Скарына Алега Янкоўскага і "тусоўка" 500-гадовых. Як першадрукара ўвасаблялі ў помніках і ў кіно
Як у кожнага вялікага чалавека, пасля смерці ў Францыска Скарыны пачалося другое жыццё, не менш насычанае за першае. Пуцёўку ў вечнасць першадрукар атрымаў у тым ліку дзякуючы прадстаўнікам творчых прафесій, якія рабілі яго героем сваіх твораў. TUT.BY разам з Банкам БелВЭБ згадаў, у якіх беларускіх і замежных гарадах стаяць помнікі першадрукару і якія прыгоды былі звязаны з іх устаноўкай, як Алег Янкоўскі сыграў Скарыну ў кіно, а таксама ў якіх двух беларускіх гарадах можна ўбачыць гісторыю жыцця знакамітага палачаніна на тэатральнай сцэне.
«Пастамент помніка трэснуў за тыдзень да адкрыцця»
Першы помнік Францыску Скарыне на тэрыторыі Беларусі натуральна з'явіўся ў яго родным Полацку. Піянерам «скарыніяны» у скульптуры стаў Аляксей Глебаў, будучы народны мастак Беларусі. На яго рахунку ажно тры працы, прысвечаныя першадрукару. Адразу пасля вайны, у 1946-м, ён зрабіў з гіпсу невялікую мадэль, якую пазней адлілі ў бронзе. На ёй Скарына трымаў у руцэ глобус. У 1954-м — драўляную статую знакамітага палачаніна (абедзьве працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі). Напрыканцы 1960-х, ужо перад смерцю Глебаў выканаў мадэль помніка, якая ў 1974-м была ўсталявана ў Полацку яго вучнямі Ігарам Глебавым і Андрэем Заспіцкім. Вышыня бронзавага помніка склала 12 метраў, вышыня самой скульптуры — 5,5 метра. За яго Глебаў пасмяротна быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
Другі помнік павінен быў паўстаць у Мінску. У 1990 годзе спаўнялася 500 год са дня нараджэння Скарыны (меркавалася, што ён з’явіўся на свет каля 1490 года). Папярэдне ў беларускай сталіцы быў аб'яўлены конкурс на лепшы праект помніка. Пераможцам стаў скульптар Алесь Драганец. Помнік, створаны паводле яго праекту, адлілі ў бронзе. Але ўсталяваць насупраць Акадэміі навук, дзе папярэдне меркавалася, не змаглі. Тагачаснае кіраўніцтва акадэміі было катэгарычна супраць любой скульптуры, якая нібыта псавала архітэктурны ансамбль.
На пэўны час пра працу Драганца забыліся. Але калі ў 2005 годзе ля метро «Усход» адкрыўся новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, першадрукар быў усталяваны каля яе.
Затое ў Лідзе чакаць не сталі. Адкрыць помнік Скарыне ў пачатку 1990-х гадоў прапанавала гарадская арганізацыя «Таварыства беларускай мовы».
Праект стварыў скульптар Валяр’ян Янушкевіч, а непасрэдна ўстаноўкай помніка займаўся архітэктар Рычард Груша. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ён расказваў, як за тыдзень да ўсталявання трэснуў пастамент і давялося ехаць ва Украіну і замаўляць новы. На адкрыццё прыехаў тагачасны міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, а таксама беларусы з Аўстраліі. Гэта быў першы адкрыты помнік у незалежнай Беларусі.
Пазней эстафету падхапіў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пляцоўкай для помніка стаў унутраны дворык, які знаходзіцца паміж галоўным корпусам, будынкамі некалькіх факультэтаў і рэктарата.
У 1999 годзе там была ўшанавана памяць святой Ефрасінні Полацкай, аўтара «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага і Францыска Скарыны. Пазней да іх пачэснай кампаніі далучыліся скульптуры філосафа і асветніка Сымона Буднага, пісьменніка, асветніка і перакладчыка Васіля Цяпінскага, а таксама святога Кірылы Тураўскага. Самым маладым у гэтай суполцы — 500 гадоў, самым старэйшым — каля 900. Дарэчы, аўтарам помніка Скарыне стаў айчынны скульптар Сяргей Адашкевіч. Дзякуючы яго працы з'явілася цікавая студэнцкая традыцыя: перад іспытам трэба падысці да Скарыны і папрасіць у яго «ясную галаву» на іспыце і добрай адзнакі. Кажуць, дапамагае.
Перад эміграцыяй у Прагу — пяць гадоў на гаспадарчым двары
У 1990-я гады скульптуры Скарыны з’явіліся за межамі Беларусі. Конкурс на стварэнне манумента беларускаму першадрукару ў Празе быў аб'яўлены яшчэ ў пачатку 1990-х. Перамог праект Эдуарда Астаф’ева. Помнік быў створаны яшчэ ў 1991 годзе, калі існаваў СССР. У першыя гады незалежнасці ў Чэхіі не было беларускага пасольства, таму праект застаўся незапатрабаваным. Помнік Скарыне пяць гадоў стаяў на гаспадарчым двары. І толькі ў 1996 годзе дзякуючы намаганням пасла Беларусі ў Чэхіі Мікалая Вайцянкова велічэзная статуя (помнік з п’едэсталам складае больш за 2,5 метра ў вышыню) была ўсталявана на краю Градчан — аднаго з гістарычных раёнаў Прагі.
У 2005 годзе помнік Скарыне з'явіўся яшчэ ў адным замежным горадзе — Калінінградзе (колішнім Кёнігсбергу). У 1530 годзе друкар прыехаў туды, каб паступіць на службу да герцага Альбрэхта і заснаваць тыпаграфію. Але неўзабаве вярнуўся ў Вялікае княства Літоўскае. Прычым прыхапіўшы двух мясцовых спецыялістаў, што вельмі ўзлавала герцага. Скульптара Анатоля Арцімовіча была ўсталявана ў двары Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Цікава, што ў старажытнай Вільні (сучасным Вільнюсе), дзе Скарына друкаваў свае кнігі, асобнага помніка яму няма. Праўда, яшчэ ў 1973 годзе ў двары дома № 4 на вуліцы Stikliu, дзе ў 16 стагоддзі мясцілася друкарня Скарыны, а пазней — братоў Мамонічаў, быў усталяваны помнік «Летапісец».
Ён прысвечаны Скарыне, а таксама Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу, якія распачалі кнігадрукаванне ў Беларусі, Украіне і Расіі. Менавіта ў гэтай друкарні з'явіліся на свет легендарныя Скарынавы «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525), а пазней «Трыбунал» (1586) і «Трэці статут ВКЛ» (1588) — галоўныя заканадаўчыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага.
Дарэчы, неўзабаве ў свеце з’явіцца яшчэ адзін помнік нашаму першадрукару. Рашэннем ураду Малдовы і мэрыі муніцыпія Кішэнёў ён будзе ўсталяваны ў скверы насупраць беларускага пасольства. Вышыня помніка, аўтарам якога стане скульптар Генадзь Лойка, складзе амаль 1 метр, агульная вышыня (з пастаментам) — крыху больш за 2,5 метра. Выдаткі на распрацоўку праектнай дакументацыі для помніка, выкананне работ і ўстаноўку пастамента і бюста, а таксама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі будуць пакрытыя за кошт фінансавых сродкаў Беларусі і спонсарскай дапамогі.
Як браты Янкоўскія сталі братамі Скарынамі
Францыску Скарыне не вельмі пашанцавала з кіно. Першы дакументальны фільм пра яго з’явіўся толькі ў 1963 годзе, калі на Мінскай студыі навукова-папулярных і хроніка-дакументальных фільмаў была створана стужка «Георгій Скарына» (у савецкія часы першадрукара памылкова называлі Георгіем). Дакументальныя стужкі з'яўляліся пра яго і пазней. А вось мастацкі фільм пакуль вядомы толькі адзін. У 1970 годзе на экраны выйшаў фільм «Я, Францыск Скарына», зняты паводле рамана Міколы Садковіча і Яўгена Львова «Георгій Скарына».
Пісьменнікі пачалі працаваць над кнігай напрыканцы Другой сусветнай вайны. Адна за адной паслядоўна выходзілі тры часткі (апошняя — у 1956 годзе). Аўтары ідэалізавалі Скарыну, які паўставаў ледзь не чалавекам без заганаў і патрыётам роднага краю. Рэжысёр Барыс Сцяпанаў, які дагэтуль зняў «Альпійскую баладу» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава, запрасіў на здымачную пляцоўку двух братоў. Першадрукара іграў Алег Янкоўскі, яго брата Івана — Расціслаў Янкоўскі. Сярод акцёраў была і знакамітая Стэфанія Станюта. Стваральнікаў стужкі крытыкавалі за пэўную гістарычную недакладнасць, меладраматызм асобных сцэн і празмерную ўвагу да асабістага жыцця. Хоць вобраз Скарыны — абаяльнага, разумнага і свабодалюбівага чалавека — стаў поспехам Алега Янкоўскага.Той фільм выйшаў у 1970 годзе, але іншых мастацкіх стужак так і не з'явілася. Кінематаграфістаў не натхніў і раман Алега Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае», які ў 1989 годзе выйшаў на рускай мове ў папулярнай серыі «Жыццё знакамітых людзей». Гэта было агульнасаюзнае прызнанне. Як пісала даследчыца Ганна Навасельцава, Лойка «аб'яднаў у мастацкае цэлае навуковы пошук і вымысел, адлюстраванне гістарычных фактаў і пісьменніцкія гіпотэзы. Скарына паўстае тытанам Адраджэння».
Не вельмі Скарыне пашанцавала і ў тэатры. У 1925 годзе пісьменнік Міхайла Грамыка напісаў першую п'есу пра першадрукара: «Скарына — сын з Полацка». Яе паставілі ў БДТ-1 (цяперашні Купалаўскі тэатр). Але далей адбылася трагедыя: здзейсніўся ўсяго адзін паказ, а рукапіс, які перадалі ў Акадэмію навук, згубіўся. Сам аўтар, які зведаў рэпрэсіі, так і не змог яе аднавіць. Праз гады ён згадаў толькі некалькі радкоў: «На вежы выбiла чатыры, а доктара ўсё няма з друкарнi… I ўчора так, i сёння — кожны дзень!»
П'есу «Георгій Скарына», якую напісаў Міхась Клімковіч (аўтар слоў да гімна «Мы, беларусы…»), уключылі ў план Купалаўскага тэатра на 1946/1947 год, але так і не паставілі. Пазней п'еса ператварылася ў драматычную трылогію. Паводле яе сваячка творцы, Святлана Клімковіч, напісала лібрэта, а кампазітар Дзмітрый Смольскі — оперу «Францыск Скарына» (1980). Але да сцэны апошняя таксама не дайшла.
Крыху больш пашанцавала драматургу Алесю Петрашкевічу. Сваю ролю сыграла і яго пасада: творца пэўны час з'яўляўся загадчыкам аддзела культуры ЦК КПБ. П’есу «Напісанае застаецца» паставілі ў Гродненскім драматычным (1978) і ў Купалаўскім тэатрах (1979). У апошнім ролю Скарыны сыгралі Віктар Тарасаў і Уладзімір Рагаўцоў. А вось яго ж п’еса «Прарок для Айчыны» (1990) ужо не мела такога поспеху.
У 1990-я, ужо пасля распаду СССР, вобраз Скарыны стаў інтэрпрэтавацца больш вольна. Так, у спектаклі Рэcпyблiкaнcкага тэaтpа беларускай драматургіі «Vita brevis, aбo Нaгaвiцы cвятoгa Гeopгiя» (п'еса Мaкciма Клiмкoвiча i Мipacлaва Адaмчыка) Скарына станавіўся фрывольным фарсавым персанажам і аматарам любоўных прыгод. Напрыклад, сцэна яго дыспута з Мартынам Лютэрам была паказана праз стасункі палачаніна з жонкай апошняга.
Ужо ў наш час дадатковым штуршком да развіцця тэатральнай скарыніяны стаў конкурс п'ес «Францыск Скарына і сучаснасць», які быў аб’яўлены ў мінулым годзе. Аўтары прапанавалі журы 32 твора, прычым некаторыя з іх ужо пастаўлены на сцэне. Так, п'еса Віктара Марціновіча «Кар'ера доктара Раўса» ідзе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. А п'есу «Доктар свабодных навук» Мікалая Рудкоўскага паставілі ў Магілеўскім драматычным тэатры (назва пастаноўкі лаканічная — «Скарына»).
Пакрысе ў беларускай культурнай прасторы Скарыны становіцца ўсё больш і больш. Як кажуць, гэта яшчэ не мяжа. Скарына — той чалавек, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. А значыцца, новыя творы пра Скарыну і помнікі, прысвечаныя яму, не прымусяць сябе чакаць.
Партнёр праекта:
Банк БелВЭБ надае вялікую ўвагу пытанням карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Сацыяльная місія банка — падтрымка мерапрыемстваў, якія закліканы захоўваць і папулярызаваць беларускую гісторыю і культурную спадчыну краіны.