Падушачкі, каб жылі душа ў душачку. Віцебская сям'я шые вырабу для сну ў беларускім стылі
Некалькі гадоў запар падчас «Славянскага базару» я назірала за адной парай рамеснікаў. Муж і жонка ў строях з арнаментам вельмі хораша глядзеліся побач з падушачкамі ў беларускім стылі. Маю ўвагу адразу ж прыцягнула расцяжка, якая заклікала: «Купіце падушачку, каб жылі душа ў душачку». Падумалася, што гэтыя людзі, відаць, дакладна ведаюць, як пражыць разам шмат гадоў і захаваць цёплыя адносіны. І не памылілася. Таццяна і Леанід Пятровы вось ужо 33 гады жывуць душа ў душачку і ахвотна дзеляцца сакрэтам сямейнага шчасця.
— Мы з мужам пасля вяселля нават на дзень не разлучаліся, — усміхаецца Таццяна Пятрова. — У маладосці ў нас быў іншы сямейны бізнэс, цяпер вось шыем падушачкі. Я ж мадэльер-канструктар па адукацыі. Пачыналі са звычайных, набітых сінтэпонам. А потым неяк на лужку побач з лецішчам збіралі чабор для гарбаткі на зіму, і нарадзілася думка набіць падушкі духмянымі зёлкамі. Гэта ж які водар будзе! Спачатку пашыла дзве — сабе і мужу. Апрабавалі - спадабалася.
— І зараз дома спіце на такіх падушках?
— А як жа ж! — уступае ў размову спадар Леанід Пятроў. — Яны ж на сто працэнтаў натуральныя і экалагічныя. Нават зімой у нашай кватэры жыве лета, з водарам свежаскошанага сена, чабору, мелісы, мяты, ліпы…
— Удыхаеш гэты гаючы водар перад сном і супакойваешся, адрываешся ад дрэнных думак, клопатаў. Лепш за валяр’яну дапамагае супакоіцца. Раней я магла па некалькі разоў прачынацца сярод ночы, а цяпер забылася, што такое бяссонніца. Вось так перад сном і прыйшла ідэя: а чаму б іншых людзей не радаваць такімі падушачкамі?
Разглядаю вырабы сям'і Пятровых больш уважліва. Навалачкі ў беларускім народным стылі, што зручна, здымаюцца. А ўнутры знаходзіцца льняная падушачка з зёлкамі, у якой Таццяна Аляксандраўна пакідае адтуліну, каб можна было дадаць свой любімы водар.
— Мелісу, мяту, мацярдушку вырошчваем на лецішчы за 20 кіламетраў ад Віцебска, чабор збіраем на лузе. І адмысловы лужок у нас ёсць, дзе мы высяваем канюшыну ды іншыя мяккія травы, якімі можна набіваць падушачкі, — кажа Леанід Рыгоравіч.
— Пасля таго як пачалі рабіць падушкі з зёлкамі, відаць, зменшылася на лецішчы плошча пад бульбу?
— Вядома, прыйшлося ёй крыху пасунуцца. Хоць я яшчэ разводжу бульбу беларускіх сартоў - гэта маё хобі, — усміхаецца Таццяна Аляксандраўна. — Таму моцна не пасунеш.
— Улетку ў нас пачынаецца гарачая пара. Косім і сушым лугавыя травы, збіраем зёлкі. Пакуль жонка шые, я набіваю падушачкі, займаюся арганізацыйнымі справамі.
— Мы адно для аднаго — як правая і левая рука. Дарэчы, дачок сваіх я таксама навучыла шыць. Старэйшая — Марынка, на мінулы «Славянскі базар» пашыла льняныя падушкі з зёлкамі. Аднак у яе іншы стыль, з карункамі. Сёлета таксама прапаноўвала ёй далучацца, але ў дачкі вельмі шмат розных спраў, не паспела. Раней Марына працавала загадчыцай літаратурнага аддзела ў тэатры імя Якуба Коласа, цяпер вядзе гурток інклюзіўных танцаў «Імпэт» пры каталіцкім дабрачынным аб’яднанні «Карытас». У вольны час піша апавяданні і вершы на роднай мове. Гэта ж яна нам прыдумала слоган «Купіце падушачку, каб жылі душа ў душачку».
У гэты момант якраз падышла, каб адпусціць бацькоў на абед, іхняя дачка Марына Булатоўская.
— Мне нават нічога прыдумваць не давялося. Ёсць такі абрад — адорванне маладых на вяселлі: «Дару палена, каб муж маладую пацалаваў у калена. Дару бярозу, каб муж дадому прыходзіў цвярозы. Дару падушачку, каб жылі душа ў душачку». Гэта традыцыйная фраза, яна проста дарэчы прыйшлася. Я, хоць нарадзілася ў горадзе, з дзяцінства цікаўлюся фальклорам. Заахвочвала дзяцей, якія, як і я, прыязджалі на лета ў вёску, ладзіць канцэрты для мясцовых бабулек. Мы заходзілі ў кожную хату і спявалі ўсё, пачынаючы ад эстрадных і заканчваючы народнымі песнямі. У студэнцкія часы я з такімі ж аматарамі фальклору ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі. Цяпер спяваю ў беларускамоўным гурце «Паўночная Сухадроўка», — распавядае дзяўчына.
— І мужа знайшла сабе такога ж, беларускамоўнага, — дадае Таццяна Аляксандраўна. — Яны нават вянчаліся ў традыцыйных строях. Свайму мужу дачушка сама вышыла кашулю, сабе ж строй не паспела дарабіць, дык майстрыха ёй дапамагала. І пра сваіх бацькоў дзеці паклапаціліся, дапамаглі нам зладзіць народныя строі, каб мы таксама годна выглядалі на іх вянчанні.
— Мы з Таняй, на жаль, пакуль не размаўляем па-беларуску. Затое дочкі нашы — Марынка і Ірынка — карыстаюцца ёй у штодзённым жыцці. І нас заахвочваюць. Мы ж у іх з задавальненнем вучымся, — кажа Леанід.
— Як так атрымалася, што ў рускамоўных бацькоў дзве беларускамоўныя дачкі і зяць?
— Мама з татам хоць і не размаўляюць у штодзённым жыцці па-беларуску, але яны заўсёды шанавалі і шануюць сваё, роднае, — кажа Марына. — Беларускасць жа — гэта не толькі мова. Тата заўсёды цікавіўся гісторыяй Беларусі, у нас дома вялікая бібліятэка. Мы з мужам і сястрой пастаянна стараемся падсунуць яму нейкую беларускамоўную кніжку, бо ведаем, што ён з задавальненнем прачытае. Акрамя таго, мне пашанцавала з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі. Яна чалавек вельмі шчыры, захоплены сваёй справай.
— Марына, я назірала за вашымі бацькамі, у іх, відаць, вельмі цёплыя адносіны. Такое адчуванне, што сапраўды жывуць душа ў душачку.
— Праблемы і клопаты — яны ва ўсіх ёсць. Але галоўнае, што тата і мама вырашаюць усё праз згоду. Бацькі разам ужо больш за 30 гадоў, мы з мужам — пакуль толькі тры гады. Але, гледзячы на маму з татам, я зразумела, што галоўнае ў сям'і - доўга не трымаць крыўды. Хутка адыходзіць, хутка прабачаць. І думаць больш пра іншага: як яму будзе лепей.
— Таццяна Аляксандраўна, Леанід Рыгоравіч, мо падзеліцеся рэцэптам трывалага шлюбу?
— Рэцэптаў няма ніякіх, — Таццяна з усмешкай глядзіць на Леаніда. — Проста муж добры трапіўся. Саступаць адно аднаму трэба — гэта самае галоўнае. Не гарачыцца. Перад тым як нешта крыўднае выпаліць, палічыце да дваццаці. Супакойцеся і падумайце, што жыццё такое кароткае і не варта траціць яго на сваркі.