе далейшае развіццё краіны, па Беларусі пракацілася, як вызначыў Валодзя, «непамысная хваля высакоснага года». Выступаючы на семінары ў Гродне, работнік Галоўліта БССР В. Пепяляеў ахарактарызаваў Караткевіча, Адамовіча, мяне, а заадно чамусьці і Думбадзе ледзь не як ворагаў народа. Рашыўшы, што настаў яго зорны час, адзін з пісьменнікаў стаў пісаць у высокія інстанцыі палітычныя даносы. Усё гэта вельмі расстроіла Караткевіча. Пасля званка з Гродна пра тое, што гаварылася на тым семінары, ён рашыў (казаў пра гэта мне ў бальніцы), што зноў вяртаецца «сталіншчына».
А. Мальдзіс «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Карткевіча»